Рабіць дзіцяці прышчэпкі ці не? Спытайце ў педыятра
Бацькі часам адмаўляюцца ад вакцынацыі сваіх дзяцей, матывуючы сваё рашэнне шкоднасцю прышчэпак і ўскладненнямі ад іх. Ці маюць яны рацыю? Педыятр Мая Церакулава адказвае на самыя распаўсюджаныя пытанні пра вакцынацыю.
1. Як працуюць вакцыны?
Вакцыны — гэта спосаб пазнаёміць з інфекцыяй імунітэт.
Для барацьбы з інфекцыямі ў чалавечым арганізме існуе і мунная сістэма. Імунныя клеткі не толькі знішчаюць мікробы-вірусы, бактэрыі або іх таксіны, але і запамінаюць іх. Пры паўторным інфікаванні імунітэт хутка распазнае і знішчае знаёмыя яму мікробы.
Вакцынацыя — гэта ўвядзенне ў арганізм чалавека забітых, аслабленых або частковых версій мікробаў. Захварэць ад такой драбніцы немагчыма, але імунітэту гэтага дастаткова, каб выпрацаваць спецыфічную абарону.
Вакцынацыя насельніцтва фармуе калектыўны імунітэт. Калі большасць у папуляцыі мае імунітэт да інфекцыі, яна не распаўсюджваецца.
2. Чаму вакцын так шмат?
У Беларусі праводзяць вакцынацыю ад 11 інфекцый. Некаторыя з іх не сустракаліся ўжо даўно, але калі знізіць колькасць вакцынаваных, то інфекцыя можа вярнуцца. Успышкі кантраляваных вакцынамі інфекцый перыядычна сустракаюцца ў месцах, дзе недастаткова шчыльна праводзілася вакцынацыя насельніцтва. Вакцыны ствараюць ад самых небяспечных, смяротных або інвалідызуючых інфекцый.
3. Імунітэт ад перанесенага захворвання лепш, чым сфармаваны вакцынай?
У некаторых выпадках поствакцынны імунітэт не такі ўстойлівы, як пасля перанесенай інфекцыі. Але рызыкі якія нясе інфекцыя нашмат вышэй. Так, напрыклад, адзёр забівае двух з тысячы інфіцыраваных, а выяўленая рэакцыя на вакцыну ад адзёру бывае ў аднаго з мільёна вакцынаваных. Выгада імунітэту ад вакцынацыі відавочная.
Акрамя таго, вакцыны супраць Hib (Haemophilus influenzae тыпу B) і слупняка забяспечваюць больш эфектыўны імунітэт, чым натуральная інфекцыя.
4. Чаму некаторыя вакцыны неабходна ўводзіць паўторна?
Да некаторых інфекцый фармуецца больш ўстойлівы імунітэт, чым да іншых. Гэта залежыць ад хуткасці размнажэння мікроба ў арганізме. Да хутка размнажальных мікробаў імунітэт не заўсёды паспявае выпрацаваць адказ, калі не сустракаецца з імі перыядычна. Таму часам імунітэту даводзіцца нагадваць аб гэтых інфекцыях. Так, напрыклад, вакцынацыю ад дыфтэрыі і слупняка трэба паўтараць раз у дзесяць гадоў усё жыццё.
5. Ці магчыма захварэць ад вакцыны той хваробай, ад якой яна павінна абараняць?
Калі вакцына ўтрымлівае забіты мікроб або кавалачак мікроба захварэць немагчыма.
Але саслабленая жывая вакцына з вельмі малой доляй верагоднасці можа размнажацца. Такое магчыма, напрыклад, пры СНІД-інфекцыі або хіміятэрапіі ракавых хворых. Калі імунітэт чалавека настолькі саслаблены, яму рэкамендуюць адмовіцца ад вакцынацыі. Гэтыя людзі абаронены калектыўным імунітэтам.
Жывыя вакцыны фарміруюць больш выражаны і ўстойлівы імунны адказ. Прымаючы рашэнне аб выбары жывой або інактываванай (забітай) вакцыны лекары ацэньваюць ступень рызыкі інфіцыравання. Так, напрыклад, у Беларусі выкарыстоўваецца інактываваная версія вакцыны ад поліяміэліту — ІПВ, а ў Індыі выкарыстоўваюць жывую вакцыну — ОПВ.
