Каталіцкая царква: святары і семінарысты атрымалі адтэрміноўку ад прызыву ў войска

Адтэрміноўку навучэнцам семінарыі далі да лютага наступнага года. Праўда, дакументаў аб гэтым духавенства не мае.

5217a02a_16d3_4100_8a77_e941a9480ccb_w1023_r1_s.jpg

Інфармацыю аб адтэрміноўцы ад вайсковай службы семінарыстаў і святароў “Радыё Свабодзе” пацвердзіў прэсавы сакратар Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі ксёндз Юры Санько.

Паводле афіцыйнага прадстаўніка Каталіцкай царквы, адтэрміноўку навучэнцам семінарыі далі да лютага наступнага году. Праўда, дакументаў аб гэтым духавенства не мае.

«Паперы ніякай афіцыйна не атрымалі. Хлопцам сказалі вусна, што адтэрміноўку атрымалі да лютага», — паведаміў ксёндз Юры Санько.

Старшыня сінадальнага інфармацыйнага аддзелу Беларускай праваслаўнай царквы (Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату) протаіерэй Сергій Лепін адказаў “Свабодзе”, што пакуль інфармацыя аб адтэрміноўцы да іх не трапіла.

У траўні дзясяткі будучых і дзейных каталіцкіх і праваслаўных святароў па ўсёй Беларусі атрымалі позвы з ваенкаматаў. Першыя семінарысты і святары мусілі накіравацца ў войска ўжо 28 траўня.

Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў звярнулася да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай аб адтэрміноўцы ад вайсковай службы. Іерархі Беларускай праваслаўнай царквы таксама звярнуліся па тлумачэнні ў Міністэрства абароны.

Сітуацыя, калі духавенства прызывалі служыць так масава, склалася ўпершыню. Для семінарыстаў і святароў раней дзейнічала адтэрміноўка ад войска. Кіраўніцтва семінарый рыхтавала спісы навучэнцаў і перадавала іх у дзяржаўныя органы. Рашэнне аб адтэрміноўцы штогод прымаў кіраўнік дзяржавы, падпісваючы адмысловы ўказ.

www.svaboda.org