Расія разгортвае другую ваенную базу ў Сірыі
Расія рыхтуецца да разгортвання сілаў і сродкаў на другой ваеннай базе ў Сірыі, у тым ліку авіяцыі, частак прыкрыцця і забеспячэння, якія будуць дыслакаваныя на аэрадроме Шайрат за 35 кіламетраў на паўднёвы ўсход ад Хомса.
informnapalm.org
Як паведамляе InformNapalm, авіяцыйная групоўка ў Сірыі можа павялічыцца да 100 самалётаў. База Шайрат мае аэрадром з трохкіламетровай асноўнай узлётна-пасадкавай паласой (УПП), якая дазваляе прымаць самалёты любых тыпаў, а таксама запасной паласой, падрыхтоўка якой да выкарыстання заканчваецца зараз. Там маецца і 45 умацаваных авіяцыйных ангараў.
Крыніцы ў расійскіх сілавых структурах кажуць, што выкарыстанне базы Шайрат неабходнае для развіцця аперацыяў на поўдні і ўсходзе Сірыі. У прыватнасці, для развіцця наступу ў раёне Пальміры і далей на ўсход – у Дэйр-эз-Зор, бо першая база ў Хмэймім (правінцыя Латакія) знаходзіцца на занадта вялікай адлегласці, праз што няма магчымасці выкарыстоўваць штурмавую авіяцыю і верталёты. Расійскія ВКС ужо выкарыстоўваюць Шайрат як аэрадром падскоку. Ізраільскія крыніцы таксама пацвярджаюць актыўнасць расійскай вайскова-транспартнай авіяцыі, уключаючы самалёты Ан-124, на базе Шайрат.
17 лістапада 2015 года, падчас відэапрэзэнтацыі Мінабароны, была прадэманстраваная мапа, на якой паблізу базы Шайрат былі адзначаныя пазіцыі 5-й гаўбічнай артылерыйскай батарэі 120-й гвардзейскай артылерыйскай брыгады расійскай арміі. Таксама на мапе можна пабачыць, што станам на 14:00 6 лістапада 2015 года, на аэрадроме Шайрат пазначаныя чатыры ўдарныя верталёты Мі-24 і адзін транспартны Мі-8.
Расійскі бок афіцыйна ўсё яшчэ не прызнае ўдзелу сваіх сухапутных сілаў у аперацыі ў Сірыі. А ўсе сведчанні, пададзеныя ў сацсетках і СМІ, паводле заяваў расіян, з’яўляюцца правакацыйнымі падробкамі.
Нагадаем, 28 кастрычніка 2015 года ў ваколіцах населенага пункту Al-Shelfatiyeh (правінцыя Латакія), было зафіксаванае перасоўванне вайсковых калонаў без апазнавальных знакаў, у складзе якіх былі бронетранспарцёры, камандна-штабныя машыны, артылерыя і аўтатранспарт, якія былі ідэнтыфікаваныя як расійскі наземны кантынгент. Было выказанае меркаванне, што зафіксаваная артылерыя з'яўляецца сродкамі 120-й артылерыйскай брыгады 41-й арміі Цэнтральнае вайсковае акругі з Юргі, Кемераўскае вобласці.
Крыху пазней, у раёне г.Хама, зафіксаваная іншая расійская калона ў складзе падраздзялення 74-й асобнай матастралковай брыгады той жа Цэнтральнае вайсковае акругі, ізноў з Юргі.
На фоне гэтай інфармацыі досыць цікава гучыць заява прэм’ер-міністра Турцыі Ахмета Давутоглу, згодна з якой Турэччына разам з каралеўствам Саўдаўскае Аравіі і шэрагам іншых краінаў маюць пачаць наземную антытэрарыстычную вайсковую аперацыю на тэрыторыі Сірыйскай Арабскай Рэспублікі. З улікам таго, што мэты РФ і чальцоў кааліцыі ў Сірыі розныя, цалкам верагодныя новыя інцыдэнты з удзелам расійскіх вайскоўцаў, якія здзяйсняюць удары па пазіцыях сірыйскіх паўстанцаў, што вядуць барацьбу супроць тыраніі Асада і якіх узбройваюць розныя дзяржавы.