Сутыкненні ў Кіеве. Адзін загінулы, больш за сотню параненых
Сёння каля Вярхоўнай Рады Украіны адбыліся сутыкненні паміж сіламі правапарадку і маніфестантамі, якія патрабавалі не прымаць змены ў Канстытуцыю. Змены прадугледжваюць пашырэнне паўнамоцтваў і асобы статус Данбасу.

Пасля галасавання, якім былі ўхваленыя змены ў Канстытуцыю, маніфестанты пайшлі штурмам на Раду і пачалі кідаць дымавыя шашкі.
Потым нехта кінуў у шэрагі міліцыі і Нацгвардыі баявую гранату.
Міліцыя затрымала каля 30 чалавек, у тым ліку таго, хто, верагодна, і кінуў гранату пад Радай.
Колькасць параненых ацэньваецца ў 100 чалавек. Як паведаміў дарадца кіраўніка МУС Украіны Антон Герашчанка, ад кулявога ранення, атрыманага ў сутычках каля Вярхоўнай Рады, у шпіталі сёння памёр баец Нацыянальнай гвардыі.
Паводле Герашчанкі, асобы, якіх ён назваў правакатарамі, акрамя гранат, выкарыстоўвалі таксама агнястрэльную зброю. Ён адзначыў, што яшчэ 4 прадстаўніка сілаў правапарадку знаходзяцца ў шпіталі ў вельмі цяжкім стане.







