Авіякатастрофа ў Літве: Заходнія СМІ нагадваюць пра расійскі след у выбухах пакетаў DHL
У Літве 25 лістапада разбіўся грузавы самалёт DHL. Ці гэта авіякатастрофа выпадковасць, ці чарговы гібрыдны інцыдэнт? Такое пытанне ўзняла нават міністр замежных спраў Германіі Аналена Бербок.
Адзін чалавек загінуў у выніку крушэння грузавога самалёта DHL у панядзелак раніцай каля жылога дома ў Вільні, недалёка ад Вільнюскага міжнароднага аэрапорта, піша «Голас Амерыкі». Ці магла авіякатастрофа здарыцца ў выкіку тэракту?
Што адбылося?
Грузавы самалёт, які ляцеў з нямецкага Лейпцыга ў літоўскі Вільнюс, 25 лістапада разбіўся за некалькі кіламетраў ад узлётна-пасадачнай паласы. Ён прабуксаваў па зямлі некалькі сотняў метраў і, калі наблізіўся да аднаго з прыватных дамоў, загарэўся.
У самалёце знаходзіліся чатыры чалавекі. Адзін член экіпажа загінуў, яшчэ трое, у тым ліку пілот, выжылі.
«Адзін член экіпажа знойдзены без прыкмет жыцця», — піша CNN са спасылкай на Вілмантаса Віткаўскаса, які ўзначальвае Нацыянальны цэнтр крызіснага кіравання Літвы.
Дэпартамент пажарна-выратавальнай службы ў каментары CNN паведаміў, што трое выратаваных членаў экіпажа — грамадзянін Літвы, адзін немец і адзін іспанец. Усе яны ў бальніцы.
У доме, які загарэўся ў выніку крушэння самалёта, знаходзіліся 12 чалавек. Усіх удалося бяспечна эвакуяваць, паведамляюць мясцовыя ўлады.
Здарэнне адбылося ў 5:30 25 лістапада раніцы па мясцовым часе. Пажар ліквідаваны ў 7.30, паведамілі ў пажарнай службе.
У інтэрв'ю CNN прадстаўнік аэрапорта паведаміў, што вылет некалькіх самалётаў прыйшлося адкласці з-за таго, што "паблізу ідуць выратавальныя аперацыі".
Ці авіякатастофа грузавога самалёта DHL выпадковасць?
Прадстаўнік Нацыянальнага цэнтру кіравання ў крызісных сттуацыях паведаміў, што паліцыя і пракуратура вядуць расследаванне інцыдэнту, аднак няма ніякіх прыкмет таго, што аварыі папярэднічаў выбух.
Як паведамляе літоўскі канал LRT, кіраўнік літоўскай паліцыі Арунас Паўлаўскас заявіў, што інцыдэнт адбыўся «хутчэй за ўсё, з-за тэхнічнай няспраўнасці або чалавечай памылкі», але і тэрарызм «нельга выключаць».
«Мы не можам выключыць магчымасць тэрарызму. ...Але на дадзены момант мы не можам рабіць здагадкі або паказваць пальцам, таму што не маем адпаведнай інфармацыі», — заявіў на прэс-канферэнцыі ў панядзелак кіраўнік літоўскай контрвыведкі Дарыюш Яуніскіс.
Міністр замежных спраў Германіі Аналена Бербок таксама выказала сумневы ў характары гэтага інцыдэнту: «На дадзены момант мы і нашы літоўскія партнёры павінны сур'ёзна спытаць сябе, ці гэта выпадковасць, ці, пасля гэтага тыдня, яшчэ адзін гібрыдны інцыдэнт», — сказала Бербок у кулуарах сустрэчы G7 у панядзелак.
Кампанія DHL, якая выконвала рэйс, распаўсюдзіла заяву, што «прычына аварыі пакуль невядомая, вядзецца расследаванне».
Раней у гэтым месяцы, як паведамляў «Голас Амерыкі», польская пракуратура заявіла, што за выбухамі пасылак на кур'ерскіх складах па ўсёй Еўропе, верагодна, стаяць расійскія спецслужбы. Паводле службаў бяспекі, пасылкі былі часткай змовы, мэтай якой было ўчыніць выбухі на грузавых рэйсах, якія накіроўваліся ў ЗША і Канаду.
The Wall Street Journal паведаміла, што нямецкія і брытанскія службы бяспекі расследуюць меркаваны расійскі сабатаж у двух інцыдэнтах, якія адбыліся ў ліпені.
Нагадаем, у ліпені гэтага года пасылкі выбухнулі на складзе DHL у Лейпцыгу і на складзе DHL у Бірмінгеме, Англія. Газета са спасылкай на заходняга чыноўніка паведаміла, што пакеты ўключалі электрычныя масажоры, якія ўтрымлівалі лёгкаўзгаральныя рэчывы на аснове магнію.
У кастрычніку польская Gazeta Wyborcza паведаміла, што пасылка стала прычынай пажару ў грузавіку ў кур'ерскай кампаніі пад Варшавай і што ўсе пакункі з выбухоўкай былі адпраўленыя ў Польшчу, Германію і Вялікабрытанію з адной і той жа краіны — Літвы.
Польская паліцыя арыштавала чатырох чалавек, якіх абвінавачваюць у датычнасці да змовы, але іх нацыянальнасць не ўдакладняецца. Паводле інфармацыі польскай пракуратуры, дыверсанты мелі на мэце «праверыць канал перадачы такіх пасылак, якія ў канчатковым выніку павінны былі быць адпраўленыя ў Злучаныя Штаты Амерыкі і Канаду».
Ні Рада нацыянальнай бяспекі Белага дома, ні ЦРУ не адказалі на просьбы WSJ аб каментарах.
Сама Расія праз заявы прэс-сакратара Крамля Пяскова і амбасадаў РФ у ЕС адхіляе абвінавачванні і называе абвінавачванні Расіі дэзінфармацыяй.
МУС Германіі 25 лістапада паведаміла, што ў цяперашні час няма прыкмет, якія б пацвярджалі датычнасць да выбуху грузавога самалёта ў Вільні з папярэджаннем заходніх спецслужбаў аб выбухоўцы ў пасылках, перадае Reuters.
«Давядзецца дачакацца завяршэння расследавання», — сказаў прадстаўнік МУС.