«Настоящее время»: за што ў Беларусі пераследуюць выдаўцоў і перакладчыцу

«Кніга — па-ранейшаму галоўны вораг» — з такім загалоўкам на канале currenttime.tv сёння выйшаў матэрыял пра пераслед беларускіх «кніжных» людзей: перакладчыцы Вольгі Калацкай, кнігавыдаўцоў Генадзя Вінярскага і Андрэя Янушкевіча, кнігараспаўсюдніка Алеся Яўдахі.

Вольга Калацкая / facebook.com

Вольга Калацкая / facebook.com


У Беларусі працягваюць затрымліваць людзей самых розных прафесій: айцішнікаў, бізнесменаў, студэнтаў, журналістаў, урачоў, спартсменаў. Хтосьці выйшаў на вуліцу мірна пратэставаць, хтосьці напісаў пра свае погляды. Колькасць крымінальных спраў у дачыненні да беларусаў пераваліла за тысячу. Цяпер улады звярнулі ўвагу на кнігавыдаўцоў і на адну з самых вядомых перакладчыц на беларускую мову — Вольгу Калацкую. Калацкая затрыманая, у астатніх прайшлі ператрусы і допыты, з іх узятая падпіска аб неразгалошванні.
«Паедзем на размову». Як вядомую беларускую перакладчыцу затрымалі за «хуліганства»

