QUO VADIS?

25 студзеня ў Маскве пачне працаваць Памесны сабор Рускай праваслаўнай царквы, а 26 студзеня распачнецца першы этап галасавання па кандыдатуры новага патрыярха РПЦ. Ён зменіць памерлага 5 снежня мінулага года нязменнага з 1990 года патрыярха Алексія ІІ. Але ўжо зараз поўным ходам на некалькіх сайтах ідзе папярэдняе галасаванне — царква імкнецца не адрывацца ад эпохі.

25 студзеня ў Маскве пачне працаваць Памесны сабор Рускай праваслаўнай царквы, а 26 студзеня распачнецца першы этап галасавання па кандыдатуры новага патрыярха РПЦ. Ён зменіць памерлага 5 снежня мінулага года нязменнага з 1990 года патрыярха Алексія ІІ. Але ўжо зараз поўным ходам на некалькіх сайтах ідзе папярэдняе галасаванне — царква імкнецца не адрывацца ад эпохі.

На сайце www.patriarh2009.ru, створаным прыхільнікамі месцазахавальніка патрыяршага прастола мітрапаліта Смаленскага і Калінінградскага Кірыла, апошні — бясспрэчны лідэр (71,7%, або 403 242 галасы на 21 студзеня). Яму далёка саступае другі па выніку мітрапаліт Кіеўскі Уладзімір (9,1%), які, між іншым, ужо дэклараваў, што адмаўляецца балатавацца, бо «жадае прадстаць перад Госпадам 121-м мітрапалітам Кіеўскім, а не 16-м патрыярхам Маскоўскім і Усяе Русі». Сайт апанентаў Кірыла www.pravaya.ru хаця і паказвае вялікі працэнт яго праціўнікаў (44,4%), але таксама прызнае за ім пяршынства (37,9%). Як і сайт www.zapatriarha.ru, дзе ў Кірыла 35,7%. Праўда, тут нейкія забаўнікі з інтэрнэту ўвесь час напампоўваюць галасы японцу мітрапаліту Такійскаму і ўсяе Японіі Даніілу (43,2%), так што гаспадары гэтага вэб-рэсурсу ўвесь час змушаныя абнуляць вынікі апошняга. Сярод лідэраў сайта www.patriarh2009.ru таксама мітрапаліты Ювеналій, Філарэт і Клімент, але яны значна саступаюць мітрапаліту Кірылу.

750 удзельнікаў сабору з правам голасу выбіралі ва ўсіх епархіях РПЦ пераважна патаемным галасаваннем — у Маскву прыедуць прадстаўнікі епіскапства, манаства, кліру і міран. 15 студзеня іх спісы перададзены Мандатнай камісіі РПЦ. Памесны сабор выглядае больш прадстаўнічым за папярэдні: у ім упершыню бяруць удзел вылучэнцы ад Рускай замежнай царквы. Павялічана і квота манастыроў, напрасткі выбіраюцца ігуменні жаночых кляштараў. Нават гучаць незадаволеныя галасы з-за вялікага прадстаўніцтва на саборы чынавенства і бізнесоўцаў-спонсараў РПЦ. «Цяжка было б уявіць у 1990-я гады партыйнага сакратара, які б з білетам КПСС у руцэ ірваўся на сабор», — дэкларуе дыякан Андрэй Кураеў, прапануючы не ператвараць сабор у «з’езд прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў» і «кірмаш мітусні». Ад Растоўскай епархіі ў Маскву едзе ўладальнік ААТ «Данскі тытунь» Іван Савідзі. Ад Барнаульскай і Алтайскай — старшыня праўлення фармацэўтычнага ТАА «Юніфарм» Юрый Ніжагародцаў. Бабруйск рэпрэзентуе старшыня камісіі па гандлі і прадпрымальніцтву гарсавета і ўладальнік фірмы па здачы ў арэнду офісаў «Ярабел» Ігар Баншчыкаў. Пра апошняга вядомы бабруйскі апазіцыянер і колішні калега Баншчыкава па гарсавеце Алесь Чыгір кажа: «Ён з добрай праваслаўнай сям’і. А яго сын вучыцца ў духоўнай семінарыі. Яго зацікаўленні — як бізнес, так і вера». А прэсавы сакратар Маскоўскай патрыярхіі Уладзімір Вігілянскі нагадвае, што ў большасці епархіяў галасаванне было таемным, і значную прысутнасць чынавенства і бізнесоўцаў тлумачыць «заганамі дэмакратыі». Сапраўды, ці маглі інтрыгі вызначыць вылучэнне ад Віцебскай епархіі бадай самай маладой дэлегаткі сабору студэнткі гістфаку Віцебскага універсітэта і прыхаджанкі мясцовага храма Св. Георгія Любы Раеўскай?

Але звернемся да драматычнай гісторыі РПЦ апошніх год і месяцаў, якая апынулася ў фокусе грамадскай увагі пасля смерці шматгадовага патрыярха Рускай праваслаўнай царквы Алексія ІІ. 79-гадовы кіраўнік царквы ачольваў РПЦ 18 год.

