Праваабаронцу Андрэя Бандарэнку чакае суд у Шклоўскай калоніі
Бацька Валерый Бандарэнка патрабуе ад МУС спыніць катаванні і здзекі з сына.
euroradio.fm
Бацька праваабаронцы-палітвязня Андрэя Бандарэнкі паўторна звярнуўся ў Дэпартамент выканання пакаранняў (ДВП) МУС з просьбай спыніць катаванні і здзекі з сына.
У сваёй заяве на імя начальніка ДВП Дарошка С.І. Валерый Бандарэнка абвінавачвае кіраўніцтва ДВП у наўмысным маўклівым дазволе на здзяйсненне правакацыі "статусамі", якая адбылася супраць Андрэя ў Бабруйскай калоніі ПК-2 і працягваецца ў ПК-7, робячы жыццё зняволенага невыносным.
“…лічу, што правакацыі здзяйсняліся з маўклівай згоды кіраўніцтва ДВП. Ведаючы, што мой сын, будучы праваабаронцам арганізацыі, якая абараняла правы зняволеных - "Платформа" ("Платформ іннавейшн"), настойваў на ўключэнне ў спісы “невыязных” у краіны Еўрасаюза былога начальніка Бабруйскай калоніі ПК-2 Аляксандра Какуніна і ягонага намесніка Юрыя Трутко ў сувязі з катаваннямі і здзекамі са зняволеных, я настойваў, каб пасля суда яго не накіроўвалі ў Бабруйскую калонію ПК-2", — піша Валерый Бандарэнка, бацька палітвязня.
Нягледзячы на просьбу бацькі, Андрэя накіравалі ў сумнавядомую ПК-2, дзе праваабаронцу спрабавалі прымусіць жыць па "крымінальных" законах зоны, а не па законах Рэспублікі Беларусь, нагадвае праваабарончая ініцыятыва “За Волю”.
Валерый Бандарэнка просіць кіраўніцтва ДВП растлумачыць: на якой падставе, кіруючыся якімі законамі адміністрацыя ПК-17 у Шклове адмовіла адвакату Вадзіму Мушынскаму ў азнаямленні з асабістай справай зняволенага праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі. Адмовіла, хаця хутка павінен адбыцца суд, па выніках якога Андрэя могуць перавесці з калоніі ў крытую турму, у адзіночную камеру.
Напярэдадні шэраг грамадскіх актывістаў папрасілі міжнародныя арганізацыі прызнаць асуджаных праваабаронцаў, заснавальнікаў арганізацыі «Платформ Інавэйшн» вязнямі сумлення. Зварот накіроўваецца ў расійскі цэнтр арганізацыі «Міжнародная амністыя», Сусветную арганізацыю супраць катаванняў, Вярхоўнаму камісару ААН па правах чалавека і ў прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі. У дакуменце адзначаецца, што крымінальныя справы супраць Бандарэнкі і Жамчужнага былі сфабрыкаваныя з мэтай спынення іх актыўнай дзейнасці і ліквідацыі створанай імі арганізацыі.
Заяву падпісалі больш за 30 чалавек — палітыкі, грамадскія дзеячы, журналісты і былыя палітвязні, сярод якіх Мікола Статкевіч, Ігар Аліневіч, Зміцер Дашкевіч, Анатоль Лябедзька, Алег Волчак, Генадзь Фядыніч ды іншыя вядомыя ў краіне людзі.
Андрэй Бандарэнка, былы кіраўнік Інфармацыйна-асветніцкай установы «Платформа» і Культурна-асветніцкай установы «Платформа інавэйшн», адбывае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі ў ПК-17 Шклова. З пачатку адбыцця пакарання, спачатку ў ПК-2 і пасля ў ПК-17, узнікла небяспека для жыцця і здароўя А.Бандарэнкі, у сувязі з чым ён неаднаразова змяшчаўся ў гэтак званае "бяспечнае месца", а фактычна — у ізаляваную камеру. “Вясна” перакананая, што “гэта адбылося ў сувязі з патураннем адміністрацый калоній усталяванню сярод зняволеных нефармальных стасункаў, якія дазваляюць ствараць умовы для жорсткага, зневажальнага абыходжання з асобнымі асуджанымі".