Псіхіятр, які здолеў паставіць дыягназ Лукашэнку

У 2001 годзе беларускі псіхіятр Дзмітрый Шчыгельскі апублікаваў артыкул “Гісторыя хваробы Аляксандра Лукашэнкі”, у якім паставіў беларускаму кіраўніку дыягназ “мазаічная псіхапатыя”. Пасля чаго быў змушаны з’ехаць у Злучаныя Штаты Амерыкі.



shcyhieljski.jpg

У чэрвені гэтага года Дзмітрый Шчыгельскі прыехаў валанцёрам на Данбас, дзе дапамагае псіхіятрычнай рэабілітацыі ўкраінскіх вайскоўцаў.

Украінскі карэспандэнт "Радыё Рацыя" Марцін Война пагутарыў са спадаром Дзмітрыем.

РР: Калісь вы паставілі Аляксандру Лукашэнку дыягназ “мазаічная псіхапатыя”. Вы рабілі гэта толькі на падставе яго выказванняў у медыа?

Дзмітрый Шчыгельскі: Не толькі. Ёсць адмысловыя методыкі, паводле якіх і робяцца экспертызы, у тым ліку і пасмяротныя, у разе такой неабходнасці. Калі збіраюцца выказванні па відэа, па біяграфіі, па паводзінах. Калі размаўляюць з людзьмі, якія асабіста гэтага чалавека добра ведалі. Я сабраў неабходную інфармацыю даволі ў вялікай колькасці людзей, якія працяглы час працавалі з Лукашэнкам.

РР: А ў яго была нейкая гісторыя хваробы ў адпаведных установах?

Дзмітрый Шчыгельскі: Там не было гісторыі хваробы. Там была сітуацыя, калі тыя лекары, якія з ім працавалі яшчэ падчас вучобы Лукашэнкі ў Магілёўскім педагагічным інстытуце, а таксама калі працаваў у Магілёўскай вобласці, распавядалі, што з ім адбывалася. І як ён трапляў на экспертызу яшчэ ў зусім маладыя гады.

РР: Але ж ён быў і афіцэрам памежных войскаў КГБ СССР, і дырэктарам саўгаса. Атрымліваецца, што там не маглі распазнаць хваробу?

Дзмітрый Шчыгельскі: Ёсць меркаванне, што ні ў якім КГБ СССР ён не быў, але з войску яго камісавалі па артыкуле 7-“б”. Гэта, як хто не ведае, такі артыкул, які і адпавядае хваробе “псіхапатыя”.

РР: А сёння вы, як доктар-псіхіятр, адсочваеце яго стан?

Дзмітрый Шчыгельскі: Псіхапатыя — гэта не насмарк: сёння ёсць, заўтра няма. Гэта — на ўсё жыццё.

РР: Мой добры знаёмы быў у палоне сепаратыстаў. Яго надзвычай уразіла, як хутка мірныя нібыта людзі ператварыліся ў садыстаў і катаў. Як гэта можна растлумачыць?

Дзмітрый Шчыгельскі: Я правёў два месяцы ў зоне Антытэрарыстычнай аперацыі. Вядома ж, з іншага боку. Я размаўляў з людзьмі, якія былі ў палоне. Інфармацыя вельмі супярэчлівая. Увогуле, слой культуры на вайне злятае вельмі лёгка. Ёсць тры ці чатыры сітуацыі, калі выяўляецца праўдзівая чалавечая сутнасць. Гэта вайна, турма, эміграцыя. Некаторыя яшчэ называюць уладу.

РР: Але ж насельнікі Данбаса — гэта не толькі каты і садысты…

Дзмітрый Шчыгельскі: Насельніцтва Данбаса, нават якое цяпер знаходзіцца на акупаваных тэрыторыях, яны ж не ўсе ў войску. Яны працягваюць жыць, як і раней жылі.  

РР: Псіхічныя разлады ветэранаў Антытэрарыстычнай аперацыі. Як гэта адбываецца?

Дзмітрый Шчыгельскі: Ва ўкраінскіх сродках масавай інфармацыі пераважае такі пункт гледжання: маўляў, усе, хто пабываў у зоне Антытэрарыстычнай аперацыі, вяртаецца псіхічна хворым, і што такому чалавеку абавязкова трэба псіхіятрычная дапамога. Пакуль казаць пра доўгатэрміновыя псіхічныя наступствы тых, хто браў удзел у Антытэрарыстычнай аперацыі, немагчыма. Мне невядома, каб хтось гэта сістэмна вывучаў. Найлепш вывучаныя ў псіхіятрыі ўдзельнікі в’етнамскай вайны. І там мы бачым, што нейкая спецыялізаваная дапамога патрэбная толькі 20 %. Але ёсць пытанне сацыяльнай, юрыдычнай, псіхалагічнай і гэтак далей рэабілітацыі ўдзельнікаў баявых дзеяў.

РР: Тыповая рэакцыя вайскоўца, які вярнуўся з Данбаса: мы там за вас ваявалі, а вы тут весяліліся…

Дзмітрый Шчыгельскі: Так, гэта добра вядомая рэакцыя. Асабліва ў некалькі першых дзён. Чалавек доўга знаходзіцца на вайне, у вельмі спецыфічных умовах, а калі на перадавой — гэта вельмі цяжка. Ён знаходзіцца пад абстрэламі, рызыкуе жыццём. Бачыць смерць сяброў, бачыць, як яны становяцца інвалідамі. І гэта становіцца стэрэатыпным, нібыта нармалёвым жыццём, чалавек да такога адаптуецца, да такіх ненармальных умоваў. І потым ён вельмі хутка прыязджае з якой Канстанцінаўкі прыязджае да Днепрапятроўска, выходзіць на чыгуначным вакзале, і бачыць: нехта весяліцца, нехта піва п’е. Гэта, вядома ж, праблема. Калі мы кажам пра армію ЗША, пра еўрапейскія арміі, то там прынята, каб чалавек пасля баявых дзеянняў правёў два-тры тыдні ў спецыялізаваным рэабілітацыйным цэнтры. Нічога падобнага ва Украіне няма, адсюль і такія рэакцыі.

РР: Гледзячы на Нямеччыну часоў Гітлера, ці на сучасную Расею, міжволі задаешся пытаннем: а ці можа быць псіхічна хворым цэлае грамадства?

Дзмітрый Шчыгельскі: Так. Можа. Пра гэта пісалі, пачынаючы з Гіпакрата. 80—85 адсоткаў кожнага грамадства не мысліць крытычна. Калі кантраляваць медыа, то такія людзі павераць у што заўгодна.

Дзмітрый Шчыгельскі працуе ў мабільным шпіталі імя Мікалая Пірагова. Гэтаму  шпіталю дапамагаюць і беларускія валанцёры, у тым ліку з ініцыятыўнай групы “Гуманітарны маршрут Беларусь — АТА”.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фота з архіва Дзмітрыя Шчыгельскага