«2020-ты ўсё перайначыў». Браты-блізняты працавалі ў міліцыі, цяпер адзін з іх у эміграцыі праз палітыку
У 2020 годзе дзяржаўныя СМІ апісвалі прыгожую гісторыю: браты-блізняты вырашылі звязаць свой лёс з міліцыяй, каб дапамагаць людзям. «За тры месяцы ў іх 18 раскрытых злачынстваў на дваіх», — хвалілася прапаганда. Праз два гады адзін з іх — Антон Пракапенка — будзе пераплываць рэчку, каб збегчы ад сваіх абавязкаў у крымінальным вышуку, а яго брат Аляксей застанецца працаваць на пасадзе ўчастковага.
«Наша Ніва» пагутарыла з 24-гадовым Антонам Пракапенкам аб працы ў міліцыі пасля 2020-га, праслухоўванне актывістаў, рызыкоўныя ўцёкі з Беларусі, прызнанне пагрозай нацбяспекі ў Літве, стасункі з сям’ёй, а таксама пра тое, як трэба рэфармаваць сістэму МУС.
«Аднакурснікі выхваляліся: «Я дзесяць чалавек у аўтазак закінуў, а я пяць!»
І Антон, і яго брат пайшлі ў магілёўскі інстытут МУС пасля кадэцкай вучэльні. Вырашылі трымацца адзін аднаго, бо так прасцей пераадольваць любыя складанасці. Да трэцяга курса навучанне і практыкі ішлі досыць роўна, іх хвалілі і рэкамендавалі для інтэрв’ю ў СМІ як узорных будучых афіцэраў, але здарыўся 2020 год.
«У жніўні ў нас была запланаваная чарговая практыка, але замест таго, каб паехаць у РАУС, мы засталіся ў інстытуце. Не дзеля навучання — наш курс быў сярод тых, каго адпраўлялі на пратэсты.
Найперш у нашу задачу ўваходзіла ахова грамадскай бяспекі — мы стаялі ў счэпцы каля гарвыканкама, а таксама хадзілі па цэнтры, «выціскаючы» адтуль пратэстоўцаў. Выбару ці магчымасці адмовіцца ў нас не было. Кожны разумеў, што будуць наступствы».
Антон кажа, што затое ён сваімі вачыма пабачыў міліцэйскае беззаконне і загады затрымліваць людзей на пустым месцы.
«Было такое, што чалавек стаяў на прыпынку, а начальнік даваў распараджэнне яго затрымаць. І сакурснікі зрываліся, беглі навыперадкі, хто хутчэй яго ў аўтазак запхне. У мяне з гэтым была адна асацыяцыя: шалёныя сабакі, якіх адвязалі, і яны пабеглі, самі не разумеючы, што робяць. Калі мы вярталіся ў інстытут потым, аднакурснікі выхваляліся: «Я дзесяць чалавек у аўтазак закінуў, а я пяць!» Я, канечне, быў у шоку, бо ў мяне не было жадання ў такіх рэчах канкурыраваць. Потым яшчэ казалі, што ў міліцыю кідалі бутэлькі там, яшчэ нешта, маўляў, таму такі адказ. Але там, дзе я прысутнічаў, такога не пабачыў».
Сам Антон, па яго словах, дзякуючы свайму атачэнню ўжо з 2015 года разбіраўся ў палітыцы і на свае першыя ў жыцці выбары прыйшоў з асэнсаваннем, што за Лукашэнку галасаваць дакладна не будзе.
«Канечне, перад самымі выбарамі нас збірала кіраўніцтва і прамывала мазгі, «што трэба галасаваць за бацьку». Падчас навучання нас часта збіралі ў актавай залі і расказвалі, які Лукашэнка малайчына. Але ў мяне на той момант быў ужо сфармаваны светапогляд і разуменне, што адбываецца вакол, таму на мяне гэта не дзейнічала. Хаця я заўважаў, што на многіх, хто палітыкай ніяк не цікавіўся, такія выступы ўплывалі. Калі ў чалавека няма свайго меркавання, то лёгка трапіць пад любы ўплыў».
У магілёўскіх пратэстах удзельнічалі сябры Антона, і ён стараўся ім дапамагаць, чым мог: дасылаў інфармацыю, дзе плануецца размяшчэнне міліцыі і ў якой колькасці. Некалькі з блізкіх Антону людзей пацярпелі ад сілавікоў: адзін быў моцна збіты пры вобшуку губазікаўцамі.
«Пасля ўсяго гэтага хацелася сысці, але я вырашыў: вось давучуся спачатку… Была яшчэ надзея, што, можа, нешта ў Беларусі зменіцца».
