Расследаванне БРЦ: Як спецслужбы ўкараняліся ў беларускую апазіцыю
Сем пашпартоў на двух супрацоўнікаў Галоўнага разведвальнага ўпраўлення пры Мінабароны Беларусі налічыў Беларускі расследавальніцкі цэнтр.
Дзмітрый Пратасевіч і Георгій Назаранка — гэта альтэрнатыўныя асобы разведчыка Юрыя Кізюка. З напарнікам Міхаілам Паветкам летам 2020 года яны ўвайшлі ў давер да валанцёраў, праніклі ў апазіцыйную арганізацыю і пазней заснавалі фірму ў Польшчы. Беларускія расследавальнікі расказваюць пра шпіёнаў і тое, як ім гэта ўдалося. «Люстэрка» апублікавала гэты тэкст з некаторымі скарачэннямі.
У гэтым расследаванні з меркаванняў іх бяспекі не называюцца некаторыя арганізацыі, імёны крыніц і не раскрываюцца дэталі, якія могуць на іх паказаць. Матэрыял падрыхтаваны ў партнёрстве з «Альянсам расследавальнікаў» і польскім выданнем Rzeczpospolita, пры падтрымцы «Кіберпартызан».
Легенда пра валанцёраў
Мінск. 11 жніўня 2020 года — трэці дзень пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. На вуліцах сталіцы — сутычкі з міліцыяй. Паводле звестак МУС, да ночы ў краіне затрымалі больш за тысячу чалавек. Тады ж склалі пратакол і на 31-гадовага Дзмітрыя Пратасевіча.
Тады ж — у жніўні — Пратасевіч звярнуўся да валанцёраў па дапамогу, паказаў ім пратакол. А з часам і сам стаў валанцёрыць — знаходзіў пацярпелых ад палітычных рэпрэсій і дапамагаў ім. Ён распаўсюджваў пратэсную сімволіку, хадзіў на маршы. Мужчына ўзяў сабе пазыўны Тутэйшы і нік Пахне чабор (Pahne Chab) у Telegram.
Гэтая гісторыя магла б падацца звычайнай у кантэксце падзей 2020 года, калі б не затрыманне Пратасевіча падчас акцыі пратэсту ў Мінску 1 лістапада.
Мужчыну затрымалі разам з яго знаёмым, прадпрымальнікам Дзянісам Гота. Пасля Готу прысудзілі 25 сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве і непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі. А Пратасевіч змог збегчы проста з мікрааўтобуса сілавікоў. Так ён патлумачыў калегам-валанцёрам сваё з’яўленне ў іх у офісе на наступны дзень пасля затрымання. Пра гэта расказалі БРЦ людзі, якія тады працавалі з ім.
Расследавальнікі прааналізавалі сотні фатаграфій, адгледзелі мноства даступных медыяфайлаў за той дзень і высветлілі, як Дзмітрый Пратасевіч нібыта здолеў збегчы. Яны прыйшлі да высновы, што, відаць, сілавікі адпусцілі мужчыну, уцёкаў не было. Як не было і самога Дзмітрыя Пратасевіча.
Чужыя пад маскай сваіх
Пратасевіч Дзмітрый Пятровіч — выдуманая асоба. Сярод валанцёраў ён апынуўся з канкрэтнай місіяй — шпіёнскай. Працаваў з напарнікам, які хаваецца пад імем Максім Кандратовіч.
Расследавальнікі пагаварылі з двума асобамі, якія займаліся валанцёрствам разам з імі і дапамагалі пацярпелым падчас пратэстаў. Адна з іх расказала, што Дзмітрый Пратасевіч цікавіўся, чым займаецца арганізацыя, хацеў даведацца падрабязнасці.
Суразмоўца згадаў, што Кандратовіч, калі ўпершыню прыйшоў да валанцёраў, таксама паказваў дакумент пра сваё затрыманне міліцыяй — даведку з ізалятара. Ён адзначыў, што «Максім — наогул закрытая кніга», не расказваў пра сябе, пра сваю працу.
