У Лідзе за квіточкам да дзіцячага неўролага чаргу займаюць у пяць раніцы

У рэдакцыю TUT.BY звярнулася Наталля з Ліды і распавяла: каб запісацца на прыём да дзіцячага неўролага, бацькі займаюць чаргу па квіточкі у пяць раніцы. Праблема для раённага цэнтра не новая.

vrach_registratura_lida_1.jpg


Так, вясной мінулага года сацыяльныя сеткі абышоў фотаздымак вялізнай чагі каля ўваходу ў рэгістратуру лідскай дзіцячай паліклінікі. Па словах лідчанкі, сітуацыя на некаторы час палепшылася, аднак ужо трэці месяц маладая мама не можа патрапіць на прыём да спецыяліста.

— Для таго каб патрапіць да неўролага, ёсць тры варыянты. Гэта запіс па тэлефоне, але запісваюць зараз толькі на ліпень. Можна запісацца па інтэрнэце, але там талончыкі выкладваюць вельмі рэдка. Напрыклад, я ў канцы студзеня тры дні сядзела анлайн на сайце Лідскай ЦРБ і ўбачыла толькі адзін талончык на 3 сакавіка. Таксама ёсць варыянт ўзяць талончык у рэгістратуры. І тут пачынаецца самае цікавае. Каб заняць чаргу за талонам, трэба прыйсці да паліклінікі а 5-й раніцы, і не факт, што будзеш першай. Я паспрабавала — у 5.10 і ўжо была восьмай у чарзе, прастаяла да 7.30. Калі рэгістратура адкрылася, то, натуральна, талончык ўзяць мне не ўдалося. Такім чынам, атрымліваецца: для таго, каб патрапіць на прыём да неўролага разам з дзіцём, мне трэба альбо дзяжурыць ля паліклінікі, альбо ў чатыры раніцы ўжо быць там. Па тэлефоне запісваюць на некалькі месяцаў наперад; адпаведна, я не магу прайсці планавы агляд і паказаць дзіцяці лекару своечасова, — распавядае Наталля.

Так чарга за квіточкам да неўролага выглядала ў красавіку 2016 года. Фота Наталлі Васілеўскай з сайта pvlida.by

Так чарга за квіточкам да неўролага выглядала ў красавіку 2016 года. Фота Наталлі Васілеўскай з сайта pvlida.by

У дзіцячай паліклініцы не адмаўляюць праблему, але як вырашыць яе — не ведаюць:

 — У штатным раскладзе ў нас закладзена дзве стаўкі. Малады спецыяліст, адпрацаваўшы два гады, з'ехала. Яшчэ адзін лекар цяпер у дэкрэтным адпачынку. Апошні спецыяліст проста фізічна не можа прымаць усіх жадаючых. Яна адна на ўвесь горад і раён. А гэта каля 26 тысяч дзяцей. На дадзены момант мы не можам вырашыць гэтую праблему з-за кадраў, — распавялі у дзіцячай паліклініцы. — Так, цяпер запіс да неўролага ідзе на ліпень. Але калі ў бацькоў ёсць нейкія пытанні ці дзіця мае патрэбу ў экстранай дапамозе, то кожную раніцу ў рэгістратуры выдаецца з 7.30 пяць талончыкаў да гэтага спецыяліста. Нажаль, толькі такім чынам. Нам самім складана.

У адміністрацыі Лідскай цэнтральнай раённай бальніцы, да якой і адносіцца дзіцячая паліклініка, кажуць пра тое, што напружанасць магла паўстаць яшчэ і таму, што загадчыца стацыянарным аддзяленнем урач-неўролаг, якая таксама прымае пацыентаў, з'ехала на курсы, і дадаюць, што аднаму дзіцячаму спецыялісту фізічна вельмі цяжка весці прыём у паліклініцы.

— Штат дзіцячых неўролагаў ў Лідзе укамплектаваны цалкам — гэта дзве стаўкі. Але з 13 снежня другая доктар сышла ў дэкрэтны адпачынак. На яе месца мы не можам узяць маладога спецыяліста. Вырашыць праблему можна прыцягненнем дарослага спецыяліста. Але гэта пытанне мы будзем разглядаць пасля заканчэння прыпісной кампаніі ў ваенкамаце, бо нашы спецыялісты зараз занятыя там, — распавяла намеснік галоўнага лекара Лідскай цэнтральнай раённай бальніцы па дзяцінстве і родадапамозе Святлана Яўланава.

Паводле tut.by