«Мова вельмі лёгкая!» Беларуска знайшла незвычайны спосаб адаптавацца ў эміграцыі

Беларуска Марыя (імя зменена) знайшла незвычайны спосаб адаптавацца ў эміграцыі — пачала вывучаць эсперанта. Гэта штучная мова, створаная Людвікам Лазарам Заменгофам, вядомым акулярыстам і лінгвістам з Беластока. Менавіта ў гэтым польскім горадзе ўжо тры гады жыве Марыя.

Бюст Людвіка Заменгофа ў Беластоку. Фота: MOST

Бюст Людвіка Заменгофа ў Беластоку. Фота: MOST

MOST даведаўся ў яе, як загаварыць на эсперанта за паўгода, навошта ведаць «нежывую» мову і дзе знайсці іншых эсперантыстаў.

«Ты можаш быць творцам»

Марыя ўспамінае: як і ўсе эмігранты, у першы час пасля пераезду была разгубленая.

— Заменгоф быў для мяне асобай, якая злучае Гродна і Беласток, — расказвае гродзенка. — Я ўжо валодала інфармацыяй, чаго дасягнуў Заменгоф у Гродне, і мне было цікава, наколькі памяць пра яго моцная тут, у Беластоку.

Людвік Лазар Заменгоф нарадзіўся ў Беластоку, але ў 1880-х пераехаў у Гродна і пражыў там чатыры гады. Ён працаваў урачом — лячыў дзяцей ад небяспечнага інфекцыйнага захворвання вачэй. А лінгвістычныя здольнасці Заменгофу перадаліся ад бацькі — ён быў настаўнікам замежных моў. Заменгоф ведаў польскую, рускую, нямецкую, англійскую, лаціну і імкнуўся стварыць мову, якая была б зразумелай абсалютна ўсім.

У Беластоку Марыя знайшла бясплатныя курсы эсперанта і пачала вывучаць мову. Але мэты вывучыць яе дасканала не было, таму заняткі яна нярэдка прапускала. Аднак іх хапіла, каб зразумець сутнасць эсперанта і логіку стварэння словаў.

— Мова вельмі лёгкая! І нават тыя людзі, якія вывучаюць яе самі, авалодваюць ёй за некалькі тыдняў. Трэба ўсяго паўгода, каб на ёй спакойна размаўляць. А я пакуль смакую тое, што мне дадзена! — усміхаючыся, распавядае беларуска. — Я не стаўлю мэту ведаць усё. Але тыя людзі, якія са мной пачыналі і такую мэту ставілі, ужо размаўляюць на гэтай мове.

Простасць мовы, кажа беларуска, у яе сістэме.

Заменгоф спадзяваўся, што дзякуючы эсперанта людзі розных нацыянальнасцяў і культур змогуць свабодна размаўляць. Ужо да 19 гадоў у яго быў гатовы чарнавы варыянт штучнай мовы. А праз дзевяць гадоў, у 1887 годзе, ён выдаў кнігу «Міжнародная мова эсперанта». Спачатку яна выйшла на рускай, а потым на англійскай, французскай і польскай мовах.

Заменгоф прапанаваў зрабіць сістэму словаўтварэння адкрытай, каб яе вывучалі, дапаўнялі і змянялі. Аснова эсперанта — раманска-германскія і славянскія мовы, а далей дзейнічаюць базавыя правілы.

— Дзесяць хвілін — і вы зразумееце, што гэта зусім нескладана! — пераконвае Марыя і прапануе паспрабаваць. — Гэтая мова хоць і штучная, але жыве паводле правілаў жывой. З веданнем некаторых нормаў ты можаш быць творцам, а гэтае пачуццё натхняе!

Спосаб прыдумвання словаў у эсперанта адзін — склейка. Да асновы слова трэба дадаць патрэбныя заканчэнні, суфіксы і прыстаўкі. Іх не так шмат, як у іншых мовах. — Напрыклад, усе назоўнікі заканчваюцца толькі на «о», прыметнікі — на «а». А для множнага ліку заканчэнне будзе ўсюды «j». У мове эсперанта няма роду, а склонаў усяго два — назоўны і вінавальны. Усё, што трэба ведаць пра дзеясловы, — хто выконвае дзеянне ці на што яно накіравана, — тлумачыць сутнасць эсперанта Марыя.


Глядзіце таксама

Мова, якую прапаноўвалі вучыць у школе

У пэўны момант вучоныя нават прапаноўвалі выкарыстоўваць эсперанта ў школах для дзяцей, якія толькі пачынаюць вывучаць замежную мову.

— Усё таму, што эсперанта дае добрую платформу для наступнага вывучэння іншых замежных моў. Давайце параўнаем мовы з домам. Мы ўсе ведаем, што такое дом. Гэта пабудова, унутры якой ёсць пакоі, але іх размяшчэнне можа быць розным. Ёсць вокны, каб глядзець на святло. Ёсць дзверы, у якія можна ўваходзіць і выходзіць. Ёсць кухня, дзе мы будзем гатаваць, а ёсць гасцёўня для сустрэч з гасцямі. Ведаючы пра яго галоўнае, вы ўваходзіце ў гэты дом і вывучаеце яго больш дасканала. І менавіта эсперанта дае разуменне замежнай мовы як дома. Ведаючы яго, нашмат прасцей вывучаць іншыя мовы.

У Беластоку Марыя сустрэла іншых эсперантыстаў. Сюды прыязджаюць валанцёры з Францыі, Германіі і іншых краін. Як правіла, гэта тыя, хто вывучыў мову за паўгода і ўдасканальвае яе ў зносінах.

— Тут па вечарах праводзяць настольныя гульні на эсперанта. У Беластоку вельмі моцная група людзей, якія вывучалі мову Заменгофа ў 1980-90-я гады. Цяпер гэтыя людзі блізкія да пенсійнага ўзросту, а ўзровень іх зносін паміж сабой, узровень іх жадання падарожнічаць і наведваць кангрэсы проста здзіўляе! — захоплена кажа Марыя.


Глядзіце таксама

«Ты загадзя ў роўнай пазіцыі з суразмоўцам»

У снежні ў Беластоку праходзяць дні Заменгофа. На іх прыязджаюць эсперантысты з розных краін. Марыя пакуль толькі «спее» да ідэі паўдзельнічаць у такім мерапрыемстве.

— Ёсць спецыяльная праграма для эсперантыстаў, — распавядае яна. — Ты можаш паехаць у любую краіну, знайсці групу эсперантыстаў. Як правіла, яны гасцінна сустракаюць, ты знаёмішся з імі, размаўляеш, вывучаеш мову. Такім чынам, усе межы сціраюцца!

Да таго ж Марыя адзначае прастату зносін на эсперанта з людзьмі розных нацыянальнасцяў.

— Кажуць, што размаўляць па-англійску з чалавекам, які вывучае англійскую, значна лягчэй, чым з носьбітам. А калі ты размаўляеш на эсперанта, ты загадзя знаходзішся ў роўнай пазіцыі са сваім суразмоўцам. Бо ні для каго з вас гэтая мова не з’яўляецца роднай. І гэтае раўнапраўе, безумоўна, прыцягвае! А калі ўлічыць, што мову можна вывучыць за пару месяцаў, то як да гэтага можна не імкнуцца?