Права на жыццё

Беларусь — апошняя з краінаў Еўропы, дзе працягваюць караць людзей смерцю. Афіцыйных дадзеных пра прыведзеныя ў выкананне смяротныя пакаранні ў Беларусі няма. Аднак, паводле ацэнак міжнароднай арганізацыі Amnesty International («Міжнародная амністыя»), з 1991 года ў краіне пазбаўленнем жыцця былі пакараныя каля 400 чалавек.



4f4adcbf8c6f66dcfc8a3282ac2bf10a.jpg

Беларусь — апошняя з краінаў Еўропы, дзе працягваюць караць людзей смерцю. Афіцыйных дадзеных пра прыведзеныя ў выкананне смяротныя пакаранні ў Беларусі няма. Аднак, паводле ацэнак міжнароднай арганізацыі Amnesty International («Міжнародная амністыя»), з 1991 года ў краіне пазбаўленнем жыцця былі пакараныя каля 400 чалавек.
Amnesty International распачынае кампанію за адмену смяротнага пакарання ў Беларусі. Старшыня Беларускага Хельсінскага камітэта Алег Гулак паведаміў, што кампанія ў Беларусі будзе мець як унутраны, так і міжнародны характар.
На гэтым тыдні дэлегацыя Amnesty International правяла сустрэчы з намеснікам міністра юстыцыі, прадстаўнікамі Міністэрства замежных спраў, праваабаронцамі, журналістамі. З восені Міжнародная амністыя просіць арганізаваць сустрэчу з міністрам унутраных спраў Уладзімірам Навумавым, бо шэраг ключавых пытанняў, якія датычацца адмены смяротнага пакарання ў Беларусі, знаходзяцца менавіта ў кампетэнцыі МУС. Станоўчага адказу пакуль не было. З Адміністрацыі прэзідэнта адказалі, што не маюць часу для такой сустрэчы.
Дырэктар праграмы па Еўропе і Цэнтральнай Азіі арганізацыі Amnesty International спадарыня Нікала Дакворт адзначае, што Еўропа магла б быць тэрыторыяй без смяротнага пакарання, калі б не Беларусь. Яна звяртае ўвагу на той факт, што ў краіне ўсе звесткі пра прыведзеныя ў выкананне смяротныя прысуды знаходзяцца за завесай таямніцы. Грамадства не ведае праўды, што скажае яго адносіны да самога факту. «Расстрэльваюць стрэлам у патыліцу, пры гэтым родзічам не паведамляюць ні час, ні месца пахавання асуджаных. У 2008 годзе Беларусь выканала не менш чатырох смяротных пакаранняў і застаецца адзінай постсавецкай краінай, дзе прымяняецца гэтая кара. Летась Беларусь пакарала смерцю больш людзей, чым уся Афрыка, якая знаходзіцца на поўдзень ад Сахары, — там было выканана два смяротных выракі. Хаця смяротныя прысуды былі вынесены 362 асобам. Наша статыстыка паказвае, што летась у свеце каралі смерцю семярых чалавек у суткі. Ніводнае з гэтых пакаранняў не павінна было быць выканана. Смяротнаму пакаранню няма апраўдання і няма месца ў сучасным грамадстве. Amnesty International заклікае ўрад Беларусі неадкладна і без усялякіх адгаворак спыніць прымяненне гэтага пакарання», — заявіла Нікала Дакворт.
Больш паловы беларусаў лічаць смяротную кару неабходным элементам у сістэме пакаранняў. Такія дадзеныя даследавання, праведзенага ў 2008 годзе Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў.
Супрацоўнікі «Міжнароднай амністыі» падкрэсліваюць, што смяротнае пакаранне — гэта не толькі кара злачынцу, але і моцнае выпрабаванне для яго родзічаў. Маці не маюць магчымасці аплакаць сваіх дзяцей, родныя ніколі не змогуць прыйсці на магілу, бо месца пахавання нікому не называецца. Да таго ж гэта моцная псіхалагічная пакута для асуджанага: часта ён гадамі чакае, што дзверы яго камеры адчыняцца, і гэта будуць апошнія хвіліны жыцця.
Эксперт Amnesty International Хэза Макгіл зважае на той факт, што памылкі ў судовай сістэме непазбежныя, а гэта ставіць пад сумнеў правільнасць пакарання. «Засталося многа працы, каб прывесці сістэму судовага працэсу да міжнароднага стандарту. Але сур’ёзныя перашкоды перад адменай смяротнага пакарання ўжо былі здзейсненыя. Вярхоўны суд Беларусі прызнаў, што смяротнае паракаранне супярэчыць Канстытуцыі, і прэзідэнт ці парламент могуць яго адмяніць. Але ў Беларусі статыстыка па пакараннях засакрэчаная. Памылкі могуць быць у любой сістэме, — адзначае Хэза Макгіл. — На мінулым тыдні ў Вялікабрытаніі вызваліўся з турмы чалавек, які адседзеў 27 гадоў за забойства, якога не рабіў. Мы маем аналагічныя прыклады ў розных краінах, у тым ліку і ў ЗША. Мы маем доказы прабелаў у беларускай заканадаўчай сістэме, што павялічвае рызыку пакарання невінаватых. Таму мы заклікаем беларускія ўлады неадкладна ўвесці мараторый на смяротную кару».
Да кампаніі за адмену смяротнага пакарання далучыліся знакамітыя людзі: музыкі, пісьменнікі, прадстаўнікі шоу-бізнеса.
Зміцер Вайцюшкевіч, музыка, былы ўдзельнік гуртоў «Палац», «Kriwi», лідэр і мастацкі кіраўнік «WZ-Orkiestra»: «Я далучаюся да кампаніі супраць смяротнага пакарання ў нашай краіне з розных прычынаў. Самае галоўнае — каб не забівалі нявінных».
Тамара Лісіцкая, журналіст, тэле- і радыёвядучая, праграмны дырэктар NETradio: «Невінаватага чалавека вярнуць ужо нельга. І гэта відавочна. І гэта жахлівая памылка. Памылка, якую дараваць проста немагчыма... Людзі не павінны забіваць людзей. І кропка! І мне б вельмі хацелася, каб такі закон быў прыняты паўсюль. І на зямлі і на нябёсах. А калі гэта не падаецца пераканаўчым, то ёсць яшчэ адна папулярная фраза: толькі Бог вырашае, толькі Бог судзіць. І кожны панясе тое пакаранне, якое ён мусіць панесці. І не нам гэта вырашаць».
Адам Глобус, пісьменнік, выдавец, мастак: «Я супраць смяротнага пакарання яшчэ і таму, што калі наша дзяржава, ці любая іншая дзяржава, асуджае чалавека на смерць і знішчае яго, замест аднаго забойцы ў нашым грамадстве застаюцца некалькі. Пракурор, які патрабаваў смяротнага пакарання, — гэта забойца. Суддзя, які вынес чалавеку смяротны прысуд, — гэта таксама забойца. Гэта кат, які здзейсніў забойства. Атрымліваецца, калі ў грамадстве, у дзяржаве, мы некага забіваем, замест аднаго забойцы атрымліваем трох. Мы плодзім забойцаў у дзяржаве, а гэта недапушчальная з’ява».