Свабода быць сабой і рабіць тое, што хочацца. Як беларуска знайшла сваё месца ў Літве
«У прынцыпе, я заўсёды вельмі хацела жыць на зямлі, але мне ў Беларусі перашкаджала пастаяннае "Што скажуць людзі?" Таму што я чалавек вельмі свабодалюбівы, а ў Беларусі на мой адрас пастаянна былі нейкія заўвагі, асуджэнне, абмеркаванне».
![Фермерка Анжаліка Кедар. Фота: «Настоящее время» Фермерка Анжаліка Кедар. Фота: «Настоящее время»](/img/v1/images/6abd425e_f5e7_479d_b8c6_ba9ed7651f11_w1597_n_r1_st_s.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1732539090&w=528)
Фермерка Анжаліка Кедар. Фота: «Настоящее время»
Анжаліка Кедар — беларуска, якая некалькі гадоў таму купіла невялікую ферму ў 10 га ў Шальчынінкайскім раёне Літвы на мяжы з Беларуссю. З 2009 года яна пачала вырошчваць гародніну і прадаваць яе ў свежым і кансерваваным выглядзе. А потым завяла курэй, коз і іншых жывёл і апошнія 10 гадоў, акрамя гародніны, прадае яшчэ яйкі і малочныя прадукты.
У прынцыпе, я заўсёды вельмі хацела жыць на зямлі, я 10 гадоў марыла пра жыццё, якое ў мяне цяпер, — смяецца Анжаліка, расказваючы пра тое, як ёй прыйшла ў галаву ідэя заняцца фермерствам. — Але больш за ўсё мне ў Беларусі перашкаджала пастаяннае "Што скажуць людзі?" Таму што я чалавек вельмі свабодалюбівы, а ў Беларусі на мой адрас пастаянна былі нейкія заўвагі, асуджэнне, абмеркаванне. А потым з'явілася магчымасць набыць участак праз інтэрнэт у Літве. Я папрасіла сяброўку з'ездзіць, паглядзець, дзе гэта знаходзіцца, і яна ўсё купіла, — гаворыць жанчына ў размове з «Настоящим временем».
«Тут (у Літве) у гэтым плане свабода. Тут нікому ў асноўным няма ні да каго справы», — падкрэслівае фермерка.
«У мяне заўсёды была ідэя, як жыць і не залежаць ад сістэмы. Як вырошчваць на зямлі, каб было і прыгожа, і смачна, і карысна, і выдатна: і для душы, і для цела, — расказвае Кедар. — І вось так паступова я пачала абрастаць гаспадаркай: спачатку маленькімі цяпліцамі, потым вялікімі цяпліцамі. Пачала з некалькіх градак — і вось ужо амаль гектар займае гародніна. Былі курачкі, потым адна козачка, а цяпер ужо іх больш за дваццаць».
Акрамя коз, на ферме жывуць таксама коні, каты і сабака. А акрамя гародніны, у Анжалікі на ферме растуць... кавуны.
«Вельмі добра растуць у адкрытым грунце, — расказвае фермерка. — Іх ураджай я нават больш атрымала, чым бульбы. Так што на наступны год у мяне будзе пару толькі градак бульбы, а ўсё астатняе засаджу кавунамі. І вось гэтымі шыкоўнымі перцамі: я была ў Грузіі і на рынку купіла перцы, і цяпер усе, з кім я дзялілася, іншых перцаў зусім не хочуць вырошчваць! Таму што на адной невысокай расліне вырастае 15 штук перцаў!»
З перцаў фермерка робіць леча, якое карыстаецца вялікім попытам у літоўскіх пакупнікоў. «Усё са сваіх прадуктаў, памідораў і папрыкі!» — ганарыцца гаспадыня.
