Рабочыя з Бабруйску паскардзіліся Лукашэнку на сваё начальства
Сябры Свабоднага прафсаюзу беларускага, стомленыя пераследам з боку кіраўніцтва заводу Трактарных дэталяў і агрэгатаў у Бабруйску, напісалі калектыўны зварот да кіраўніка Беларусі.
Пад лістом падпісаліся звольненыя цягам апошніх двух гадоў сябры Свабоднага прафсаюзу, і тыя, якіх збіраюцца звольніць сёлета 30 кастрычніка. У звароце працаўнікі апісваюць сітуацыю, што склалася вакол прафсаюзу ды распавядаюць пра эканамічны стан заводу. Яны адзначылі, што цяпер «на тэрыторыі заводу знаходзяцца больш за 700 непрададзены трактароў, якія ў прамым сэнсе гніюць праз іх нізкую якасць, і частка якіх ужо раскамплектаваная». Сярод іншых прыкладаў нядбайнасці кіраўніцтва — выпадак з «няякаснымі трактарнымі комплексамі, што былі прададзеныя ў Сербію. Туды затым камандзіравалі працаўнікоў заводу для выпраўлення браку, на што пайшла не адна тысяча долараў».
«Аляксандр Рыгоравіч! Мы звяртаемся да Вас, як да гаранта Канстытуцыі, — пішуць працаўнікі заводу Трактарных дэталяў і агрэгатаў (ТдіА) да лідара Беларусі. — Дапамажыце нам аднавіць нашае права на працу, пра якое Вы ў свой час казалі як пра фундаментальнае права беларусаў».
«Я хачу, каб хоць нехта наверсе звярнуў увагу на тое, што ў нас тут робіцца на месцах, — сказаў станочнік Мікалай Жыбуль, які чакае звальнення 30 кастрычніка. — У нас жа сацыяльная дзяржава, для народу. Дык я — народ! Я нічога не парушаў. Дык чаму я застаўся безабаронным? Чаму мне не дапаможа той, хто кажа, што ў нас усё для народу? Бо насамрэч у нас дзяржава для чыноўнікаў».
Мікалай Жыбуль прапрацаваў на заводзе 30 гадоў. Кажа, што за ўвесь гэты час не меў ніякіх заўваг да працы. Яму засталося да пенсіі 2 гады і 3 месяцы, але 30 кастрычніка гэтага года ў яго заканчваецца
чарговы пяцігадовы кантракт, які кіраўніцтва заводу вырашыла не працягваць.
«Калі я запытаўся ў дырэктара, чаму са мной не працягваюць кантракт, ён проста ў вочы мне адказаў: у сувязі з аптымізацыяй працоўных месцаў і цяжкім эканамічным становішчам заводу нам не
патрэбныя вашыя паслугі», — кажа спадар Жыбуль.
Зміцер, сябра СПБ, звольнены яшчэ год таму, калі ягоная жонка была ў дэкрэтным адпачынку, сумняецца, што зварот увогуле дойдзе да Лукашэнкі.
«А калі дойдзе, то дапаможа ці не, – не ведаю. Я падпісаўся, таму што ўсё, што там напісана, – праўда, – заўважыў Зміцер. – А ці зробіць прэзідэнт штосьці для заводу? Ён ужо “зрабіў”, бачым усе, як за час свайго кіравання ён проста забіў усю эканоміку краіны. Я б не сказаў, што ён увогуле нешта зрабіў на карысць Беларусі”.
Старшыня СПБ Міхаіл Кавалькоў кажа, што з дапамогай калектыўнага ліста працаўнікі звернуць увагу ўладаў да сітуацыі на заводзе, а гэта ўжо добра: «Мы спадзяемся, што будзе хоць нешта зроблена, каб спыніць самаўпраўства дырэктара. Асабліва на тле апошніх заяваў прэзідэнта пра беспрацоўных. Дырэктар жа заводу толькі павялічвае колькасць беспрацоўных. Звяртаемся да прэзідэнта, таму што ў гэтай краіне нам больш няма куды звяртацца, прайшлі ўжо ўсе магчымыя інстанцыі».
Свабодны прафсаюз беларускі на бабруйскім заводзе ТДіА на працягу ўжо некалькіх гадоў зведвае сталы ціск з боку адміністрацыі прадпрыемства. Адсутнасць офісу і юрыдычнага адрасу пагражае бабруйскай ячэйцы СПБ ліквідацыяй.