«Каго любіш? — Люблю Беларусь!» І сапраўды — а чаго яшчэ трэба?
Культуролаг Максім Жбанкоў на «Нямецкай хвалі» выказаўся пра прысуд Паўлу Белавусу і змаганне рэжыму з беларускай культурай.
Беларусь трывала завісла ў чорным Залюстрэччы. Пасля груба разыграных рэжымам прэзідэнцкіх выбараў 2020-га краіна раптам правалілася ў таннае кіно з відэасалонаў 1980-х, дзе выбіваюць дзверы і страляюць ва ўпор, на скрыжаваннях топчуцца чорныя патрулі, у тэлевізары б'юцца ў істэрыцы запісныя прапагандысты, графік арыштаў працуе без выхадных. І вялікім поспехам лічыцца беспраблемны прыём перадачы ў СІЗА. Ці тое, што па цябе пакуль не прыйшлі. Нядаўні прысуд культур-актывісту Паўлу Белавусу — 13 гадоў пазбаўлення волі — не проста тэрмін. Гэта яшчэ і дыягназ дзяржаўнай культурнай палітыцы.
Як быць з жывой культурай?
З культурай у беларускага рэжыму складанасці былі заўсёды. Паколькі ён, перажыўшы на пачатку 1990-х пару гадоў дэмакратычнага раздраю, затым акуратна вярнуўся ў звыклы квазісавецкі расклад. Дзе дзеячы культуры — агітбрыгада пры ўсенародным начальстве, сэрвіснае абслугоўванне дзяржаўных уцех і спраўны генератар масавага энтузіязму. Адміністрацыйная кіравальнасць творчым працэсам і блакада непажаданага крэатыву былі гарантам стабільнасці калектыўнай душы і яе нязменнага знаходжання ў стане захопленага анабіёзу.
Як быць з жывой культурай? Наверсе не ведаў ніхто. Прастадушнае начальства разумнікаў не вітала, авангарду баялася, рок-н-рол лічыла варожай дыверсіяй, а нелаяльных літаратараў успрымала як агентаў замежжа. Іншымі словамі, настальгічная савецкая матрыца з цэнтрам у Маскве была безумоўна «нашай». Усё іншае — патэнцыйна «чужым» і небяспечным.
А таму нацыянальнае будаўніцтва часоў Лукашэнкі аказалася вельмі дзіўным: беларуская незалежнасць ляпілася з савецкага бюракратызму і расійскай культурнай экспансіі. Уласна нацыянальнага з культуркі ў рэжыму было, увогуле, усяго нічога: тэатр оперы і балета, цэнтральная бібліятэка, жменя бюджэтных драмтэатраў, праўладны «Саюз пісьменнікаў», мастацкі музей і дзяржаўны ансамбль «Песняры». Ну, плюс яшчэ жанчыны з прыпеўкамі на чарговых «Дажынках» — асалода мясцовых алкаголікаў.
Новае пакаленне культур-менеджараў
Увесь гэты шумавы кардэбалет не адмяняў — ды і не мог адмяніць — незалежнага культурнага актывізму. Падпольнае кіно, музычная альтэрнатыва, вольныя літаратары, дзёрзкія інтэлектуалы — гэта, у прынцыпе, было заўсёды. Але ў 2010-х, калі пасля чарговай «элегантнай перамогі» на прэзідэнцкіх выбарах (як водзіцца, з сілавым разгонам нязгодных і пачкамі затрыманых) рэжым злёгку расслабіўся і вырашыў пагуляць у «лайтовую беларусізацыю», на сцэну выйшла новае пакаленне культур-менеджараў. Свежыя хлопцы без траўматычнага вдосведу палітычных паражэнняў і дзяжурных лозунгаў у галовах.
«Каго любіш? — Люблю Беларусь!» І сапраўды — а чаго яшчэ трэба?
Павел Белавус і іншыя заняліся беспартыйным нацыянальным дызайнам. Майкі з прынтамі герояў, сеткавыя праграмы, канцэрты і паліграфія, фэсты беларускай мовы, курсы відэамантажу, рэкламныя кампаніі... Патрыятызм ператвараўся ў поп-прадукт новага пакалення. У прыкідзе ад белавусаўскага «Symbal.by» можна было лёгка ўявіць, што ты ўнутрана вольны і цалкам сабе беларус. Гэтая гульня ў незалежнасць да пэўнага моманту задавальняла абодва бакі — пакуль дызайн не спрачаўся з рэжымам, а рэжым не ўключыў культурнага цэнзара.
Улетку 2020-га ўсе ўмоўныя дамоўленасці абнуліліся. Дызайн стаў пратэсным. Рэжым выйшаў на паляванне. Вулічныя перформансы масавых акцый напалохалі лукашыстаў сваёй прынцыповай дэцэнтралізацыяй і несумяшчальнасцю з усімі банальнымі клішэ «антыдзяржаўнай дзейнасці». Уявіць, што масоўка проста стамілася ад дзяржаўнага трызнення і паднялася без «лялькаводаў», было страшна і дзіўна. Значыць, шукай вінаватых. Вечнае пытанне «Хто завадатар?» патрабавала тэрміновага адказу. А правераны досвед «вялікага брата» ўжо падказваў: «Нацыянал-экстрэмісты! Ворагі дзяржавы!» Дарэчы, вось яны побач. І нават асабліва не хаваюцца. Зусім азвярэлі са сваім Каліноўскім і вышымайкамі. Давай зачыстку.
Не тыя сігналы. Не зацверджаныя мэсэджы. Мова незразумелая. Прынты дзёрзкія. Бейсболкі правакатыўныя. Білборды нейкія няправільныя. А хто дазволіў кніжкі шкодныя рассылаць? І яшчэ да вас падатковую адправім.
Запушчаны рэжым культурнага тэрору імперскага ўзору
Стабільна трывожнае беларускае начальства блытае незалежны крэатыў з баявой правакацыяй. Чытае «не тую» культурнасць як палітычны выклік. І змагаецца з ёю праверанымі паліцэйскімі метадамі. Запушчаны рэжым культурнага тэрору імперскага ўзору. І першым пад раздачу заканамерна лёг нацыянальна арыентаваны культурны бізнес.
Тэрор уключаны, паколькі іншых варыянтаў «адказу» альтэрнатыўнаму крэатыву рэжым знайсці не ў сілах. Па справе адказаць няма чым. Ну проста зусім. Ні ідэалогіі нацыянальнага будаўніцтва, ні нацыянальнай ідэі, ні сваёй культуры — ды і, уласна, нацыі — у цяперашняй улады няма. Ёсць скокі марыянетак, хаатычны сілавы балет без сэнсу і мэты.
Шумавая рыторыка пра «пагрозу нацыянальнай бяспецы» і «дзяржздраду» не можа схаваць відавочнага: ад Белавуса абараняецца не нацыя, а рэжым. Які бачыць у незалежным арт-актывізме пагрозу сваёй пустаце.
Павел Белавус сеў за культуру. Пакараны за патрыятызм. І, здаецца, нікога ўжо не здзіўляе гранічнае трызненне сітуацыі: беларуская дзяржава карае беларуса за прасоўванне беларускасці.