«Жыве Беларусь!» — змаганне знакаў і траўмы целаў

19 красавіка 2013 года ў польскі пракат выйшаў фільм «Жыве Беларусь!», створаны паводле вайсковай гісторыі Франака Вячоркі. Што такога ў гэтым фільме, што ён стаў галаўным болем для ідэолагаў. Прапануем вам артыкул, напісаны 10 гадоў таму.

mg_1461_zb_0.jpg

Кадр з фільма

Пафас знакаў

Рок-музыка Мірон Захарка, які спявае падрыўныя песні, вырваны з мірнага жыцця і кінуты ў беларускую армію. Там ён не спыняе грамадскай дзейнасці, з дапамогай сваёй дзяўчыны ўпотайкі вядзе выкрывальны блог ды балатуецца ў мясцовы савет. Але аўтарытарная сістэма не любіць пакідаць чыюсьці самадзейнасць беспакаранай.

Першыя сцэны карціны адразу перагукаюцца з фільмам «Вышэй за неба» Курэйчыка і Марыніна. Музыка Вінсэнт — Зміцер Папко — і там, і там грае ў гурце. Толькі ў карціне «Жыве Беларусь!» ён на галоўнай ролі. Абедзве стужкі пачынаюцца з рок-канцэрту; вечаровыя вуліцы Мінску мусяць падкрэсліць сучаснасць і дакладную прывязку да месца. Падобныя і рэкламныя плакаты стужак. Але калі «Вышэй за неба» — гэта прыватная гісторыя, праз якую мы глядзім на грамадства, то фільм Кшыштафа Лукашэвіча — гэта свінцовы (і незаслужаны) пафас знакаў, што загрувашчвае асабістае.

mg_2611_zb_0.jpg

На экране — шызыя і чорныя колеры, цені, скульптуры Леніна і Дзяржынскага. Суровыя ваенныя сядзяць пад партрэтам Лукашэнкі, чыя фуражка — проста гратэскных памераў. (Самае неверагоднае, што гэта сапраўдны афіцыйны партрэт, які хітры Франак набыў у вайсковае краме, выдаўшы сябе за стваральніка карціны пра «беларуска-расійскую інтэграцыю». Пасля здымак мілітарны рэквізіт са свістам разышоўся па польскіх антыкварнях). Нягледзячы на такі поспех, высокага ўбору ў кадры ажно занадта: у мастацтве нярэдка здараецца, калі ўплішчаныя ў твор сапраўдныя рэчы выглядаюць ненатуральнымі.

У фільме мы бачым стылёвую манументальную мілітарнасць, змрочную і непахісную, як у геаметрыі пляцаў, так і ў паводзінах воінскіх шпунтоў. Вось — марш-кідок у адгазніках. А вось генерал — у выкананні Анатоля Ката — сапраўдны мармуровы помнік генеральскім пагонам, які плануе падступныя аперацыі.

Беларускі акцёр, які ў апошні час сыграў процьму шынельных роляў, почасту мёртвых ды пустых, — сабраў разам усё: цвёрдасць і ўрачыстасць жэсту, жалезную волю, розум і постаць. Кардонавыя персанажы серыялаў і «Дняпроўскіх рубяжоў» згусціліся ў адну жывую фігуру — караля на шахматнай дошцы.

На гэтай дошцы час выкачаны і пануе задуха. Але не толькі і не столькі таму, што краіна застыла і замаркоцілася. Сцэнар фільму, складзены Лукашэвічам з пэўнай падачы Франака, — гэта няўзвідная тактыка бою, ход масава-палітычных аперацый, дзе праўда прыватных чалавечых пачуццяў — справа дзясятая.

Мілітарная геаметрыя стужкі з дысцыплінай і крыкамі нагадвае «Цэльнаметалічны жылет» Стэнлі Кубрыка. Але ў Кубрыка мелася развіццё характараў, што спускаліся да біялагічных інстынктаў і жарсцяў дый выбухалі нечаканай агрэсіяй. Стужка Кшыштафа Лукашэвіча — гэта замкнёная і плоская прастора знакаў, татальна-сацыяльная і прадказальная, якая патрабуе жорсткай дрэсуры целаў.

Дрэсіроўка целаў

У дэкарацыях вайсковае часткі (на радыяцыйнай зямлі) дрэсіруюць навабранцаў. Дзяды ездзяць на іх, б’юць, кідаюць чысціць прыбіральні; аднаго хлопца прымушаюць есці «няправільныя» газеты — «Нашу Ніву» і «Народную Волю».

