«Родная мова яднае». Журналістка расказала, як людзі за кратамі размаўляюць па-беларуску

Журналістка Любоў Лунёва падзялілася ў фэйсбуку сваімі ўражаннямі аб тым, як людзі на сутках падтрымліваюць адно аднаго і размаўляюць па-беларуску.

26240216_1976460062407015_2824943995284659276_o.jpg

«З Акрэсціна ў Жодзіна нас везьлі ў "стаканах" старога аўтазаку. Канваіры сядзелі ў кабіне з печкай, а нам, палітычным, цяпло не "палагалася". Больш за тое, над галовамі былі адкрытыя люкі і марозны вецер дзьмуў яшчэ і зверху.
Калі нарэшце выйшлі з аўтазака і патрапілі ў турэмны падвал, нас пад мацюкі паставілі тварам да сцяны і загадалі не паварочваць галаву. Адзін з ахоўнікаў, апрануты ў чорнае, уедліва спытаў: "Нуу? Кто хочет получить по печени?!".
Я нават асцярожна паглядзела і ўбачыла, як у большасці мужчын за спінай рукі машынальна сціснуліся ў кулакі. Мне падаецца, што кожны з іх падумаў: "пападзіся ты мне, гад, недзе на вуліцы".
Калі нас завялі ў камеру, то дзяжурны маёр (яго ўсе звалі Міхалыч) адразу папярэдзіў, што за новыя надпісы нас пасадзяць на 5 сутак у карцар.
Як толькі за намі зачыніліся дзверы, пачалі шукаць старыя надпісы. Яны былі ў самых патаемных месцах і ўсе яны былі на роднай беларускай мове. У такой стрэсавай сітуацыі людзі, якія ў побыце размаўляюць па-руску, пісалі для сябе і для тых, хто будзе ў гэтай камеры пасля іх выключна па-беларуску! На кубках без ручак, на талерках усе надпісы таксама былі зробленыя выключна па-беларуску: "Камароўка, Рыга, Сухарава, Малінаўка, Трыбунал, Трактарны пасёлак...". Нават проста лічба "97%" успрымалася, нібыта напісаная па-беларуску.
Людзі такім чынам выказвалі сваю еднасць, пазначалі сябе, як асобную групу, якую аб'ядноўвае яшчэ і іншая мова».