Праваслаўныя і каталікі святкуюць Дзень Святой Тройцы
Свята прысвечана ўслаўленню Бога Айца, Сына і Святога Духа, літургічныя чытанні і пропаведзі ў гэты дзень раскрываюць хрысціянскае вучэнне аб траістасці Бога.
Паводле Евангелля, на пяцідзесяты дзень пасля Уваскрэсення Хрыстовага ўсе апосталы разам з Божай Маці і іншымі вучнямі Хрыстовымі знаходзіліся ў адной святліцы ў Ерусаліме. У гэты дзень Бог Айцец паслаў на зямлю Святога Духа, які, з'явіўшыся апосталам, зрабіў так, што яны сталі разумець мовы ўсіх народаў і гаварыць на розных мовах. Таму слова Хрыста — Евангелле, якое прапаведавалі апосталы, было зразумела людзям, і гэта аб’ядноўвала вернікаў у Бога.
Праваслаўная царква святкуе Дзень Святой Тройцы ў пяцідзесяты дзень пасля Вялікадня, таму гэты дзень яшчэ называюць Пяцідзесятніцай. У праваслаўі Троіца — адзін з найвялікшых дванадзесятых пераходзячых святаў.
У Каталіцкай царквы Дзень Святой Тройцы адзначаецца ў наступную нядзелю за Пяцідзесятніцай (у 57-ы дзень пасля Вялікадня). У рымскім літургічным календары святы спаслання Святога Духа і Дзень Святой Тройцы маюць статус «імпрэзы». Традыцыйныя колеры ўборы святароў на Тройцу, як і ў іншыя вялікія святы, белыя.
З даўніх часоў у Дзень Святой Тройцы прынята ўпрыгожваць храмы і хаты свежымі кветкамі, травамі, галінкамі дрэў і прыносіць у храм на асвячэнне букеты з травы і кветак. Раней у сярэдзіну такога букета ставілі свечку, якая павінна была гарэць на працягу ўсёй службы. Травы потым выкарыстоўваліся як абярэг ад розных хвароб, а свечку ўкладвалі ў рукі чалавеку, які памірае.
Паводле belta.by