У Лідзе на судзе над мясцовым актывістам затрымалі некалькі чалавек
У Лідзе ў будынку суда былі затрыманыя людзі, якія прыйшлі на працэс у дачыненні да адміністратара мясцовага телеграм-канала, паведамляе «Наша Ніва».

Выданне адзначае, што інфармацыю паведамілі чытачы: усяго было затрымана каля 20 чалавек, якія прыйшлі на судовы працэс над адміністратарам телеграм-канала «Ліда - дошка ганьбы» Іванам Касьпяровічам. Па іншай інфармацыі, затрымалі семярых.
Як паведамляецца, у той жа зале суда за два дні да гэтага было зачытанае рашэнне ў дачыненні да актывіста Вітольда Ашурка - яго прысудзілі да пяці гадоў калоніі. Прысутныя сустрэлі прысуд крыкамі «ганьба».
Прадстаўнік МУС па Гродзенскай вобласці Яўген Дудко пацвердзіў «Нашай Ніве» сам факт затрымання. Паводле яго слоў, людзі дастаўлены ў РАУС для праверкі ў рамках адміністрацыйнага кодэкса, аднак назваць іх колькасць і за што менавіта яны былі затрыманыя ён не змог.
tut.by