Вольга Калацкая вядомая сваімі перакладамі з англійскай мовы на беларускі твораў Вірджыніі Вулф, Тэнэсі Уільямса, Уільяма Голдынга, Пола Остэра. Адзін з апошніх яе перакладаў — «Пенелапіяда» Маргарэт Этвуд. Яна адзін з першых перакладчыкаў кніжнай серыі "Амерыканка", у якой выходзілі творы класікаў амерыканскай літаратуры. Разам з калегамі Вольга таксама перакладала на беларускую мову фільмы і мультфільмы, у тым ліку «Гладыятара», «Шрэка», «Сямейку Сміт».
Калацкую затрымалі дома 15 студзеня: яна працуе як рэпетытар і праводзіла занятак па англійскай мове. Вольга паспела напісаць у Фэйсбуку: «Мяне затрымалі, прыйшлі дадому і павезлі ў Фрунзенскае РУУС на размову».
«Гэта быў звычайны занятак, мы ўжо заканчвалі амаль. І тут званок у дзверы, даволі агрэсіўны. Я яшчэ падумала, што сама не адчыняла б дзверы пасля такога», — распавяла беларускай службе «Радыё Свабода» студэнтка, якая стала сведкай затрымання выкладчыцы. Увайшлі двое ў цывільным, у чорных масках, паказалі пасведчанне чырвонага колеру. Дзяўчына пачула, як яны сказалі Вользе: «Апранайцеся, паедзем з намі на размову ў Фрунзенскае РУУС». Жанчына спытала ў іх, як жа можна пакінуць яе 89-гадовую хворую маці, якая патрабуе догляду. На гэта ёй адказалі, што дагледзіць студэнтка, а яна сама «праз паўтары гадзінкі» вернецца.
Але дадому Вольга не вярнулася. На наступны дзень адвакату паведамілі, што Калацкую затрымалі і адвезлі на следчыя дзеянні супрацоўнікі Следчага камітэта ў рамках крымінальнай справы паводле артыкула «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх».
Адна з калег Вольгі выказала здагадку, што прычынай затрымання можа быць грамадзянская актыўнасць перакладчыцы: на прэзідэнцкіх выбарах яна была назіральніцай, а пасля хадзіла на ўсе нядзельныя маршы і акцыі салідарнасці, адкрыта пісала пра гэта ў Фэйсбуку.
Позна ўвечары 17 студзеня Беларуская асацыяцыя журналістаў паведаміла са спасылкай на родных перакладчыцы, што яе затрымалі ў сувязі з падзеямі, паказанымі ў матэрыяле супрацоўніка дзяржаўнага тэлеканала СТВ Рыгора Азаронка, у якім Вольга нібыта штурхае журналіста. (Азаронак — вядомы ў Беларусі праўладны тэлекарэспандэнт, унесены ў санкцыйны спіс Літвы, Латвіі і Эстоніі.) Але пакуль гэта толькі здагадка блізкіх перакладчыцы, афіцыйна прычыну яе пераследу не называлі.
Увесь гэты час Вольга Калацкая знаходзіцца ў зняволенні. Па інфармацыі БАЖ, на днях яе перавядуць з Мінска ў жодзінскае СІЗА. Дапамагчы яе маці і дачцэ падахвоціліся сябры і вучні Вольгі.
З патрабаваннем неадкладна вызваліць Вольгу Калацкую выступілі Беларускі ПЭН-цэнтр, ПЭН-Амерыка, а таксама вядомая канадская пісьменніца Маргарэт Этвуд, адну з кніг якой на беларускую мову пераклала Вольга Калацкая.
«Агляд» у выдаўца «Пэтсана і Фіндуса». Што адбылося з Анатолем Лазарам і Генадзем Вінярскім
За некалькі дзён да затрымання Вольгі Калацкай супрацоўнікі падатковай службы і Дэпартамента фінансавых расследаванняў прыйшлі таксама да кнігавыдаўцаў Генадзя Вінярскага, Сяргея Макарэвіча і Андрэя Янушкевіча, дызайнера кніг Анатоля Лазара, распаўсюдніка кніг Алесю Яўдаху. Усіх іх пасля ператрусу і допыту адпусцілі дадому пад падпіску аб неразгалошванні.
Сувязь з выдаўцом Генадзем Вінярскім і дызайнерам Анатолем Лазарам знікла днём 13 студзеня. Пазней высветлілася, што Лазара забралі ў фінансавую міліцыю, разам з ім павезлі кампутар. Жонцы дызайнера сказалі, што правераць, «ці сплаціў ён падаткі».
Дызайнер Анатоль Лазар, вядомы таксама як Wiecier Mechaniczny, — аўтар шматлікіх культурных праектаў. Сярод іх — дызайн календара «Не маўчы па-беларуску», праект Tuzinfm.by, прысвечаны сучаснай беларускай музыцы, дызайн вокладкі кнігі «Беларуская нацыянальная ідэя» журналіста «Еўрарадыё» Дзмітрыя Лукашука і філосафа Максіма Гарунова, серыі перакладных кніг «Амерыканка». Зусім нядаўна Анатоль Лазар скончыў працу над дызайнам кнігі «НЕрасстралянныя»  — пра дзеячаў беларускай культуры, забітых у 30-я гады супрацоўнікамі НКУС.
