Рэпрэсіі дайшлі да ромаў. На Гарадзеншчыне ліквідуюць «абшчыну»

У Гродзенскім абласным судзе 26 траўня пройдзе пасяджэнне аб ліквідацыі раённага грамадскага аб’яднання «Ашмянская цыганская абшчына». У суд па справе арганізацыі выкліканы цыганскі барон.

Прадстаўнікі «Ашмянскай цыганскай абшчыны» выступаюць на Фестывалі нацыянальных культур. Фота «Гродзенскай праўды»

Прадстаўнікі «Ашмянскай цыганскай абшчыны» выступаюць на Фестывалі нацыянальных культур. Фота «Гродзенскай праўды»

Як паведамляе выданне hr*dna.life, ісцом па справе з’яўляецца Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама. Суддзя — Святлана Даўгашэй. Чым цыганы не дагадзілі ўладзе, невядома.

«Ашмянская цыганская абшчына» зарэгістраваная з 2003 года. На 1 студзеня 2022 года ў ёй было 22 чалавекі, у 2014-м — 30. Публічных мерапрыемстваў апошнім часам яны не праводзілі.

Старшыня абшчыны, ён жа цыганскі барон — Артур Ягораў. Суполка прывозіла на Фестываль нацыянальных культур у Гродне ансамбль «Джана Рома». Паводле інфармацыі «Гродзенскай праўды», на Ашмяншчыне жыве больш за 200 прадстаўнікоў народнасці рома. Паводле перапісу насельніцтва 2009 года, у Беларусі - 7079 прадстаўнікоў.

Варта адзначыць, што прадстаўнікоў народнасці ў лукашэнкаўскай Беларусі дыскрымінуюць даўно. Былы міліцыянт з Магілёва яшчэ ў 2019 годзе распавядаў «Св*бодзе», што ў Міністэрстве ўнутраных спраў нават ёсць неафіцыйная праграма ў дачыненні да рома, якія пражываюць у Беларусі.

Даследаванне грамадскай ініцыятывы Romaintegration пацвярджае гэты факт. Паводле іх інфармацыі, 80% прадстаўнікоў рома ў Беларусі сутыкаліся з затрыманнямі і шматразовай дактыласкапіяй.

Адным з яскравых пракладаў пераследу цыганоў сталі міліцэйскія рэйды ў мікрараёне Чапаеўка ў Магілёве ў тым жа 2019 годзе.

Тады ў абласным цэнты пры загадкавых абставінах загінуў 22-гадовы лейтэнант дарожна-патрульнай службы ДАІ Яўген Патаповіч. Яго знайшлі мёртвым у лесе. Труп быў у кайданках, без штаноў, побач — пісталет, абярэмак дроў, рыдлёўка. Следчы камітэт заявіў, што Патаповіча забілі падчас выканання службовых абавязкаў.

Сілавікі западозрылі прадстаўнікоў мясцовых рома ў датычнасці да смерці міліцыянта. З афіцыйнага паведамлення вынікала, што Патаповіча выкралі цыганы на чорнай «Волзе» з расійскімі нумарамі.

У выніку цягам некалькіх дзён ў Чапаеўцы, у Магілёве і па ўсёй Беларусі прайшлі масавыя затрыманні цыганоў. Некаторыя з іх па вызваленні казалі, што міліцыянты іх білі.

Пазней версія з выкраданнем міліцыянта на чорнай «Волзе» перастала лічыцца прыярытэтнай. А ў выніку следства прыйшло да высновы, штобыла вымушана  Патаповіч скончыў жыццё самагубствам. 

Тагачасны міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч пры гэтым назваў абгрунтаванай «праверку» цыганскай супольнасці ў Магілёве і адмовіўся выбачацца перад прадстаўнікамі рома. За яго выбачэнні цаганам прынесла на той момант кіраўніца адміністрацыі Лукашэнкі Наталля Качанава.