Чаму цяпер? Гісторыі айцішнікаў, якія пераехалі з Беларусі у 2024 (некаторыя ўжо вярнуліся)
«Чаму цяпер?» — спыталі журналісты dev.by у айцішнікаў, якія пераехалі з Беларусі сёлета. На кліч адгукнуліся тры чалавекі. Спойлер: адзін з іх у выніку жыве на дзве краіны (Польшчу і Беларусь), а другі ўжо вярнуўся назад — але, магчыма, ненадоўга.
«Адседзеў тры месяцы — потым атрымаў „умоўнае“, і стаў невыязным»
Яхім (імёны змененыя), бэкэнд-распрацоўшчык:
— Пасля выбараў 2020 года я трапіў у турму. Адседзеў тры месяцы — а потым атрымаў «умоўнае», і стаў невыязным аж да сакавіка 2023 года.
Калі тэрмін забароны на выезд з краіны выйшаў, я стаў рабіць дакументы на візу PBH. Пакуль «лавіў» даты на падачу, праграму PBH скасавалі. Пачаў рабіць працоўную візу праз інкубатар. Сабраў дакументы — і… паўгода лавіў даты, змяніў трох «дапамагатараў». У выніку, пакуль усё гэта цягнулася, кампанія, на якую я меўся працаваць праз інкубатар, закрылася.
А візу атрымаць удалося з дапамогай манеўру са зменай прапіскі: рэч у тым, што ў Гродзенскай і Брэсцкай абласцях дату «злавіць» лягчэй, але, паводле новых правілаў візавых цэнтраў, туды могуць падавацца толькі мясцовыя жыхары. Вось я і стаў берасцейцам. Выявілася, гэта няцяжка: за дзень зрабілі мне рэгістрацыю.
А далей дзела было за малым. У выніку я атрымаў працоўную візу на запрашэнне ад інкубатара.
Тры тыдні як я пераехаў. Жыву ў знаёмых, шукаю жытло, а потым буду шукаць працу.
Якія планы? Атабарыцца патроху, з часам я хацеў бы Blue Card. Далёка не зазіраю, у марах — пераезд у Берлін або назад у «новую» Беларусь.
«З’ехаў адзін, сацыялізавацца складана. Жыў на дзве краіны: месяц тут, месяц — у Беларусі»
Міхаіл, распрацоўшчык:
— Я ў гэтым годзе пераехаў у Польшчу. А пачалося ўсё з таго, што мінулай восені я падаўся на візу PBH — і атрымаў (мне далі на год, віза скончылася якраз на пачатку кастрычніка).
Я фрылансер, усё жыццё працую на Upwork або дзесьці побач, але ад пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне працаваць з Беларусі стала значна складаней. Паспрабаваў Грузію — аднак хапіла трох тыдняў, каб зразумець, што гэта не тая краіна, дзе я б хацеў застацца надоўга.
9 месяцаў таму я перабраўся ў Польшчу. Плачу там падаткі, зразумела, маю PESEL. Працую ўсё гэтак жа праз Upwork як фрылансер — у мясцовыя кампаніі ўладкавацца, на жаль, не атрымліваецца. Пры канцы мая падаўся на ДНЖ — чакаю рашэння.
Я з’ехаў адзін, сацыялізавацца неяк складана — усе зносіны складваюцца ў мігранцкай «бурбалцы», а мясцовыя жыхары на кантакт ідуць неахвотна.
Я разлічваў, што хутка завяду новыя знаёмствы — «ціндарам карыстацца ўмею, у рэшце рэшт», дый менталітэт і мовы, здаецца, падобныя, калі што, у мяне добрая англійская — размаўляць зможам. Але не! Усе мае новыя знаёмыя — імігранты з Беларусі і Украіны. Калі схаваць усе прыкметы, што ты прыезджы, — то знаёмствы пачынаюцца… але адразу сканчаюцца, як толькі ўсплывае, што ты не мясцовы.
Нейкі час, пакуль мая віза яшчэ не скончылася, я жыў на дзве краіны: месяц тут, месяц у Беларусі — і палову часу правёў у выніку ў Мінску.
Мае планы — так ці інакш жыць на дзве краіны. У кожнай з іх свае перавагі і недахопы, але я хачу браць найлепшае ад кожнай. Магчыма, зімой, калі будзе ДНЖ, атрымаецца кудысьці яшчэ з’ездзіць.
«У жонкі спецыфічны пратакол вядзення родаў па стане здароўя — вырашылі вярнуцца»
Андрэй, распрацоўшчык:
— Мы з жонкай пераехалі ў Польшчу пры канцы мінулага года — а ў кастрычніку гэтага ўжо вярнуліся ў Беларусь.
З’ехалі па PBH-візе, жылі ў Варшаве ў добрым раёне і завялі знаёмствы. У цэлым жыццё было камфортным, але калі жонка зацяжарыла, мы прынялі рашэнне нараджаць у Беларусі.
Варта заўважыць, што ў Польшчы мы вялі цяжарнасць у добрых дактароў, якія знаюць рускую мову. Але ў жонкі спецыфічны пратакол вядзення родаў па стане здароўя, — таму на пазнейшых тэрмінах мы і прыйшлі да гэтага рашэння.
У Беларусі гэты пратакол празрысты і знаёмы кожнаму спецыялісту: у выпадку чаго тэлефануеш у хуткую дапамогу альбо вязеш жонку ў аддзяленне сам — і далей усё дакладна па працэсах. У Польшчы ж мы былі не так добра знаёмыя з правіламі, не разумелі, што пакрые страхоўка, не былі на 100% упэўненыя, ці выклічуць да жонкі ў тэрміновым парадку рускамоўнага доктара — і як хутка медыкі «падымуць» гісторыю/карту пацыента. А гэта ж — дадатковыя рызыкі і стрэс.
Так што наш кейс — прыклад таго, што вярнуцца ў родныя пенаты можна не толькі праз праблемы і цяжкасці, але і з іншых важных прычын.
Пакуль мы жылі ў Польшчы, мы падаліся на ДНЖ, — і вярталіся ўжо з пластыкавымі картамі на руках. Цяпер нашыя планы вельмі нявызначаныя, бо мы з жонкай не прыйшлі да адзінага меркавання. Я хацеў бы вярнуцца ў Варшаву і паспрабаваць далей выбудоўваць там жыццё, жонка больш схіляецца да Беларусі — тут у нас і родныя ёсць, і ўсе працэсы ўжо знаёмыя (для яе гэта рух шляхам найменшага супраціву).
Хутчэй за ўсё, мы паспрабуем вярнуцца назад праз паўгода і паглядзім, наколькі зменіцца нашае жыццё за мяжой, ці ўскладніцца яно — і толькі потым будзем рабіць высновы.