6. Ці можа імунная сістэма немаўлятаў справіцца з такой колькасцю вакцын?
Так. Даследаванні паказваюць, што імунная сістэма немаўлятаў можа справіцца з адначасовым атрыманнем вялікай колькасці вакцын — больш, чым рэкамендавана ў цяперашні час. Графік імунізацыі заснаваны на здольнасці немаўлятаў выпрацоўваць імунныя рэакцыі, а таксама на тым, у які перыяд яны маюць рызыку пэўных захворванняў. Напрыклад, імунітэт, які перадаецца ад маці да дзіцяці пры нараджэнні, з'яўляецца толькі часовым і звычайна не ўключае імунітэт супраць поліяміэліту, гепатыту В, гемафільнай палачкі і іншых захворванняў, якія можна прадухіліць з дапамогай вакцынацыі.
7. Чаму кожны год з'яўляецца новая вакцына супраць грыпу?
Гэта звязана з тым, што штамы вірусаў грыпу пастаянна мяняюцца. Кожны год даследчыкі выбіраюць склад вакцыны на аснове таго, якія штамы будуць цыркуляваць на працягу сезону грыпу. Штогод мы атрымліваем абарону ад новай партыі вірусаў грыпу.
8. Чаму алергія на яйкі з'яўляецца супрацьпаказаннем да атрымання вакцыны ад грыпу?
Вакцына супраць грыпу культывуюцца на бялку курынага яйка. У працэсе стварэння вакцыны выдаляецца вялікая частка яечнага бялку. Але застаюцца асцярогі, што гэтыя вакцыны могуць выклікаць рэакцыю ў людзей з алергіяй на яйкі.
Нядаўняе даследаванне паказала, што ў большасці дзяцей з алергіяй на яйкі, якім зрабілі прышчэпку ад грыпу, пабочных рэакцый не было. Прыкладна ў 5% дзяцей у доследнай групе развіліся адносна нязначныя рэакцыі, такія як крапіўніца, якая прайшла без лячэння. Такім чынам, паводле актуальных звестак, вакцыны на аснове яек не рэкамендуюцца толькі людзям з цяжкай (небяспечная для жыцця) алергіяй на яйкі.
9. Ці выклікаюць вакцыны аўтызм?
Не. Вакцыны не выклікаюць аўтызм. Гэты міф быў створаны пасля публікацыі ў 1998 годзе артыкула брытанскага лекара, які сцвярджаў, што ў яго ёсць доказы таго, што вакцына АПК (супраць адзёру, эпідэмічнага паратыту і краснухі) звязаная з аўтызмам. Патэнцыйная сувязь была старанна вывучана; даследаванне за даследаваннем не выяўляла такой сувязі, і The Lancet афіцыйна адклікаў той артыкул 1998 года. Таксама былі праведзены даследаванні аб магчымасці сувязі паміж кансервантам тыамерсалам, які выкарыстоўваецца ў некаторых вакцынах, і аўтызмам. Зноў жа, такой сувязі выяўлена не было.
Цалкам верагодна, што гэта зман захоўваецца з-за супадзення тэрмінаў паміж прышчэпкамі ў раннім дзяцінстве і першым з'яўленнем сімптомаў аўтызму.
10. Чым адрозніваюцца графікі вакцынацыі ў Беларусі і ў іншых краінах?
У больш развітых і багатых краінах нацыянальныя календары вакцынацыі ўтрымліваюць большую колькасць вакцын. Так, напрыклад, у адрозненне ад календара вакцынацыі ЗША, у нацыянальным календары Беларусі няма вакцыны ад ветранай воспы, ад віруса папіломы чалавека, ад менінгакока, клешчавога энцэфаліту. У Беларусі зарэгістраваныя гэтыя вакцыны, але бясплатна яны не праводзяцца, толькі за кошт пацыентаў.
У ЗША не вакцынуюць ад туберкулёзу, таму што там ён не распаўсюджаны. А пры паездцы ў Паўднёвую Афрыку вам давядзецца вакцынавацца ад жоўтай ліхаманкі, што не актуальна для Беларусі.
Калі ў вас з’явяцца пытанні да педыятра, пішыце нам у сацсетках ці на рэдакцыйную пошту. А мы штосуботу будзем публікаваць адказы на іх.