У той жа дзень, калі да Лазара з'явілася фінміліцыя, да выдаўца Вінярскага прыйшлі супрацоўнікі аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі. «Правялі агляд», канфіскавалі кампутары і ноўтбукі выдавецтва, тэлефон Вінярскага, а яго самога павезлі на допыт.
Генадзь Вінярскі — дырэктар прыватнага выдавецтва «Кнігазбор». У ім выйшла амаль уся класіка беларускай літаратуры, помнікі гістарычнай літаратуры і перакладныя творы сусветных аўтараў: напрыклад, зборнік «Беларускія летапісы і хронікі», выбраныя творы Уршулі Радзівіл — першай у Вялікім Княстве Літоўскім жанчыны-пісьменніцы, «Расстраляная літаратура» — зборнік твораў беларускіх пісьменнікаў, якія загінулі ў гады сталінізму, і многія іншыя.
«Кнігазбор» выдае і якасныя кнігі для дзяцей. Напрыклад, серыю казак пра Пэтсана і Фіндуса шведскага пісьменніка Свена Нурдквіста, кнігі ўкраінскай пісьменніцы Галіны Удавічэнкі «36 і 6 катоў», рэгулярна выпускае дзіцячы альманах на беларускай мове «Жэўжык». Друкуе выдавецтва і сучасных беларускіх аўтараў.
Цікава, што навіна пра соты зборнік серыі «Беларускі кнігазбор» публікавалі нават на сайце Мінабароны Беларусі.
Андрэй Янушкевіч і Алесь Яўдаха — ператрусы і затрыманні 15 студзеня
Супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў (ДФР) 15 студзеня прыйшлі ў выдавецтва «Янушкевіч» з «аглядам». Дырэктара выдавецтва Андрэя Янушкевіча выклікалі на допыт.
«Янушкевіч» выдае дакументальную і мастацкую літаратуру ў асноўным на беларускай мове. У выдавецтве выходзілі, напрыклад, раманы Джэйн Осцін «Пыха і перадузятасць», «Смерць у Венецыі» Томаса Мана, «Гары Потэр і філасофскі камень» і «Гары Потэр і таемны пакой». Раней за рускую мову,ў перакладзе па-беларуску з'явіўся працяг знакамітага рамана Януша Вішнеўскага «Адзінота ў сеціве». У 2019 годзе выпусцілі першы том сагі «Вядзьмар» Анджэя Сапкоўскага, у жніўні 2020-га — антыўтопію Джорджа Оруэла «1984».
У той жа дзень, калі на допыт павезлі Янушкевіча, супрацоўнікі ДФР прыйшлі да распаўсюдніка кніг Алеся Яўдахі, уладальніка інтэрнэт-крамы knihi.com: ён паспеў паведаміць сябрам, што міліцыя тэлефануе ў дамафон. Пры ператрусе ў Яўдахі канфіскавалі тэлефон, ноўтбук і некалькі кніг, паведаміў пазней БелаПАН. Нейкі час абодва затрыманыя не выходзілі на сувязь, пазней стала вядома, што іх адпусцілі дадому пад падпіску аб неразгалошванні.
Алеся Яўдаху ўжо пераследавалі за кнігі: у 2010 годзе падатковая служба і ДФР зацікавіліся яго беларускамоўным інтэрнэт-сэрвісам «Кнігі поштай», праз які ён адпраўляў па пошце ў розныя гарады Беларусі кнігі вядомых беларускіх аўтараў. Тады Яўдаху вінавацілі ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці. На судзе ён не прызнаў віну і заявіў, што дасылаў кнігі сябрам і знаёмым без асабістай выгады і сваёй мэтай ставіў папулярызацыю і распаўсюджанне беларускай культуры, а не заробак.
Пасля года судовых пасяджэнняў Алеся Яўдаху прызналі вінаватым і прысудзілі да года абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову і штрафу ў 57 млн. беларускіх рублёў (па курсе 2012 года — каля $6800).
У сакавіку 2017 года Алесь Яўдаха стаў адным з фігурантаў справы «Белага легіёну», распачатай пасля заявы Лукашэнкі пра «лагеры баевікоў». У межах гэтай справы 35 чалавек праходзілі па артыкуле аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў, а 20 з іх — яшчэ і па артыкуле аб незаконным узброеным фарміраванні. У выніку справа развалілася і не дайшла да суда, у лістападзе таго ж 2017 года яна была афіцыйна спыненая. Алесь Яўдаха правёў за кратамі больш за тры месяцы.
Пра прычыны пераследу Лазара, Вінярскага, Янушкевіча, Яўдахі іх калегі могуць толькі здагадвацца: мяркуюць, што ўлады атакуюць самых паспяховых у кніжным бізнэсе — тых, хто змог абудзіць цікавасць да літаратуры на беларускай мове ў вялікай колькасці чытачоў. Кнігі выдавецтваў Янушкевіча і Вінярскага былі самымі прадаванымі ў 2020 годзе, кажа адна з калег падазраваных: «Для ўлад самае страшнае — рэзананс. А калі ў людзей тэлевізар — гэта тып мыслення і лад жыцця, то кніга ў іх па-ранейшаму — галоўны вораг».