На пляцу гэны юнак адмаўляецца прамаўляць па-руску — і заяўляе, што прыме прысягу, калі зменіцца прэзідэнт. Разбіты твар і патаптанае цела — адказ, адпрацаваны ў цішы казармаў. Заходзіцца крыкам афіцэр, абураны беларускаю мовай (Аляксандр Малчанаў). Ён мог бы лямантаваць не так гучна, але празмернасць — аздоба ідэалагічнага знаку. Малчанаў — акцёр стрымана-далікатных інтанацый і жэстаў — значна выйгрышней глядзіцца, калі ягоны герой тоіцца ў кутку з ціхмянаю падкалоднасцю, але такой стрыманасці ў фільме няшмат.

mg_6876_zb.jpg

Увогуле, стужка пабудаваная на экзальтаваных тыпажах, што было адметнасцю нямога кіно.

Тыпаж дазваляе адразу зразумець, да якой сацыяльна-палітычнай групы належыць герой: змагар рок-музыка, насцярожаны гэбіст, БТшнікі, зацкаваны беларускі інтэлігент, вядоўца свабоднага радыё. Тыпажы-знакі стужкі маюць два станы: «уключана» і «выключана». А грымасы цела мусяць надаць ім рэальнасць.

З генерала ліецца пот, Мірону абстрыгаюць валасы, дзяўчыну распранаюць. Амплітуда цялесных метамарфозаў штораз расце: натхненне на рок-канцэрце — кроў на рассечаных губах — твар, які шчасна ззяе на перадвыбарчай улётцы, — скрыўленасць ад болю — экстаз змагання.

Я баяўся, што стужка «Жыве Беларусь!» станецца прапагандысцкім двайніком беларускага трэш-афіцыёзу, кшталту «Вам заданне» і «Шчыт Айчыны», і рэзка выказваўся на гэты конт.

І, сапраўды, пэўнае «мундзірна-фетышысцкае» падабенства тут маецца. А сцэна, калі гераіня Караліны Грушкі ўвязненая (і ўпершыню аголеная для польскай і сусветнай публікі), нагадвае эксплуатацыйны жанр «Women-in-prison». Але традыцыі гэтай стужкі зусім не эксплуатацыйна-камерцыйныя, а грамадзянска-эпічныя.

Суровая эпічнасць — у адрозненні ад недарэчных неасталінісцкіх карцінаў, што выйшлі ў Беларусі, — тут цэласная і аформленая. Рэжым мае ў фільме твар, які ён марыў бы мець не толькі ў кіно, але і ў жыцці. Неасталінісцкі маналіт толькі выкрыўляецца, калі знакі без дазволу наслойваюцца адзін на адзін — і ёсцека позірк звонку.

mg_7039_zb.jpg

Вось мы бачым ролік пра галоўную гераіню стужкі — дакладная імітацыя тэлевізійнай прапаганды выкліча ў нашых гледачоў смех. А вось падгляданне за выбарамі, знятае пад дакумент. Клеркі дробна мітусяцца, чыноўнік дае збянтэжаны загад фальшаваць. Але гэтае пацешнае ажыўленне — на ўскрайку карціны.

Татальна-кантраляваная сацыяльнасць — як у кніжках Фуко — дыктуе правілы фільму.

«Сям’я» і дзеці

У карціне, дзе важную ролю грае каханне, асабістае не проста заціснутае мілітарнымі знакамі, яно — адсутнічае. Дакладней, так: асабістае ёсць палітычнае (адпаведна лявацка-гендэрным тэорыям). Прыватнае — толькі рыска сацыяльнага дызайну.

Герой, які сышоў у самаволку, мілуецца са сваёй дзяўчынай — у кадры гмырыцца антэна вайсковай часткі. Сябры абмяркоўваюць свае планы — абавязкова дзесьці ўплішчыцца чырвоная зорка. Нават калі вы ў прыватнай кватэры — сюды ўваліцца гэбіст. (І кадр-эмблема, што касуе ўсялякую прыватнасць: налепку з тварам героя зрываюць з вусатага партрэта.)

Нездарма ў фільм добра ўпісаўся Дзяніс Тарасенка — акцёр «Свабоднага тэатру»; а эстэтыка «Свабоднага тэатру» — гэта сацыяльная актуальнасць і цялесныя экзальтацыі ў палітычнай прасторы.

Дзе ў гэтай прасторы сям’я Мірона Захаркі? Мы нічога пра яе не ведаем. Сваякі любімай дзяўчыны ўзгадваюцца, каб мы адразу пра іх забыліся. Астатнія героі пра сем’і не заікаюцца. У фільме, увогуле,  людскіх сем’яў няма.

