Пушкін у Бабры

25 сакавіка ў Бабры з 10 да 17 гадзін на цэнтральнай плошчы старажытнага мястэчка прайшла маніфестацыя, якую наладзіў самы славуты мясцовы жыхар мастак Алесь Пушкін.



167434fa6219316417cd4160c0c5e7d2.jpg

25 сакавіка ў Бабры з 10 да 17 гадзін на цэнтральнай плошчы старажытнага мястэчка прайшла маніфестацыя, якую наладзіў самы славуты мясцовы жыхар мастак Алесь Пушкін.
Ён свядома не паехаў на святкаванне ў сталіцу, заявіўшы, што зараз нашмат важней кожнаму свядомаму грамадзяніну персанальна наводзіць парадак ва ўласных ваколіцах. І такія мястэчкі, як Бобр, зусім не менш значныя для краіны, чым сталіца. Пушкін зноў выйшаў у цэнтр мястэчка пад бел-чырвона-белым сцягам, але гэтым разам меў з сабой не проста карціну. Ён прадэманстраваў землякам эскізны план рэканструкцыі цэнтральнай часткі Бабра да 2016 года — 500-годдзя мястэчка.
Дзейнічае Пушкін абсалютна практычна. Афіцыйна звярнуўшыся да кіраўніцтва Беларускай чыгункі лістом 20 лютага, ён дамогся аднаўлення на чыгуначнай станцыі Бобр прыпынку двух пасажырскіх цягнікоў, што звязваюць камунікацыяй Бобр з Віцебскам, Мінскам і Гародняй. Цягнікі пачнуць спыняцца ў Бабры з 29 сакавіка.
Многія ведаюць, што з месяц таму ў Бабры згарэла размаляваная Пушкіным царква. Мясцовы крымінальнік, які справакаваў арышт Пушкіна перад 19 снежня 2010 года, а 12 снежня атрымаў ад Пушкіна ў падарунак абраз Божай маці, падазраваўся жыхарамі Бабра ў гэтым падпале. Містычным чынам ён самотна памёр ва ўласнай хаце 12 сакавіка, праз некалькі дзён пасля пажару.
Алесь Пушкін сустрэў у Бабры кіраўніка Мінскай вобласці Барыса Батуру, які прыехаў, каб ахвяраваць 700 мільёнаў рублёў на адбудову храма. І, здаецца, пераканаў высокае начальства ў тым, што царкву трэба аднаўляць па старых беларускіх архітэктурных узорах (як яна і была пабудавана першапачаткова), а не па маскоўскіх шаблонах. Вось такое атрымліваецца ў Пушкіна дбанне пра парадак на сваёй малой радзіме.