Другі суразмоўца, які меў дачыненне да дабрачынных праектаў, пацвердзіў, што так званы Дзмітрый Пратасевіч быў больш адкрытым, ініцыятыўным. Таму неўзабаве пачаў кіраваць моладзевым напрамкам валанцёрскай працы.
Паводле валанцёра, Пратасевіч самастойна знаходзіў пацярпелых ад палітычных рэпрэсій, запаўняў ведамасці з іх звесткамі, прыносіў пратаколы затрыманняў і звальненняў людзей з працы за пратэсную дзейнасць. Як высветлілі расследавальнікі, як мінімум часткі пацярпелых, пра якіх паведаміў Пратасевіч і на якіх атрымаў дапамогу на прадукты, не існуе.
Як Пратасевіч трапіў у апазіцыйныя колы
Пратасевіч вясной 2021 года далучыўся да аргкамітэта па стварэнні партыі «Разам», якую планавалі зарэгістраваць сябры выбарчага штаба прэтэндэнта ў кандыдаты ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі. Каардынатар аргкамітэта «Разам» Іван Краўцоў пацвердзіў удзел Пратасевіча ў іх праектах. Ён расказаў, што пра гэтага чалавека была вядомая толькі фармальная інфармацыя, якую ён, «як і ўсе астатнія 5000 чалавек, падаў для рэгістрацыі ў якасці сябра аргкамітэта па стварэнні партыі „Разам“».
«Таксама ён прысутнічаў на адной з сустрэч нашых прыхільнікаў у Варшаве ў 2021 годзе і ўдзельнічаў у адным з нашых адукацыйных анлайн-праектаў у 2022 годзе. Ніякага доступу да ўнутранай інфармацыі нашай арганізацыі Дзмітрый Пратасевіч не меў, працы на нашае даручэнне не праводзіў. Актуальнае месцазнаходжанне нам не вядомае», — дадаў Краўцоў.
Як насамрэч завуць Пратасевіча і Кандратовіча і што пра іх вядома
Навязлівасць Пратасевіча і Кандратовіча, падрабязныя роспыты пра дзейнасць арганізацый пачалі выклікаць падазрэнні ў іх калегаў. У пачатку 2024 года тыя звярнуліся да незалежных журналістаў, сярод якіх былі і расследавальнікі БРЦ. Пасля праверкі стала зразумела, што Пратасевіч і Кандратовіч не тыя, за каго сябе выдаюць.
На фота злева — Юрый Алегавіч Кізюк, старшы лейтэнант міліцыі з аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Навагрудскага РАУС. На фота справа — валанцёр Дзмітрый Пятровіч Пратасевіч. Гэта адзін і той жа чалавек.
Юрый Кізюк у Дзмітрыя Пратасевіча ператвараўся паступова. Расследавальнікі лічаць, што першым крокам стаў запыт міліцыянта ў чэрвені 2015 года ў Камітэт дзяржаўнай бяспекі наконт наяўных там вакансіях. БРЦ атрымаў яго дзякуючы «Кіберпартызанам». Што яму адказалі, нам не вядома, але ўжо ў 2016 годзе ў ягонай асабістай справе з’явіўся запіс «адкамандзіраваны ў ГУУС г. Мінска».
А праз тры гады Кізюк выбывае з МУС і пераводзіцца ў Міністэрства абароны. Новым месцам службы ўжо капітана становіцца вайсковая частка 45 523 у Мінску — гэта ўпраўленне замежнай інфармацыі і камунікацыі Галоўнага разведвальнага ўпраўлення (ГРУ).
З 2018 года ў частцы 45 523, паводле звестак «Кіберпартызан», ужо служыў Міхаіл Уладзіслававіч Паветка. Гэта сапраўднае імя другога героя гэтага тэксту — валанцёра Максіма Кандратовіча.
Расследавальнікам удалося знайсці фота Паветкі ў пагонах на старонках «Беларускай вайсковай газеты» за 30 лістапада 2016 года. Пад здымкам напісана, што на той момант ён ужо атрымаў званне старшага лейтэнанта юстыцыі і займаў пасаду дазнаўцы аддзела дазнання і вышуку вайсковай камендатуры Узброеных сіл.