Але ёсць адна сям’я — маналітная, непахісная і суцэльная. Гэбоўцы, ваенныя і чыноўнікі — нянькі гэтай вялікай сям’і; бунтоўныя героі — блудныя дзеці. Ім няма куды ўцякаць, няма дзе хавацца, няма як сцвердзіць сваю аўтаномію. Сіраты абураюцца — і здаюцца, паўстаюць — і атрымліваюць па рэбрах, б’юцца ў надзеі — і заціхаюць.

mg_9686_zb.jpg

Чальцы вялікай сям’і дзейнічаюць інакш: яны наступаюць. Калі яны атрымліваюць адпор, то крыху здзіўляюцца і нават перапытваюць, але толькі таму, што так лацвей занесці выхаваўчую дубіну для новага ўдару, дый прыняць ва ўлонне агаломшаных уцекачоў. Зрэдку ад маналіту адшчапляюцца перабежчыкі да дзяцей (менавіта такі герой Дзяніса Тарасенкі), але такія асацыяльныя тыпы надвор’я не робяць.

Фільм з галоўным героем ды ягонай дзяўчынай — насамрэч, безасабовы. Як і «Браняносец «Пацёмкін», добра вядомы польскім кінематаграфістам, якія колькі разоў кпілі з яго, твор Кшыштафа Лукашэвіча — гэта фільм пра масы. Масы ўзбуджаюцца, караюцца, збіраюць сілы — атакуюць наноў. Маса ідзе на масу.

Расправа з Польскай Народнай Рэспублікай

Беларусь у фільме — гэта Польская Народная Рэспубліка. У гэтай ПНР размаўляюць па-руску і беларуску, з рэдкім польскім акцэнтам, гучаць спевы Лявона Вольскага — і гмырацца чыгунныя Леніны. Беларусь Кшыштафа Лукашэвіча — гэта ПНР, якая магла быць, калі б захаваўся СССР. Стужка — увасобленыя страхі палякаў перад такім незайздросным лёсам.

Карціна грунтуецца на польскай антытаталітарнай кінатрадыцыі, даволі багатай. І даводзіць яе вобразы да жалезабетоннага гратэску. І падобна таму, як праз 20 гадоў пасля перамогі над фашызмам з’явіліся антыфашысцкія стужкі, так і цяпер — праз 20 гадоў пасля краху камунізму ва Усходняй Еўропе — спатрэбілася аднавіць памяць пра таталітарныя «радасці». Вырасла пакаленне, якое пра мінулае не ведае.

Як паведаміў Франак Вячорка, «Жыве Беларусь» уключана ў прагляды для польскіх школьнікаў (нягледзячы на мат, жорсткасць і аголенае цела). Пэўныя насцярогі наконт стужкі выказвалі польскія ваенныя, але іх зразумець можна: сцэны дзедаўшчыны, няхай сабе ў беларускай арміі, могуць не столькі абвастрыць стасункі з усходнім суседам, колькі ўзмацніць пацыфісцкія настроі прызыўнікоў.

mg_9502_zb_0.jpg

Як бы там ні было, стужка «Жыве Беларусь» — палымяная экранізацыя падручніка грамадазнаўства. Тэма для засваення: савецкая дамінацыя, русіфікацыя, таталітарызм.

Дубінка для прыгожай дзяўчыны

Мы лічым рэальнасцю тое, што супадае з нашым уяўленнем пра яе. Для польскіх гледачоў, не абазнаных у беларускім побыце, — карціна Лукашэвіча станецца рэальнасцю, бо ўяўленні пра нашу краіну не проста супадуць, але і накладуцца на памяць пра нялюбую ПНР. Беларусы, уцягнутыя ў барацьбу, успрымуць стужку са скепсісам: людзям цяжка ўплішчыцца на плакат. Затое для тутэйшага «балота» карціна будзе моцным ударам па галаве. Тое, ад чаго адварочваліся, вытыркаецца міліцэйскай дубінай, што разбівае твар пекнай дзяўчыны.

mg_4938_zb(1).jpg

Яшчэ большы боль — ідэолагам. Замаўчаць карціну — значыць, патураць ёй. Хваліць фільм — хаця б за манументальную стылёвасць, якую рэжым ніколі не меў і ўжо не займее, — нязручна. А што да крытыкі, то гэтая вайна за знакі ўжо прайграная. Праз 20 гадоў пасля змены ўлады гэтая стужка будзе глядзецца як замалёўка з забытай натуры.