Хронікі рэпрэсій за 17 траўня. «Аблава» ГУБАЗіКа, новыя палітвязні і «экстрэмісцкія фарміраванні»
Колькасць афіцыйна прызнаных палітвязняў пераваліла за 1500. Тым часам сілавікі праводзяць «аблавы» знявольваюць усё больш людзей.
***
ГУБАЗіК зладзіў аблаву ў Брэсце. Затрымалі траіх мужчын: Аляксандра, Кірыла і Яўгена, — іх узялі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Кірыла вінавацяць таксама ў «распаўсюдзе экстрэмісцкай сімволікі». Праваабаронцы паведамляюць таксама, што Кірыла і Яўгена вінавацяць па артыкуле 19.11 КаАП. Калі мужчын затрымалі, невядома.
***
Проста на працоўным месцы ў Акадэміі навук затрыманая экс-дэпутатка Алена Анісім. Паведамляецца, што затрыманне праходзіла з «маскі-шоу». Прычыны затрымання пакуль невядомыя.
***
Сёння, 17 траўня, Гомельскі абласны суд падчас закрытага судовага пасяджэння вынес прысуд Віктару Яроменку. Мужчына быў асуджаны на 5 гадоў строгага рэжыму. Яго абвінавачвалі ў «распальванні іншай сацыяльнай варожасці» (ч.1 арт.130 Крымінальнага кодэкса) і ў іншых злачынствах.
***
Палітзняволенага анархіста Дзмітрыя Рэзановіча нядаўна змяшчалі ў ШІЗА на 8 сутак. Рэзановіч быў затрыманы напрыканцы кастрычніка 2020 года. 22 снежня Мінскі абласны суд прызначыў анархістам Аліневічу і Раманаву па 20 гадоў калоніі; Рэзановічу — 19 гадоў калоніі; Дубоўскаму — 18 гадоў калоніі. Суд з першага пасяджэння праходзіў у закрытым рэжыме.
***
Падчас аблавы сілавікі затрымалі экс-галоўрэда «Новай газеты Смаргоні» — ён днямі выйшаў на волю. Відэа з Рамуальдам Уланам, былым уладальнікам і галоўным рэдактарам выдання, апублікаваў 17 траўня набліжаны да ГУБАЗіКа Тэлеграм-канал.
Рамуальд быў затрыманы разам з яшчэ пяццю людзьмі падчас аблавы сілавікоў. У роліку ён расказаў, што ў яго тэлефоне знайшлі «экстрэмісцкія матэрыялы, якія адлюстроўваюць БЧБ-сімволіку», і паабяцаў іх выдаліць.
Калі прайшло затрыманне, невядома. Усіх затрыманых адправілі ў ізалятар часовага ўтрымання Гомеля.
***
Палітвязень Яўген Прапольскі правёў у ШІЗА 130 сутак. Яго прысудзілі да 8 гадоў пазбаўлення волі па справе «ўдзельнікаў чата». На судзе ён расказаў пра катаванні: «Мяне прымусілі напісаць чыстасардэчнае прызнанне на імя начальніка УСК. Мне пагражалі, катавалі — білі электрашокерам. Я не пісаў заяву добраахвотна. Потым у мяне былі праблемы са здароўем: мне было дрэнна, У мяне кружылася галава, была адбітая нага».
За ўвесь час знаходжання ў калоніі Яўгена Прапольскага месяцамі трымалі ў штрафным ізалятары і адправілі ў ПКТ. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, толькі нядаўна ён правёў у ШІЗА 130 дзён, пасля чаго быў адпраўлены ў ПКТ на 4 месяцы. Цяпер ён знаходзіцца ў бабруйскім СІЗА-5, але прычына пераводу пакуль невядомая.
***
Папаўненне ў спісе «экстрэмісцкіх матэрыялаў»:
- Telegram-каналы і чаты «Научно-Технический·LAB-66·Лабораторный журнал беларуского химика», «Чат дартаньянов», «БЕЛАРУСКАЯ ВЫВЕДКА/BELARUSIAN INTELLIGENCE», «Двор НикРус», «Беларусы Замежжа»;
- суполка ў «Аднакласніках»: «Я ПРОТИВ ЭТОГО РЕЖИМА»;
- інфармацыйная прадукцыя, размешчаная ў Telegram-канале «ByProsvet», у электронных газетах «Беларускi час» (выпускі № 1, 2), «Голас Беларусі» (выпуск № 1);
- электронная газета «Слово Беларусов» (выпускі 23-25);
- усе сацсеткі праекта «Сообщество железнодорожников Беларуси»;
- Facebook-старонка «Мой Минск: политика, история, социология».
«Экстрэмісцкімі фарміраваннямі» прызнаныя:
- сайт Most, які выдаецца беларусамі ў Беластоку;
- акаўнты ў сацсетках, звязаных з Most, а таксама асабістыя старонкі галоўнага рэдактара праекта Руслана Кулевіча;
- праект Андрэя Павука «Рудабельская паказуха».
***
У Беларусі +21 палітвязень. Паводле заявы праваабаронцаў, палітвязнямі прызнаныя:
Алег Зубовіч, Алег Завадскі, Аляксей Мандзік, Андрэй Цыпак, Андрэй Краўчук, Віктар Яроменка, Павел Купрыенка, Тарас Мачынскі, Аляксей Ткачук, Вадзім Шылько, Мікалай Хацяновіч, Аляксей Бародка, Сяргей Мардзіловіч, Глеб Вятошкін, Дзмітрый Богуш, Аляксей Міхайлаў, Дзмітрый Невяркевіч, Эдуард Пястрак, Дзяніс Філончык, Павел Чыхінскі, Пётр Юркевіч.
***
Усяго на сённяшні дзень, паводле звестак праваабаронцаў «В*сны», у Беларусі налічваецца 1501 палітычны зняволены.
Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітвязнямі 1770 чалавек. Сярод іх — 199 жанчын і 7 непаўнагадовых. 16 палітвязняў адпраўленыя на прымусовае лячэнне.