Анжаліка кажа, што ўлады Літвы ёй аказалі толькі невялікую матэрыяльную дапамогу: за 15 гадоў яна двойчы атрымала субсідыі па 15 тысяч еўра (адну — па праграме фінансавання малых фермерскіх гаспадарак). Разам — 30 тысяч еўра. У асноўным грошы пайшлі на куплю трактара і іншай тэхнікі. Але многае на ферме рабілася ўласнымі сіламі.
Глядзіце таксама
![Дэпапуляцыя ў рэгіёнах: Як яе спыніць? Лукашэнкаўскія ўлады хочуць спыніць адток людзей з рэгіёнаў. Чаму ў іх нічога не атрымаецца?](/img/v1/images/_belarus_horad_vosen_2022_fota_novy_czas__6__logo_1.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1732347480&w=660)
«Гэта бязвыплатная дапамога. Але я цяпер нават не ўяўляю, як мы без тэхнікі жылі, нават не хочацца ўспамінаць, — кажа Анжаліка. — У нас былі цяжкасці з тэхнікай, таму што ўсё вельмі дорага і адразу набыць усё, што неабходна для гаспадаркі, няма магчымасці. Але цяпер я сама працую на трактары з усімі прыладамі: і газонакасілка, і бульбасажалка, і бульбакапалка, і прычэп, яшчэ была плюшчылка, плугі, акучнік. І камяні з поля сабраць, і дровы прывезці. Ад яго вялікая дапамога, і мы цалкам незалежныя».
На пытанне, ці не стамляецца яна, Анжаліка усміхаецца:
«Я вельмі гіперактыўны чалавек, мне патрэбна гэтая фізічная нагрузка, — заўважае яна. — Але я фізічнай нагрузкай не перагружаюся, таму што я жанчына: я не хачу працаваць як конь або губляць жаночае аблічча».
Ферма Анжалікі знаходзіцца проста побач з мяжой, таму раней яна баялася, як бы яе коні не ўцяклі ў Беларусь.
«Гэта было самае вялікае перажыванне: а раптам яны пабягуць, што будзе? Але цяпер я спакойная. Усё абгароджана, яны нікуды не ўцякуць», — кажа гаспадыня, паказваючы на трывалы плот, які літоўскія ўлады ўсталявалі на мяжы, калі адносіны паміж ЕС і Беларуссю абвастрыліся.
Анжаліка кажа, што хоча адкрыць на ферме нешта накшталт кантактнага заапарка. Яна гаворыць, што сучасным дзецям вельмі не хапае кантакту з жывёламі, у тым ліку тактыльнага. І яна хоча даць гарадскім дзецям магчымасць уліцца ў вясковае жыццё на некалькі гадзін або дзён.
Глядзіце таксама
![Цана экаежы. Як вырошчваецца экапрадукцыя без хіміі Цана экаежы. Як вырошчваецца экапрадукцыя без хіміі](/img/v1/images/zdorovoe_pitanie.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
«Яны змогуць паспрабаваць гародніну, нешта прыгатаваць з яе, пакатацца на конях, пагуляць з козачкамі, — пералічвае Анжаліка. — І тады яны ўжо па-іншаму сутыкнуцца з зямлёй і з такім жыццём, і яно не так будзе іх палохаць. І гэта дае адразу шмат станоўчых эмоцый».
Калі яе пытаюцца, ці не сумна ёй і ці не цягне яе назад у горад, фермерка усміхаецца:
«Сваім жыццём, сваёй дзейнасцю я вельмі задаволеная, — падкрэслівае Анжаліка. — Я хачу жыць менавіта так, як я цяпер жыву, на хутары з жывёламі, з гэтай вялікай гаспадаркай, з гэтай цішынёй, з гэтай незалежнасцю. Без тэлевізара я ўжо два гады жыву. Гэта вельмі аддаленае ад усяго, ад усёй цывілізацыі месца».
Адзінае, чаго Анжаліцы не хапае, паводле яе слоў, – энергіі. Таму яе галоўны праект на наступны год — сонечныя батарэі ў дадатак да генератара.