«Раз на квартал даручалі ставіць людзей на праслухоўванне»
Антон скончыў інстытут у 2021 годзе і ўладкаваўся ў крымінальны вышук у Кастрычніцкі РАУС Магілёва, дзе яны з братам да гэтага праходзілі практыку. Акрамя раскрыцця крадзяжоў, рабаванняў, кібермахлярства і забойстваў, хлопцу амаль адразу сталі даручаць палітычныя кейсы.
«У асноўным такія матэрыялы праверак даставаліся ГУБАЗіКу. Але надалей начальства настойвала на тым, каб у РАУС былі і свае паказчыкі. Прыходзілі даручэнні, напрыклад, правесці ў актывістаў вобшукі ці агляд мабільных тэлефонаў. Як выглядала: ёсць нейкая справа, нам выпісваюць гэтае даручэнне. У кожнага аператыўніка свая мікразона, і калі атрымлівалася, што на маёй тэрыторыі жыве актывіст, я ім займаўся.
Звычайна я прыязджаў да людзей і адразу казаў, каб не перажывалі. Бо я свой. І мы пасядзім, паразмаўляем, складзем паперы, а потым я пішу рапарт-адпіску, што нічога не знайшоў».
Раз на квартал, расказвае Антон, ім даручалі ставіць пэўных беларусаў на праслухоўванне — звычайна гэта былі людзі, якія раней прыцягваліся да адказнасці праз палітычны актывізм ці недзе засвяціліся.
«Па ўнутраных правілах ты хаця б раз на тры дні павінен быў слухаць размовы чалавека. І ў спецыяльны сакрэтны нататнік запісваць пачутыя звесткі, кантакты — з кім ён там размаўляў.
Калі шчыра, я амаль нічога не слухаў — проста раз на тры дні рабіў выгляд. Па-першае, не хацелася губляць на гэта час, бо працы і так было шмат. Па-другое, калі ты сапраўды нешта пачуеш, то гэта ж, атрымліваецца, чалавека трэба прыцягнуць да адказнасці — па вялікім рахунку ні за што. Пры гэтым сваім сябрам і знаёмым я пастаянна даводзіў, каб яны ў чатах ці недзе яшчэ папярэджвалі людзей, што раз у квартал праводзяцца такія мерапрыемствы, каб тыя былі акуратныя».
Ваўкі, рэчка ўплаў і вышук на радзіме
У 2022 годзе Антон ужо як год працаваў у міліцыі аперупаўнаважаным, меў званне старэйшага лейтэнанта.
«Аднаго дня начальнік сказаў мне: неяк у цябе не атрымліваецца па палітычных справах. Усе твае калегі нешта раскрываюць, знаходзяць, а ў цябе нічога. Плюс неяк мяне ўжо хацелі па гэтай жа прычыне пазбавіць прэміі (апошні заробак Антона ў міліцыі склаў 1600 рублёў). Пасля гэтай размовы я зразумеў, што наступствы для мяне — справа часу. Агулам было адчуванне нібыта сядзіш на парахавой бочцы і не ведаеш, калі яна выбухне. Я задумаўся, што варта з’язджаць.
Калі глядзеў на сваіх калег, на тое, як яны да ўсяго ставіліся, я баяўся стаць такім жа. А калі заставацца працаваць, то ў любым выпадку сістэма б прымусіла выконваць загады».
Цягам месяца Антон рыхтаваўся да пераходу мяжы — збіраў рэчы, прадумваў маршрут — вырашыў рабіць усё сам, не сказаўшы пра свой намер нават самым блізкім.
«Я запланаваў усё на выходныя, але раптоўна мяне з пятніцы на суботу паставілі на суткі. Падумаў: добра, якраз з сутак будзе адсыпны і паеду ў нядзелю. Змяніўся, узяў заплечнік і торбу, паехаў да Мінска, потым да Браслава і адтуль да мяжы на таксі. Планаваў, што ўсё атрымаецца хутка, але там была балоцістая мясцовасць — прыйшлося абыходзіць вакол.
Акрамя таго, я сустрэў ваўкоў. Спачатку падумаў, што сабакі равуць, але побач не было населеных пунктаў. Таму я перастрахаваўся і залез на дрэва, чакаў недзе паўгадзіны, пакуль яны адыдуць. Было вельмі страшна. Другі раз было страшна, калі пераплываў рэчку: у мяне не было ратавальнай камізэлькі. Гэта я нешта не прадугледзеў, а торбы цягнулі ўніз. А потым я ўвогуле зачапіўся барсеткай за адну з рыбацкіх сетак — мне прыйшлося яе зняць, бо я не мог распутацца.
