Праз новы дэкрэт аб скарачэнні заробкаў мінскае «Дынама» можа застацца без галоўнага трэнера

Зрэшты, гэта яшчэ больш-менш аддаленая будучыня. І цалкам магчыма, што, сутыкнуўшыся з першымі наступствамі, у «кансэрваторыі» неяк перайграюць-залагодзяць сітуацыю. 

jklgva0jn7m.jpg

Галы ў мінулым туры першынства краіны футбалісты забівалі з вар’яцкай рэгулярнасцю. Ураджай у выніку сабралі такі, што пазайдросцяць жнівеньскія камбайнёры: 28 мячоў у васьмі гульнях. Праўда, гэтая неспадзяваная «стаханаўшчына» не тое, каб моцна ўзрушыла заўзятараў — бо зноў сенсацый няма, зноў перамаглі тыя, каму і належыць паводле ранжыру. Таму галоўнай тэмай выхадных стала, бадай, іншае: прараслі першыя кветачкі на глебе дырэктыўнага скарачэння заробкаў у вышэйшай лізе.

Кветачкі, якія ў будучыні могуць ператварыцца ў ягадкі.

Бутоны распусціліся ў даволі нечаканым месцы — у мінскім «Дынама», якое апошнім часам «нармалізавалі» на ўсіх напрамках. Змянілі ўласніка: ад «прыватніка» Юрыя Чыжа перадалі дзяржаве. Змянілі менеджмент — так што ў правільным кірунку ўсіх працэсаў зацікаўленыя ў Мінспорта, і ў БФФ. Сярод гульцоў нібыта правялі плённую ідэалагічную працу — і ні адзін з іх у выніку не адважыўся падпісацца пад лістом супраць гвалту і ўвогуле ані словам не выказаўся наконт сітуацыі ў краіне.

Не клуб, здавалася, а аазіс дабранадзейнасці і моцнага гаспадарання. І вось парадокс: менавіта з-пад гэтай «бела-сіняй» накрыўкі і пайшла надоечы гарачая пара.

Перамогшы на сваім полі ніякаватую «Смаргонь», «Дынама» асабліва не радавалася, а галоўны трэнер каманды Леанід Кучук на прэс-канферэнцыі вырашыў пагаварыць загадкамі: «Проста за некалькі дзён адбыліся падзеі, якія абцяжарвалі падрыхтоўку да матчу. І я ўдзячны гульцам, што гэтыя падзеі на іх не паўплывалі», — напусціў туману Леанід Станіслававіч. Што ён меў на ўвазе, ніхто з прысутных журналістаў чамусьці не ўдакладніў. Зрэшты, загадку ў хуткім часе разгадалі і без тлумачальных падрабязнасцей першакрыніцы.

Як выявілася, гаворка ішла пра той самы валюнтарыстскі «дэкрэт», паводле якога сёлета ў гульнявых відах спорту ўсталявалі так званую столь заробкаў — мяжу, вышэй за якую падымацца нельга. Так, у прыватнасці, футбалістам клубы мусяць плаціць не болей за 8 тысяч рублёў у месяц (зборнікам можна да 15 тысяч). Гэта істотна меней, чым закладвалася ў кантракты на стадыі іх падпісання. І гэта тое, што, мякка кажучы, не ўзрадавала тых жа дынамаўцаў, калі яны на ўласнай кішэні адчулі новую рэчаіснасць.

6auhm10gzg4.jpg

Дык вось перад сустрэчай са «Смаргонню» ў клубе, падобна, і ўзнікла нейкая непрыемная турбулентнасць. Кучук не балака, проста так словамі кідацца не будзе — значыць, справа сапраўды не фантан, а галоўнае — не зразумела, што будзе далей.

Ёсць звесткі, што далей якраз будзе нейкі цугцванг, вынікам якога можа стацца нават адстаўка галоўнага трэнера. Не здзівімся, бо Леанід Кучук занадта доўга працаваў за мяжой, дзе зарабіў аўтарытэт. І дзе ён — ужо гэта дакладна — ніколі не сустракаўся ні з чым падобным. Можна доўга спрачацца, ці правільна гэта — калі дзяржаўныя грошы размяркоўваюцца так, што футбаліст атрымлівае як дзясятак лекараў ці настаўнікаў. Аднак не футбалісты гэтыя правілы прыдумвалі, і як яны так раптоўна і кардынальна мяняюцца — тым больш пасярод сезону — то пратэсная рэакцыя цалкам прагназаваная.

Зрэшты, прышпільваць да беларускага футбола слова «пратэст» будзе, канешне, гратэскным перабольшаннем. Які там пратэст… Маўчыць супольнасць наконт тэктанічных грамадска-палітычных зрухаў — маўчыць збольшага і цяпер, калі худнее ўжо наўпрост гаманец. Бо «Дынама» хоць неяк зусім сцішана, але забухцела, а іншыя дык увогуле набралі ў рот вады. Ці, можа, новыя павевы да іх яшчэ не дакаціліся, а руплівыя дынамаўцы тут першапраходцы? Ці, можа, сёй-той з іншых шукае абыходныя шляхі, каб захаваць узровень заробкаў?