Па смерці Алексія ІІ месцаахоўнікам патрыяршага прастола быў абраны 62-гадовы мітрапаліт Смаленскі і Калінінградскі Кірыл, старшыня аддзела знешніх сувязяў Маскоўскай патрыярхіі. 10 снежня Свяшчэнны сінод РПЦ вызначыў дату правядзення Памеснага сабора для абрання новага патрыярха. Памесны сабор з архірэяў, кліру і міран, насуперак царкоўнаму статуту, які патрабуе яго склікання кожныя 5 год для абмеркавання сітуацыі ў царкве і свеце, не склікаўся пасля абрання патрыярхам Алексія ІІ у 1990 годзе.

Шмат якія СМІ, у тым ліку радыё «Свабода» (Кастусь Бандарук), называлі Алексія ІІ «супярэчлівым патрыярхам». Час яго знаходжання на чале Рускай праваслаўнай царквы прыйшоўся на пераходны перыяд.

Ставячы задачу адраджэння РПЦ найперш праз аднаўленне царкоўных структур і колькасці прыходаў, Алексій ІІ не мог не ахвяраваць якасцю працэсу. Шансу вырвацца з-пад татальнага кантролю дзяржавы, зрабіцца свабоднай ад «кесара» ў РПЦ не заставалася. Не было і магчымасці асудзіць савецкі камунізм і бальшавіцкую практыку, якія прывялі да руйнавання царквы. Знакамітае пераўтварэнне Пятром І Сінода ў дзяржаўнае міністэрства цалкам заняволіла іерархію РПЦ. Пазней савецкая ўлада канчаткова знішчыла яе, замяніўшы на нешта зусім іншае.

Алексій ІІ быў вымушаны публічна падтрымаць спачатку Барыса Ельцына, а потым нават Уладзіміра Пуціна з Дзмітрыем Мядзведзевым (галасаваць за якога заклікалі простых прыхаджан). Горш за тое, былі ўхваленыя ганебныя ваенныя кампаніі ў Чачні. Кадравы гэбіст Пуцін раптам зрабіўся вялікім вернікам, жонка Мядзведзева Святлана пачала «рэгулярна бываць на імшах і падтрымліваць усялякія царкоўныя дабрачынныя акцыі».

Затое РПЦ атрымала выключную дапамогу дзяржавы, зноў зрабіўшыся галоўнай канфесіяй Расіі. Як адзначаюць свецкія наглядальнікі, падобным шляхам цеснага супрацоўніцтва з дзяржавай РПЦ пад кіраўніцтвам мітрапаліта Філарэта крочыць і ў Беларусі. Менавіта ў Беларусі прыняты максімальна выгодны для праваслаўнай царквы сярод краін постсавецкай прасторы закон пра рэлігіі. Няма і гаворкі пра ўплыў Канстанцінопальскага патрыярха (як ва Украіне), альбо Беларускай праваслаўнай (замежнай) царквы, рыхтуецца падпісанне канкардату (асаблівага пагаднення) паміж РПЦ і Беларускай дзяржавай.

Складанасці ўзаемадзеяння з іншымі хрысціянскімі цэрквамі — таксама адна з праблемных пазіцый РПЦ часоў Алексія ІІ. Так і не адбылося прымірэння паміж Ватыканам і Масквой, а Маскоўскі патрыярх адкінуў усе прапановы пра магчымы візіт Папы Рымскага Яна Паўла ІІ. Калі на месца Яна Паўла ІІ быў абраны Бенедыкт XVI, у РПЦ уздыхнулі з палёгкаю. Маўляў, кожны будзе лепшы за паляка, пра што ў свой час выразна заявіў «Свабодзе» прыгаданы вышэй расійскі тэолаг айцец Андрэй Кураеў. Не пазбег абвінавачванняў у «празелітызме» на тэрыторыі кананічнага праваслаў’я падчас свайго 16-гадовага служэння ў Маскве і Тадэвуш Кандрусевіч. Хаця, па ягоных словах, за гэты час толькі некалькі сотняў рускіх з праваслаўнымі каранямі перайшлі ў каталіцызм.

Адной з прычын абачлівага стаўлення да дзейнасці католікаў у Расіі Алексія ІІ была ўнутраная слабасць РПЦ і знешні характар рэлігійнасці большасці вернікаў. Каталікі параўнаўча больш энергічныя і ўпартыя, дынамічныя і сучасныя. Рэлігійнасць расіян, нават тых, хто быў хрышчаны ў царкве, вельмі часта абмяжоўваецца крыжыкам на грудзях.

