Праз скаргу праўладнай актывісткі. У паліклініцы прыбралі банер з першай жанчынай-лекарам

Банер у Гродзенскай паліклініцыпрыбралі пасля таго, як на яго паскардзілася праўладная актывістка Вольга Бондарава.

Фрагмент вокладкі кнігі «Авантуры майго жыцця»

Фрагмент вокладкі кнігі «Авантуры майго жыцця»

У паліклініцы № 3 Гродна прыбралі банер, які распавядаў пра жыццё Саламеі Русецкай, якая лічыцца першай у гісторыі Рэчы Паспалітай жанчынай-лекаркай. Здарылася гэта пасля скаргі Вольгі Бондараваў.

«У канцы траўня ў паліклініцы № 3 г. Гродна быў знойдзены банер, які праслаўляе польскую авантурніцу Саламею Русецкую. Яна выдавалася за «гонар Беларусі». Акрамя таго, руская мова называлася “замежнай” для беларусаў. Многіх гэта абурыла, лісты паляцелі мне ў прыват і ў гарвыканкам», — скардзілася Вольга Бондарава. Таксама Бондаравай не спадабаліся «бчб-лялькі» і манітор «з рэкламай швейцарскага Чырвонага Крыжа».

Пасля скаргаў у паліклініку і ў аддзел ідэалагічнай працы Гродзенскага гарвыканкама інфармацыйны плакат аб Саламеі Русецкай прыбралі. Пра гэта паведаміла ў сваім адказе на зварот Вольгі Бондаравай намесніца старшыні гарвыканкама Зоя Кулеша.

«Кіраўніцтва медустановы прыбрала выставу і сумнеўны відэаролік. Манітор на месцы», — паведаміла Бондарава.

Цяпер галоўны лекар паліклінікі № 3 Гродна Вольга Лукашук і яе намеснікі абавязаныя ўзгадняць банеры ды інфармацыю, якая размяшчаецца ва ўстанове.

Банер

Банер

Саламея Русецкая — жанчына-лекарка, вандроўніца, асветніца (1718 — пасля 1760). Яна пакінула пра сваё жыццё і прыгоды польскамоўную кнігу мемуараў «Авантуры майго жыцця».

Яшчэ да таго, як пабрацца шлюбам, Саламея навучылася чытаць і пісаць, ведала і польскую, і старабеларускую мовы, трапна страляла з пісталета і мушкета.

Разам з мужам, немцам-лекарам Якубам Гальпірам яна трапіла ў Стамбул, дзе яе муж займеў лекарскую практыку. Там жанчына стала дапамагаць мужу, а праз пэўны час пачала практыкаваць самастойна. Яна ўдала лекавала хваробы вачэй, і, кажуць, у яе добра атрымлівалася выразаць катаракту. Саламея таксама вывучыла нямецкую, турэцкую, рускую і лацінскую мовы, выпісвала рэцэпты.

У 1739 годзе Саламея вярнулася на радзіму. Як лекарку яе запрасілі Міхал Радзівіл Рыбанька і яго жонка Францішка Уршуля Радзівіл. У Нясвіжы паспяхова працягвала медыцынскую практыку.

Заручыўшыся рэкамендацыямі магнатаў, Саламея надумала паехаць у Пецярбург. У Расіі імператрыца Ганна Іванаўна наблізіла Русецкую да сябе, прыняла яе ў штат прыдворных слуг. Пэўны час Русецкая практыкавала ў Вене, лячыла чальцоў асманскага пасольства і нават аўстрыйскага імператара.

Апошняе вядомае месца лекарскай практыкі — Стамбул. Гэтым разам сярод пацыентаў былі асманскія саноўнікі, сёстры султана і жанчыны яго гарэма.