«Рэакцыя — смех». Беларус з Лондана, на якога завялі справу за «напад на дыпламатаў», адказаў следчым
Максім Зуеў — адзін з чатырох беларусаў, у дачыненні да якіх 14 красавіка Следчы камітэт распачаў адмысловую вытворчасць. Мужчыну і трох яго знаёмых абвінавачваюць у «нападзе на супрацоўнікаў дыпмісіі» каля будынка амбасады Беларусі ў Лондане ў снежні 2021 года. Максім сам звязаўся з рэдакцыяй «Л*стэрка», каб падзяліцца меркаваннем з нагоды гэтай сітуацыі.
Максім вырашыў выказацца, каб «такія людзі, як Азаронак, потым не сказалі, што ён спалохаўся». «Ніхто не спалохаўся», — адзначае мужчына.
У снежні 2021 года прэс-служба беларускага МЗС заяўляла, што
група асоб атакавала фасад будынка, а пазней адзін з мужчын нанёс «сур'ёзныя
цялесныя калечанні» консулу, пасля чаго ва ўстанове аховы здароўя ў дыпламата
былі дыягнаставаны пералом носа, страсенне мазгоў лёгкай ступені і траўматычны
пералом зуба.
Адзін з мужчын — гэта Максім, і ў яго была іншая версія
таго, што адбылося. Ён не хаваў, што кідаў яйкі ў будынак амбасады, але
сцвярджаў, што даў дыпламату толькі аплявуху. Прычым гэта быў не той чалавек, у
якога зламаны нос, зуб і страсенне мазгоў.
Пасля інцыдэнту Максіма затрымалі. Праз 21 гадзіну яго
адпусцілі з паліцэйскага ўчастка і з тых часоў не выклікалі.
— Тэрмін на расследаванне паводле гэтага артыкула — шэсць
месяцаў. Паводле слоў майго адваката, калі пасля заканчэння гэтага перыяду справу не
перадалі ў суд (а яе не перадалі), значыць, яна закрыта. Больш паліцыя да мяне
не звярталася, — апісвае сітуацыю суразмоўца. — Адзінае, ведаю, праз шэсць
месяцаў пасля таго, што здарылася, беларускія дыпламаты спрабавалі праціснуць праз следства, што нібыта фасаду амбасады нанесены ўрон у раёне 40 тысяч фунтаў
(больш за 126 тысяч беларускіх рублёў). Тлумачылі яны гэта так:
будынак гістарычны, разбітыя яйкі засохлі на сценах, у выніку давялося
выклікаць спецыяліста па афарбоўцы. Кошт фарбы плюс праца абышліся ў 40 тысяч
фунтаў. Усё гэта толькі са слоў майго адваката. Ніякага дакументальнага пацвярджэння
мне не прыходзіла.
Максім працуе бухгалтарам. У Англію ён пераехаў у 1999-м, з
тых часоў бываў на радзіме толькі ў гасцях. У Беларусі ён зарэгістраваны ў
кватэры ў бацькоў.
— У лютым 2022-га там прайшоў ператрус, маму павезлі ў СК,
дзе паказалі відэа з інцыдэнтам ля амбасады. На гэта яна спытала: «А што, у
Вялікабрытаніі нельга па-руску лаяцца матам?» І вярнулася дадому, — распавядае суразмоўца. — Ёй казалі, што ў кватэры могуць падняць падлогі. Яна
адказала: «Трэба, падымайце», але больш яе не чапалі. Цяпер мама не жыве
па гэтым адрасе, але пошту там правяраюць. Ніякіх папер для мяне пакуль не
прыходзіла.
Пра тое, што на яго і трох знаёмых завялі спецвытворчасць,
мужчына даведаўся з навін. Успамінае, што першай рэакцыяй на навіну быў смех,
другой — сарказм.
— Ну, а як да гэтага можна ставіцца? Следчы камітэт не мае
паўнамоцтваў у Вялікабрытаніі. А мясцовая паліцыя правяла расследаванне і
ніякіх важкіх доказаў, каб перадаць справу ў суд, не знайшла, — не хавае эмоцый
суразмоўца. — Знаёмыя, прозвішчы якіх таксама фігуруюць у спецвытворчасці,
рэагуюць гэтак жа, як і я. Калі пасля выбараў беларускія ўлады заявілі,
што ў краіне не да законаў, стала зразумела: ад іх можна чакаць чаго заўгодна,
таму мы меркавалі такі паварот у сітуацыі. Але самае цікавае, што ў
Вялікабрытаніі ніхто, акрамя мяне, па гэтай справе больш не праходзіў. Людзей
нават не арыштоўвалі. Я так разумею, іх прозвішчы з'явіліся ў СК, таму што ў
той вечар яны былі побач з амбасадай і следчыя змаглі іх апазнаць. Цяпер Следчы
камітэт імкнецца паказаць, што гэта было здзейснена групай асоб.
Са сваім англійскім адвакатам новы віток у сітуацыі Максім
не абмяркоўваў. Кажа, не бачыць сэнсу: «Калі хтосьці ў Беларусі спрабуе
надзімаць шчокі — гэта ўжо іх справы».
— А што я магу зрабіць? Звязвацца з СК — гэта нічога не
зменіць, — адказвае Максім на пытанне, што будзе рабіць далей. — Прысуд яны
выпішуць той, які захочуць. Адзінае, што ў нашых сілах, — гэта працягваць
барацьбу, каб, як кажа Святлана Ціханоўская, у краіне прайшлі нармальныя
дэмакратычныя выбары. А потым падаваць хадайніцтва, што справа ў дачыненні да
нас незаконная. Іншага выйсця я не бачу.
Нагадаем, пад спецыяльную вытворчасць трапілі: Вадзім
Багаўкоў, Максім Зуеў, Аляксандр Напрэенка, Сяргей Рабушка.
Абвінавачанні ім выстаўлены паводле артыкулаў:
ч.3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса («Наўмысныя дзеянні, накіраваныя на распальванне іншай сацыяльнай варожасці і варожасці па прыкмеце іншай сацыяльнай
прыналежнасці, злучаныя з гвалтам, учыненыя групай асоб, якія пацягнулі іншыя
цяжкія наступствы»);
ч.3 арт. 218 КК («Наўмыснае пашкоджанне чужой маёмасці, што пацягнула прычыненне шкоды ў асабліва буйным памеры»);
ч.1 арт. 366 КК («Гвалт альбо пагроза гвалтам, знішчэннем або пашкоджаннем маёмасці ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, <...> з мэтай перашкоды законнай дзейнасці або прымусу да змены характару гэтай дзейнасці альбо з помсты за выкананне службовых абавязкаў або грамадскага абавязку»).
Багаўкова і Зуева абвінавачваюць па ўсіх трох артыкулах, Напрэенку і Рабушку — толькі па артыкулах 130 і 218.