Беларуса ў Польшчы будуць судзіць за шпіянаж на карысць беларускіх спецслужбаў
Польскі суд рыхтуецца разгледзець чарговую справу аб шпіянажы ў дачыненні ў тым ліку беларуса. Мужчыну падазраюць у выведцы вайсковых аб’ектаў у Белай Падляскай і наладжванні каналаў сувязі з прадстаўнікамі беларускіх спецслужбаў, піша «Белсат».
Пра перадачу ў суд матэрыялаў крымінальнай справы ў дачыненні двух мужчынаў, якія абвінавачваюцца ў шпіянажы на карысць беларускай выведкі, паведамляе Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы (АУБ).
Адзначаецца, што фігурантамі справы выступаюць 53-гадовы грамадзянін Беларусі Мікалай М. і 59-гадовы грамадзянін Польшчы Бэрнард С.
Паводле звестак польскай спецслужбы, мужчыны праводзілі выведку вайсковых аб’ектаў і аб’ектаў АУБ у Белай Падляскай (горад непадалёк мяжы з Беларуссю), а таксама займаліся «арганізацыяй каналаў сувязі з прадстаўнікамі беларускіх спецслужбаў».
«Расследаванне, пачатае на падставе матэрыялаў, атрыманых службай вайсковай контрвыведкі [Польшчы], праводзілася супрацоўнікамі прадстаўніцтва АУБ у Любліне пад наглядам акруговай пракуратуры», – гаворыцца ў прэс-рэлізе.
Паведамляецца, што затрыманыя «мелі шырокія кантакты, як камерцыйныя, так і сацыяльныя». Галоўны падазраваны нарадзіўся ў Львове, свабодна валодаў польскай мовай і лічыўся экспертам у галіне чыгуначнага транспарту.
Пры гэтым у здзяйсненні больш цяжкіх злачынстваў абвінавачваецца беларус. Ён, як заяўляецца, у 2018–2023 гадах займаўся ў Белай Падляскай выведкай «ваколіцаў вайсковага аэрапорту і аб’екту АУБ», збіраў інфармацыю пра чыгуначную інфраструктуру, перамяшчэнне вайсковай тэхнікі, арганізоўваў «канал сувязі з прадстаўнікамі Камітэту дзяржаўнай бяспекі Беларусі».
Абвінавачанне грамадзяніну Беларусі выстаўленае паводле ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэксу Польшчы («Шпіянаж – удзел у дзейнасці замежнай выведкі»). Ён узяты пад варту. Польскі грамадзянін абвінавачваецца паводле ч. 3 арт. 18 («Дапамаганне») і ч. 1 арт. 130 КК Польшчы. Падкрэсліваецца, што абодва фігуранты прызналі сябе вінаватымі.
Беларускія спецслужбы дзеюць не толькі ў Польшчы. Так, у Літве супраць беларусаў рэгулярна чыняць правакацыі, аднак правакатары часам робяць неўласцівыя літоўцам памылкі ў надпісах па-літоўску. З Літвы масава выганяюць беларусаў, у якіх бачаць «пагрозу нацыянальнай бяспецы», нават высылалі работнікаў амбасады Беларусі, якіх назвалі выведнікамі пад прыкрыццём.
Што праўда, пакуль адзіны публічна вядомы вырак за шпіянаж на карысць Беларусі ў Літве – суд над грамадзянінам Літвы Мантасам Даніелюсам. Таксама расказвалі пра некалькі чалавек, якім выстаўленыя абвінавачанні ў шпіянажы, вось толькі яны грамадзяне Літвы, якіх, меркавана, завербавалі ў часе паездак у Беларусь. А пра затрыманне беларусаў, якія шпегавалі для Беларусі ці Расеі, паведамленняў адшукаць не ўдалося.
Іншая рэч у Польшчы. У канцы 2023 года паведамлялі, што за сем гадоў польская контрвыведка затрымала 46 шпіёнаў з Беларусі і Расеі, з іх не менш за 22 асобы – з пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. За першую палову 2024 года затрымалі яшчэ 18 чалавек, якіх западозрылі ў шпіянажы на карысць Беларусі і Расеі.