Рэжысёр Юрый Гарулёў: Касцёлу ў Беларусі неабходна ўсімі сіламі захаваць фестываль «Magnificat»

Упершыню за сваю 11-гадовую гісторыю каталіцкі фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Magnificat» робіць паўзу і «прапускае» адзін год. Чаму так адбываецца?

2016_05_20_gorulev.jpg


Юры Гарулёў

У інтэрв’ю Catholic.by дырэктар фестывалю, лаўрэат прэміі «За духоўнае адраджэнне», рэжысёр Юрый Гарулёў расказвае аб прычынах пераносу і далейшым лёсе «Магніфіката».
У чым праблема?
Асноўная прычына фестывальнай паўзы — фінансавая. З моманту стварэння «Magnificat» існаваў пераважна за кошт падтрымкі каталіцкіх фондаў, якія ў апошнія гады адмаўляюцца ад далейшага супрацоўніцтва. 
Юрый Гарулёў, аднак, верыць у тое, што фестываль зможа быць у строі і без замежнай падтрымкі, дзякуючы дабрачынным ахвяраванням беларускіх хрысціян.
«З дазволу Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі два разы на год у парафіях маглі б збірацца ахвяраванні на ўтрыманне фестывалю, — распавядае Юрый Гарулёў. — Але, як паказвае практыка, нават за 10 гадоў не ўсе католікі ведаюць, што такое “Magnificat”, таму сёлетні год аргкамітэт фестывалю цалкам вырашыў скарыстаць для правядзення “Рэха Магніфікату”».
Адкрыццё фестывалю традыцыйна праходзіла ў Мінску, асноўны ж прагляд конкурсных стужак, як і праца журы, адбываліся на Глыбоччыне.
Ідэя «Рэха Магніфікату» — калі ў парафіях ладзяцца адмысловыя кінапаказы лепшых стужак фестывалю розных гадоў — дагэтуль рэалізоўвалася не ў поўную сілу. З гэтага года, паводле Юрыя Гарулёва, аргкамітэт вырашыў зрабіць фестываль дасяжным для кожнай парафіі Беларусі.
«Мы адкрытыя для ўсіх. Звярнуцца да нас можа кожная парафія — фільмы мы прадастаўляем бясплатна, — заўважае Юрый Гарулёў. — У некаторых гарадах дасягнута дамоўленасць з Мінкультам: мы можам паказваць кіно ў кінатэатрах».
Пры гэтым арганізатары сутыкнуліся з новай праблемай: у рэгіёнах пра фестываль амаль нічога не ведаюць, а таму і не зацікаўлены ў тым, каб запрашаць «Рэха Магніфікату» ў сваю парафію.
«Штогод атрымліваем да 150 заявак ад рэжысёраў самых розных краін»
Рэжысёр прызнаецца, што знаёмства з конкурснымі стужкамі ў межах «Рэха» фестывалю спрыяла б таму, што людзі больш асэнсавана складалі б у далейшым ахвяраванні на развіццё «Магніфікату».
«Першыя паказы ў межах рэха фестывалю выклікалі сапраўдны фурор: людзі ўставалі са сваіх месцаў, падыходзілі і паціскалі мне руку, кажучы, што такіх фільмаў яны даўно не бачылі. Маўляў, у тэлевізары даўно адна кроў і смерць, а тут кіно як сапраўды духоўная ежа. Такая рэакцыя, канешне, вельмі радуе», — адзначае заснавальнік фестывалю.
Паводле слоў Юрыя Гарулёва, у фестывальным багажы за 11 гадоў правядзення — больш за 300 фільмаў з 42 краін свету.
«Калі мы толькі пачыналі, складана было назбіраць у праграму якаснае кіно, але сваімі стужкамі нас выратоўваў польскі фестываль Непакалянаў. Сёння пра нас добра ведаюць у Еўропе, Амерыцы, Аўстраліі, таму імідж “Магніфікату” працуе ўжо на нашу карысць.
Каму патрэбна кіно?
Рэжысёр адзначае, што, нягледзячы на паўзу, узятую фестывалем у 2016 годзе, аргкамітэт не спыніў прыём фільмаў на наступны сезон, і ў 2017 годзе «Magnificat» павінен адбыцца.
Першыя кінапаказы ў межах «Рэха Магніфікату» ўжо прайшлі ў Навагрудку, Баранавічах і Нясвіжы. Дырэктар фестываля адзначае, што вернікі парафій самі маглі выбраць цікавыя для сябе фільмы.
«Для “Рэха” мы адабралі 40 фільмаў — прызёраў і ўдзельнікаў розных гадоў. Склалі да іх анатацыі і разаслалі ў дыяцэзіяльныя курыі, — расказвае Юрый Гарулёў. — Кожная парафія сама можа выбраць тыя фільмы, якія пададуцца ёй цікавымі, і запрасіць нас да сябе. Мы прывязём неабходныя стужкі і зладзім у парафіі “Рэха Магніфікату”».
Юрый Гарулёў прыгадвае стаўленне да кіно кардынала Казіміра Свёнтка і з жалем уздыхае:
«Кардынал зазначаў, што ўменне святара бачыць прыгажосць вакол сябе сведчыць пра яго багаты ўнутраны свет, што ў сваю чаргу дапамагае яднаць вакол сябе людзей, — кажа рэжысёр. — На жаль, сёння я сутыкаюся з тым, што значная частка нашага духавенства не адчувае важнасці “Магніфікату».
Рэжысёр перакананы, што фільмы фестывалю здольныя дапоўніць любую нагоду: канферэнцыя гэта, кангрэс, Дзень дзіцяці ці свята парафіі.
«"Рэха" можа праходзіць у парафіях не толькі раз у год — яго можна зрабіць традыцыяй. Тэматыка стужак багатая і рознабаковая: дакументальнае кіно, ігравое, мультыплікацыя. Ёсць вялікі выбар. Многія лічаць, што калі фестываль хрысціянскі, то ўсе фільмы там толькі пра крыжы і алтары, а майстэрства рэжысёра можа і не быць. Але гэта не так», — заключае Юрый Гарулёў.
Што стане з фестывалем?
«Падобных хрысціянскіх кінафорумаў, уключаючы наш, у Еўропе толькі чатыры. “Magnificat” — не толькі знак якасці, але і прэстыж для краіны», — гаворыць кіназнаўца.
«На жаль, сёння фестывалю не ўдзяляецца тая ўвага, якую ён заслугоўвае. Хтосьці лічыць кіно проста забавай, забываючыся пра яго глыбокі асветніцкі і мастацкі момант, — адзначае Юрый Гарулёў і дадае: — Я ўпэўнены і перакананы: фестываль патрэбны нашаму Касцёлу. Касцёл усімі сіламі павінен яго захаваць!».