Пажывём — паглядзім.

Але ж калі Кучук сапраўды сыдзе з пасады, то сталічны клуб рызыкуе пусціць пад хвост сезон, да якога так рупліва рыхтаваўся і на які ўскладаў шмат надзей. Дый летам увогуле вышэйшую лігу можа ліхаманкава затрэсці — шмат хто з гульцоў проста не захоча заставацца пасярод унікальнай беларускай ураўнілаўкі і навострыць буцы за мяжу. Усё ж футбалісты ў пэўным сэнсе як тыя айцішнікі: рэлакейт для іх — звачыйная справа.

omcusef38kc.jpg

Зрэшты, гэта яшчэ больш-менш аддаленая будучыня. І цалкам магчыма, што, сутыкнуўшыся з першымі наступствамі, у «кансэрваторыі» неяк перайграюць-залагодзяць сітуацыю. Тым больш, гэта абсалютна ў нашай традыцыі, дзе часта спачатку робяць, а потым думаюць.

Цяпер жа варта ўзгадаць, што бліжэйшыя выхадныя будуць для беларускага футбола незвычайнымі. Акрамя каляндарных матчаў чэмпіяната краіны, у Гомелі адбудзецца фінал Кубка Беларусі — галоўны матч першай паловы сезона. Гульня пройдзе на стадыёне «Цэнтральны», які здольны прыняць 14 тысяч гледачоў, а ў генеральнай бойцы за трафей сыйдуцца БАТЭ і «Іслач».

Цікава, колькі гледачоў збярэ гала-матч? Ці будуць нацягваць на аншлаг адміністрацыйнымі метадамі, як ужо бывала? І ўрэшце, хто пераможа?

ЧЭМПІЯНАТ БЕЛАРУСІ. ТУР 9

14.05. СПАДАРОЖНІК (Рэчыца) — СЛАВІЯ (Мазыр) — 0:2 (250; Нарх, 57, 62). ДЫНАМА (Мінск) — СМАРГОНЬ — 2:0 (1370; Мбенг, 9, Ложкін, 66).

15.05. НЁМАН (Гродна) — ШАХЦЁР (Салігорск) — 1:2 (550; Куадзіа, 14 — Акеухі, 37, Кендыш, 59, з пенальці. На 35-й хвіліне Кантарыя (Нёман) не рэалізаваў пенальці (штанга)). ТАРПЕДА-БЕЛАЗ (Жодзіна) — ІСЛАЧ (Мінскі раён) — 3:3 (1150; Кляньё, 3, Гружэўскі, 60, 95+ — Марозаў, 8, 68, Камароўскі, 45, з пенальці). БАТЭ (Барысаў) — РУХ (Брэст) — 3:2 (3211; Няхайчык, 26, Драгун, 72, Вілюмсан, 83 — Шаўчэнка, 19, Грачыха, 27). ВІЦЕБСК — ЭНЕРГЕТЫК-БДУ (Мінск) — 3:2 (967; Цевераў, 49, 57, Вандэрсан, 61 — Ул.Васільеў, 22, з пенальці, Башылаў, 24).

16.05. СЛУЦК — МІНСК — 2:2 (722; Альфрэд, 48, Глебка, 51 — Чагавец, 37, Зіновіч, 80). ДЫНАМА (Брэст) — ГОМЕЛЬ — 1:0 (3384; Сядзько, 64).

                               Г           В           Н           П           М           А

1. Шахцёр             9           9           0           0           23-5        27

2. Дынама Мн       9           6           2           1           16-5        20

3. БАТЭ                 9           6           2           1           18-9        20

4. Дынама Бр       9           4           5           0           11-3        17

5. Гомель              9           4           3           2           14-8        15

6. Рух                    9           4           3           2           16-11       15

7. Іслач                 9           4           1           4           15-17       13

8. Тарпеда-БелАЗ 9           3           3           3           9-13         12

9. Віцебск              9          2           6           1           8-6            12

10. Мінск               9           2           4           3           14-15       10

11. Славія             9           2           2           5           9-13          8

12. Слуцк              9           1           4           4           8-15          7

13. Энергетык       9          1           3           5           9-12          6

14. Нёман             9           1           3           5           6-11          6

15. Смаргонь        9           1           1           7            3-19         4

16. Спадарожнік   9          1           0            8           3-20          3

ТУР 10. 19.05. Іслач — Віцебск, БАТЭ — Спадарожнік. 21.05. Шахцёр — Дынама Мн, Славія — Гомель. 22.05. Мінск — Дынама Бр, Энергетык-БДУ — Слуцк, Смаргонь — Тарпеда-БелАЗ, Рух — Нёман.

Фота vk.com/fc_dinamominsk