Вярніце нам Крутога, якога мы ведалі!
Варта было беларускім незалежным СМІ акцэнтаваць увагу на дэмаграфічнай катастрофе ў краіне, — яе тут жа заўважылі ўлады. Заўважылі, вядома, у сваім фірмовым стылі — пачалі шукаць вінаватых і адказных. Вінаватымі і адказнымі аказаліся не «губазікі» і не «красаўцы», а... старшыні райвыканкамаў!
Кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Круты на пасяджэнні прэзідыума УНС, на якім разглядаўся праект указа аб паўнамоцтвах кіраўнікоў раённых выканаўчых камітэтаў, заявіў, што асноўнай задачай старшыняў райвыканкамаў і саміх камітэтаў з'яўляецца спыненне адтоку эканамічна актыўнага насельніцтва.
«З сярэдняга раёна на 8-10 тысяч занятых у эканоміцы, паводле інфармацыі Белстата, з'язджаюць 300-400 чалавек штогод», — цытуе Крутога SB.by.
Падавался б, што тут страшнага? Калі яны з’язджаюць з аднаго раёна, значыць, прыязджаюць у другі, ці не так? Але таму і турбуецца кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі, што яны нікуды не прыбываюць. Прынамсі, у межах Беларусі.
Каб народ не разбягаўся, Круты хоча, каб кіраўнікі раёнаў заняліся «тэрміновым аднаўленнем работы райаграсэрвісаў, будаўнічых перасоўных мехкалонаў, сельгасхіміі, арганізацый, якія адказваюць за абслугоўванне даільных установак, бурэнне свідравін вады, забеспячэнне палівам». А таксама ў пераўтварэннях у сельскай гаспадарцы, у тым ліку «эканамічна абгрунтаванае і фінансава выверанае аб'яднанне гаспадарак у прывязцы да лідараў, маякоў раёна, аднаўленне або пашырэнне практыкі выкарыстання мехатрадаў, перамяшчэнне жывёлы на новыя малочна-таварныя комплексы, паскораная меліярацыя, праца са старымі дамамі, уцягванне зямель у сельгасабарот», і да таго падобная трасца.
Вось слухаеш усё гэта, і... Нават не верыцца, што калісьці Крутога лічылі прагрэсіўным міністрам эканомікі — самым маладым міністрам ва ўрадзе Сяргея Румаса (2018 год, хто не памятае). І, хоць ён і курыраваў тады «інтэграцыю», але нават з такой «спецыялізацыяй» выступаў за памяншэнне залежнасці беларускай эканомікі ад ваганняў расійскага рубля.
«Ваганні расійскага рубля сур'ёзна ўплываюць на макраэканамічныя паказчыкі, мы гэтую залежнасць, натуральна, павінны паменшыць. Калі казаць пра ўнутраны парадак і рынак, то застарэлыя праблемы закрэдытаванасці прадпрыемстваў, не заўсёды эфектыўнага размеркавання эканамічных рэсурсаў таксама пакуль нікуды не зніклі, і мы павінны над імі вельмі сур'ёзна працаваць» — казаў Круты ў 2018-м.
Гэта пры Крутым набыў моц дэкрэт Лукашэнкі пра ІТ і ПВТ, а таксама пра спрашчэнне прадпрымальніцкай дзейнасці. За гэта яго хваляць і шануюць, але цяпер ён кажа пра тое, як далучыць стратныя калгасы да пакуль не стратных прадпрыемстваў. Так і хочацца сказаць: «Хто ты, чалавек, і куды ты падзеў старога Крутога?». Таго Крутога, які разумеў, што «абслугоўванне даільных установак» ну ніяк не адаб'ецца на спыненні адтоку эканамічна актыўнага насельніцтва з райцэнтраў. І такімі метадамі спыніць яго не атрымаецца.