З сацыялагічных даследаванняў у Расіі вынікае, «што хаця прыналежнасць да праваслаўя дэкларуе 70% расіянаў, аднак толькі 6% з іх рэгулярна ўдзельнічаюць у царкоўным жыцці. Толькі 27% вернікаў умеюць назваць хаця б адзін з дзесяці запаветаў, а ўсе дзесяць умеюць пералічыць толькі 2%. Пасты трымаюць меней чым 10% вернікаў, а 21% не памятае, калі прыступаў да Святога Прычасця (Еўхарыстыі). Ва ўмовах рэлігійнай свабоды вернікі не хлынулі ў храмы, і гэта не толькі вынік дзесяцігоддзяў атэізацыі. Ментальна застаючыся ў XIX стагоддзі, РПЦ не здолела стаць душапастырам для народу», — мяркуе радыё «Свабода».

Складаныя ўзаемаадносіны існуюць паміж РПЦ і старэйшай праваслаўнай патрыярхіяй у свеце — Канстанцінопальскай, паводле царкоўнай традыцыі «першай сярод роўных» у праваслаўных («Primus inter pares»). Асабліва гэта датычыць юрысдыкцыі над тымі цэрквамі ў замежжы, якія засноўвала расійская царква. Праўда, Алексій ІІ прывёў РПЦ да прымірэння з царквою ў замежжы, але пры гэтым не выканаў асноўнага патрабавання з боку замежнай царквы: пакаяння ў супрацоўніцтве з камуністычным рэжымам. Не правёў Алексій ІІ і люстрацый сярод святарства з прычыны супрацоўніцтва з КДБ.

Такім чынам, РПЦ у часы Алексія ІІ перажывала няпросты перыяд, як, зрэшты, і іншыя цэрквы (хрысціянскія і не толькі) на тэрыторыі былога СССР. Яго безумоўнай заслугай, як і мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, што лічыцца яшчэ адным верагодным кандыдатам на пераемніцтва ў патрыяршым пасадзе, можна назваць захаванне цэласнасці РПЦ і адноснага царкоўнага міру. Гэта асабліва тычыцца Беларусі, дзе РПЦ традыцыйна з’яўляецца адной з дамінуючых хрысціянскіх цэркваў. Праўда, лічбы пра 75% яе паслядоўнікаў хутчэй адпавядаюць савецкай псеўданавуковай статыстыцы і ідэалогіі. Паводле іх, славянскасць поруч з гістарычнай праваслаўнасцю мацавала саюз трох асноўных рэспублік СССР. Дай Бог, каб усіх хрысціян Беларусі разам — праваслаўных, католікаў і пратэстантаў — набралася працэнтаў 20–30.

Пералічым іншых прэтэндэнтаў на пасаду патрыярха РПЦ: усе яны ўваходзяць у склад Свяшчэннага Сінода, які аб’ядноўвае сем іерархаў. Кандыдат мусіць быць архірэем РПЦ, мець узрост не маладзей за 40 год, валодаць вышэйшай багаслоўскай адукацыяй і пэўны час кіраваць адной з епархій. Апрача мітрапалітаў Кірыла і Філарэта, усур’ёз разглядаюцца кандыдатуры мітрапаліта Круціцкага і Каломенскага Ювеналія, які кіруе найбольшай у Расіі (1013 прыходаў) епархіяй. Калі абранне мітрапаліта Смаленскага і Калінінградскага Кірыла можна будзе разглядаць як жаданне большасці Памеснага сабора бачыць РПЦ адчыненай навакольнаму свету, то перавага мітрапаліта Ювеналія трактуецца як знак «дзяржаўніцка-бюракратычнага» ўзмацнення структур РПЦ у будучыні. Наймалодшы з верагодных прэтэндэнтаў — 59-гадовы мітрапаліт Калужскі Клімент, які ў кароткі перыяд з 2003 года вырас з другіх роляў у адным з сінадальных аддзелаў да кіраўніка справамі Маскоўскай патрыярхіі. Яго характарызуюць як абаяльнага, адукаванага і інтэлігентнага чалавека, кандыдатура якога здольная задаволіць розныя групоўкі ў РПЦ.

Нагадаем, папярэднік Алексія ІІ патрыярх Ціхан абіраўся простым выцягваннем жарабя з трох кандыдатур, зацверджаных Памесным саборам. Выбар Алексія ІІ у 1990 годзе быў вынікам патаемнага галасавання ўсіх архірэяў, кліру і міран у два туры. Як пройдзе Памесны сабор 25–29 студзеня 2009 года? Засталося чакаць нядоўга.

А «Новы час» чакае пытанняў сваіх чытачоў да мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэт, Патрыяршага экзарха Беларускай праваслаўнай царквы. Мы рыхтуемся да інтэрв’ю з мітрапалітам, пра якое нас прасілі чытачы пасля з’яўлення ў газеце гутаркі з галоўным каталіцкім экзархам Беларусі, арцыбіскупам Мінскім і Магілёўскім Тадэвушам Кандрусевічам. Прапануем чытачам праз газету задаць пытанні мітрапаліту (тэл. 968-79-73 або 651-21-12, або e-mail p_university@open.by ці alstep@tut.by). У хуткім часе мы перададзім пытанні Яго святасці.