Рэдактара «Першага Рэгіёна» Паўла Дайліда дапыталі ў Івацэвіцкім РАУС

Першапачаткова Паўлу Дайліду паведамілі, што падставай для размовы нібыта з’яўляецца крымінальная справа, распачатая ў Лунінцы ў дачыненні да невысветленай асобы — і рэдактара трэба дапытаць у якасці сведкі, распавядае БАЖ.

daylid.jpg

У выніку размова, якая адбылася 10 снежня ў Івацэвіцкім РАУС, тычылася крымінальнай справы наконт распальвання варожасці за каментар у адным з Telegram-каналаў, які асвятляе падзеі ў Лунінцы.

Павел Дайлід патлумачыў, што не мае дачынення да гэтага Telegram-канала і не ведае нікога з тых, хто пісаў каментары. Пры гэтым супрацоўнікі івацэвіцкай міліцыі хацелі правесці агляд мабільнага тэлефона журналіста.

«Я спытаў наконт санкцыі пракурора. Паколькі яе не было, адмовіўся паказваць свой тэлефон, скарыстаўшыся канстытуцыйным правам на таямніцу перапіскі», — распавёў Павел Дайлід службе маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Пасля гэтага міліцыянты хацелі вынесці яму афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці ўдзелу ў экстрэмісцкай дзейнасці.

«Я пытаўся, якія канкрэтна ў маіх дзеяннях ёсць прыкметы схільнасці да экстрэмізму і адказу не атрымаў, — кажа Павел Дайлід. — Таму выказаў пажаданне атрымаць копію дакумента, каб абскардзіць папярэджанне пракурору. Потым доўга высвятлялі, ці можна мне даць копію, а ў выніку адмовіліся выносіць папярэджанне».

Варта таксама дадаць, што тэхніка Паўла Дайліда некалькі месяцаў знаходзілася на аглядзе у аддзеле КДБ у Бярозе, і толькі зусім нядаўна яе  вярнулі журналісту.

«З такім поспехам міліцыя можа апытваць сотні людзей, якія знаходзяцца ў той ці іншай групе ў сацыяльных сетках. А варта было б займацца сапраўды патрэбнай справай — барацьбой з крыміналам ці з ашуканцамі, якіх вельмі шмат зараз у інтэрнэце. Але пакуль выглядае на тое, што больш важная справа — гэта падсоўваць законапаслухмянаму грамадзяніну паперкі з папярэджаннямі аб экстрэмізме», — падсумаваў рэдактар «Першага Рэгіёна» вынікі свайго візіту ў Івацэвіцкі раённы аддзел міліцыі.