Памятаеце, у пачатку пасяўной мы пісалі пра дэфіцыт трактарыстаў у сёлах? Ён жа паўстаў не таму, што ў калгасах няма арганізацый, якія адказваюць за бурэнне свідравін, правільна? А таму, што ёсць арганізацыі, якія гэтых самых трактарыстаў прэсавалі. У выніку трактарысты сталі дальнабойшчыкамі і з'ехалі іх краіны.
Дый у цэлым сельская гаспадарка ў нас — не ахці. Пакуль Круты марыць перамяшчаць жывёлу на новыя малочна-таварныя фермы, рост ВУП краіны запаволіўся, і гэта запаволенне якраз абумоўлена зніжэннем дададзенай вартасці ў сельскай гаспадарцы. І асноўнае пагаршэнне паказчыкаў адзначалася акурат у жывёлагадоўлі.
Спыніць адток эканамічна актыўнага насельніцтва можна. Але для гэтага прыйдзецца звярнуць увагу на зусім іншыя фактары.
Паводле звестак праваабарончага цэнтра «Вясна» ад 3 ліпеня ў Беларусі прайшло 6 хваляў памілаванняў палітвязняў, падчас якіх было вызвалена 178 чалавек. Апошняя на гэты момант група памілаваных выйшла на волю 20 лістапада.
За гэты ж час праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала палітвязнямі 223 чалавекі. Гэта людзі з розных рэгіёнаў Беларусі, рознага ўзросту і сацыяльнага статусу, абвінавачаныя па шэрагу палітычных артыкулаў.
Тое, што вызвалілі 178 чалавек — гэта не значыць, што яны выйшлі «на волю з чыстым сумленнем». Іх будуць і ў далейшым адсочваць, да іх будзе хадзіць міліцыя, і з вялікай верагоднасцю на іх будуць спрабаваць павесіць новыя крымінальныя справы. Таму ім прасцей будзе з'ехаць за мяжу. І калі прыплюсаваць да іх 223 новых палітзняволеных, гэта якраз і будзе 400 эканамічна актыўных чалавек, якія, па словах Крутога, штогод пакідаюць нейкі раён.
Адток эканамічна актыўнага насельніцтва звязаны не толькі з эканамічнымі фактарамі. І нават, верагодна, эканоміка мае да гэтага адтоку другаснае дачыненне. Вось толькі прызнацца ў гэтым Круты не можа — пасада яму не дазваляе. І даводзіцца хаваць свае думкі пад цэнзурай, агучваючы паток свядомасці, напісаны спічрайтэрамі.
І, на жаль, гэты адток будзе працягвацца, незалежна ад таго, што прапануе экс-прагрэсіўны міністр. Таму што Міністэрства ўнутраных спраў падчас вучэнняў, якія праходзяць цяпер, трэніруецца разганяць мітынгі па ўсёй краіне. «Па ўсёй краіне з удзелам супрацоўнікаў міліцыі, прадстаўнікоў дзяржорганаў будуць адпрацоўвацца практычныя дзеянні па спыненні групавых парушэнняў грамадскага парадку ў населеным пункце. Яны прадэманструюць узаемадзеянне пры магчымым ускладненні аператыўнай абстаноўкі, узнікненні няштатных сітуацый», — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы МУС. Пры гэтым МУС папярэдзіла, што магчымае Перамяшчэнне па вуліцах гарадоў спецтэхнікі, перакрыцце вуліц і выкарыстанне піратэхнікі.
Калі на сцяне вісіць стрэльба, яна абавязкова страляе. Калі МУС трэніруецца разганяць «масавыя беспарадкі», то яно будзе іх разганяць незалежна ад таго, ёсць гэтыя беспарадкі ці не. Варта заўважыць, што «заруба» каля Стэлы ў Мінску ў ноч з 9 на 10 жніўня 2020 года пачалася менавіта з міліцэйскай правакацыі.
Трэніроўкі МУС азначаюць, што будуць новыя палітвязні і новы адток эканамічна актыўнага насельніцтва з рэгіёнаў. Верагодна да тых часоў, пакуль не стане няма каму плаціць падаткі.