Ад памежнікаў пасля даведаўся, што там вакол часта ставяць рыбацкія сеткі — я выйшаў да бліжэйшай вёскі і там ужо папрасіў, каб мясцовыя звязаліся з памежнікамі».
Амаль тры дні Антон правёў у заставе, даючы інтэрв’ю прадстаўнікам міграцыі і дзяржбяспекі Літвы. Пасля гэтага яго перавялі ў лагер для бежанцаў.
«Мяне многія пыталі, навошта гэтыя складанасці, чаму я проста не звольніўся. Але я баяўся, што проста так не адпусцяць. Пачнуцца праверкі, капаць будуць пад мяне і нешта знойдуць», — прызнаецца суразмоўца.
«Брат працягваў працу ў міліцыі ўчастковым, цяпер мы не камунікуем»
З улікам таго, што Антон не паведаміў пра свой ад’езд нават бацьку і сябрам, яго абвесцілі ў вышук. Некалькі дзён абвестка пра пошукі 22-гадовага магілёўца, які сышоў з дома ў невядомым кірунку і знік, распаўсюджвалася па мясцовых пабліках.
«Потым мне расказалі, што з міліцыі прыходзілі і да нас у кватэру, і на лецішча, апытвалі сяброў наконт мяне», — расказвае Антон. «Але больш я нічога не ведаю, бо не камунікую з таго часу ні з братам, ні з бацькам, ні з сябрамі, каб нікога не падстаўляць».
На момант ад’езду Антона яго брат працягваў працу ў міліцыі ўчастковым.
«Сёння я не ведаю, кім ён працуе. Я сам вырашыў з ім нават не звязвацца для бяспекі абодвух. Агулам мы з ім былі вельмі розныя па характары заўсёды, у нас былі розныя кампаніі. І апошнім часам у нас назіраліся нязгоды і дробныя канфлікты па тэме палітыкі. Брат больш нейтральна да ўсяго ставіўся і не хацеў глыбока разбірацца ў сітуацыі ў краіне. Але ўсё ж мы з ім камунікавалі, падтрымлівалі стасункі. Пасля маёй эміграцыі наша сувязь абарвалася».
«Усе, хто парушаў закон, мусяць панесці адказнасць за свае незаконныя дзеянні»
Летам Літва адмовіла Антону ў легалізацыі, прызнаўшы яго пагрозай нацыянальнай бяспекі з забаронай на ўезд у краіну на пяць год: рашэнне па сваім кейсе ён чакаў амаль два гады. Цяпер хлопец падаўся на міжнародную ахову ў Польшчы.
«Пасля Літвы псіхалагічна цяжка, бо я столькі часу правёў у падвешаным стане. І цяпер я зноў у ім. Канечне, польскія ўлады больш лаяльна ставяцца да беларусаў, але хто ведае, што будзе заўтра. Таму складана будаваць нейкія планы. Адназначна мне хацелася б застацца ў Польшчы, тут працаваць і жыць, вучыцца далей юрыспрудэнцыі (у Літве я скончыў базавыя курсы па праваабароне ад «Вясны»). А калі зменіцца ўлада — вярнуцца ў Беларусь».
Антон кажа, што з задавальненнем працягнуў бы працу ў праваахоўных органах, але толькі калі зменіцца ўлада.
«Я прыхільнік тэорыі, што рыба гніе з галавы. Праца сама па сабе важная і цікавая. Але 2020 усё моцна перайначыў, у тым ліку стаўленне да людзей у форме. І каб змяніць гэта, трэба спачатку змяніць уладу, навесці парадак ва ўсёй сістэме. А ўсе, хто парушаў закон, мусяць панесці адказнасць за свае незаконныя дзеянні».
«Першае, што зраблю па вяртанні на радзіму — схаджу на магілу да бацькі»
Год таму ў Антона памёр бацька, і гэта для яго адно з самых балючых наступстваў зробленага выбару.
«Апошні раз я бачыў яго недзе за пару тыдняў да ад’езду. Прыехаў па традыцыі на лецішча дапамагчы. Было цяжка, таму што я разумеў, што мы больш, хутчэй за ўсё, не пабачымся — тата быў ва ўзросце, меў праблемы з сэрцам… Праз здароўе, наколькі я ведаю, ніхто і не расказваў яму, дзе я. Першае, што зраблю па вяртанні на радзіму — схаджу на могілкі, на магілу да бацькі».