Міхаіл Паветка — равеснік Юрыя Кізюка. Яны ў адзін час вучыліся ў Акадэміі МУС, але Паветка не працаваў у міліцыі. З 2015 да 2018 года, перад тым як трапіць у разведку, ён працаваў у вайсковай камендатуры Мінска.
Калі ў Беларусі ў 2020 годзе пасля выбараў пачаліся пратэсты, паводле інфармацыі «Кіберпартызан», Паветка і Кізюк усё яшчэ служылі ў вайсковай частцы 45 523 і ў іх было па некалькі пашпартоў на розныя імёны. Абодва мелі не толькі альтэрнатыўныя асобы, але і альтэрнатыўных жонак, дзяцей і бацькоў.
У Юрыя Кізюка ў той перыяд было чатыры пашпарты. Паводле звестак з гэтага, ён нарадзіўся ў 1991 годзе, у яго ёсць жонка Кізюк Т.П. У Міхаіла Паветкі было тры пашпарты. У цяперашнім, з яго імем і прозвішчам, напісана, што ён нарадзіўся ў 1991 годзе ў вёсцы Жмураўка Рэчыцкага раёна. Яго былая жонка — Паветка А.В. у іх ёсць няпоўнагадовы сын.
Як у гэтай гісторыі з’явілася зарэгістраваная ў Польшчы фірма
У 2021 годзе некаторыя беларускія дабрачынныя арганізацыі пачалі пераязджаць у Еўропу. Кізюк і Паветка паехалі за імі і працягнулі шпіёніць сярод валанцёраў і ў колах дэмсілаў ужо на тэрыторыі Польшчы.
Паводле звестак польскага рэестра юрыдычных асобаў, у снежні 2022 года Міхаіл Паветка пад выглядам Максіма Кандратовіча стаў адным з заснавальнікаў польскай кампаніі Arkmaxx group. У жніўні 2023-га ў склад заснавальнікаў фірмы з фальшывым пашпартам на імя Дзмітрыя Пратасевіча ўвайшоў і Юрый Кізюк.
Мяркуючы са справаздачных звестак, кампанія не вядзе ніякай дзейнасці і, імаверна, была створаная для наладжвання новых кантактаў і ўмацавання легендаў разведчыкаў.
Расследавальнікі пагаварылі з Аляксандрам Карповічам, які ў выпісцы з польскага рэестра юрыдычных асобаў таксама фігуруе як заснавальнік Arkmaxx group. Ён расказаў, што з Пратасевічам і Кандратовічам пазнаёміўся ў лютым 2022 года «па рэкамендацыі ад правераных людзей».
Фірма ім была патрэбная як аддзел продажаў дамоў, паведаміў суразмоўца. Паводле легенды, у Беларусі была вытворчасць, якая пераязджае ў Латвію, у іх ёсць мантажная брыгада, прадукцыя прадаецца ў Іспанію. А юрыдычная асоба ў Польшчы ім патрэбная, каб нібыта выйсці на польскі рынак.
Суразмоўца пацвердзіў, што фірма не вяла ніякай дзейнасці. Апошні раз, паводле Карповіча, яму ўдалося звязацца з Кандратовічам у пачатку вясны 2024 года. Ён быў заняты, размаўлялі праз перапіску.
Журналісты БРЦ спрабавалі датэлефанавацца да абодвух разведчыкаў. Аднак нумары, якія меркавана ім належалі, альбо недаступныя, альбо перайшлі да іншых уладальнікаў, альбо па іх не адказалі.
У прэс-службе Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, куды БРЦ даслаў запыт, расказалі, што яны ведаюць пра беларускіх шпіёнаў.
«Але мы лічым важным адзначыць, што гэтай справай, як нам вядома, ужо займаюцца спецыяльныя службы Польшчы і агалошванне інфармацыі пра гэтую справу ў цяперашні момант можа перашкодзіць працы польскіх праваахоўных органаў», — адзначылі ў НАУ.
Журналісты БРЦ таксама напісалі запыт у пракуратуру Польшчы з пытаннем, ці вядома ведамству нешта пра дзейнасць Пратасевіча і Кандратовіча на тэрыторыі краіны. Адказу на момант выхаду расследавання БРЦ не атрымаў.