Салідарнасць

      Што арыштаваных не кінуць ў бядзе, у гэтым ніхто не сумняваўся. Але і што іх лёс так глыбока ўсхвалюе столькі людзей, таксама ніхто не чакаў.       Офіс Партыі БНФ у Мінску ператварыўся ў канвеер перадач. Сотні пакункаў, упакоўкі з вадой, груды адзення, стосы кніг. Наплыў людзей, якія нясуць і нясуць рэчы для асуджаных удзельнікаў акцыі 19 снежня. Хтосьці ахвяруе на патрэбы зняволеных грошы. Толькі за першы дзень было сабрана 15 мільёнаў рублёў.



7f6caf1f0ba788cd7953d817724c2b6e.jpg

      Што арыштаваных не кінуць ў бядзе, у гэтым ніхто не сумняваўся. Але і што іх лёс так глыбока ўсхвалюе столькі людзей, таксама ніхто не чакаў.

      Офіс Партыі БНФ у Мінску ператварыўся ў канвеер перадач. Сотні пакункаў, упакоўкі з вадой, груды адзення, стосы кніг. Наплыў людзей, якія нясуць і нясуць рэчы для асуджаных удзельнікаў акцыі 19 снежня. Хтосьці ахвяруе на патрэбы зняволеных грошы. Толькі за першы дзень было сабрана 15 мільёнаў рублёў.

      “Немагчыма было нават прысесці, — расказала валанцёрка Наталля Мотуз. —  Людзі пачалі ісці, ісці і ісці. Пастаянна прыходзяць і прапаноўваюць сваю дапамогу. Велізарная колькасць перадач. Шмат людзей, у якіх аўтамабілі, гатовы і перадачы завозіць, і сустракаць нашых палітвязняў.

      Мыла, сурвэткі, зубныя шчоткі і паста, цыгарэты, запалкі, прыбіральная папера — такія гігіенічныя наборы камплектуюць для зняволеных. Як вядома, ежу перадаваць забаронена. Нават сокі не заўсёды могуць узяць. “Спачатку на Акрэсціна бралі толькі ваду. Пасля сказалі: “Добра, можна сокі, толькі пералівайце. Але пры нас. То бок ты адкрываеш, пераліваеш у пластыкавыя бутэлькі і аддаеш, — распавяла Наталля. Пасля пачалі прымаць сокі і ў пакетах, але толькі з закруткамі. Без закрутак вяртаюць. У жодзінскім ізалятары сокі то бяруць, то не бяруць. Але калі бяруць сок, то не бяруць ваду. І сок, і вада разам не прымаецца.

                Па пяць цукерак на дзяўчат

     

      Сітуацыя, паводле словаў валанцёраў, можа мяняецца літаральна кожную гадзіну-дзве. Шмат залежыць ад чалавечнасці супрацоўнікаў турэмных устаноў. “У Жодзіне зараз у другой палове дня нармальная змена заступіла. Так што бяруць усё. І бяруць у вялікай колькасці на аднаго чалавека, можна перадаць шмат, — паведаміла валанцёрка Кацярына.

      На “чалавечы фактар і разлічваюць валанцёры. Нават калі раз за разам і вяртаюць штосьці “недазволенае, часам удаецца “праскочыць. Так, дзяўчынам, якія змешчаны ў ізалятары па вуліцы Скарыны, 20, раптам дазволілі перадаць па пяць шакаладных цукерак кожнай і крышку садавіны. “Так што спрабаваць варта, — лічаць валанцёры.

      Вялікая праблема перадаць і лекі. “Мы пастаянна ўкладаем у перадачы актываваны вугаль, спрабуем укладаць таблеткі для горла. Таму што на Акрэсціна халодна, і людзі могуць быць хворыя. І спрабуем вітаміны перадаваць. Але гэта часта вяртаюць. У Жодзіне не бяруць лекі зусім, — расказала Кацярына.

      “На Акрэсціна дазваляюць перыядычна, — зазначыла яна. — Ну калі вельмі так добра падыйсці і паразмаўляць з прыёмшчыкамі. Бо ў кагосьці з людзей ёсць хранічныя захворванні ці зламаныя рукі. Так, нам дазволілі хлопцу перадаць бандаж. Дзяўчыне з астмай мы перадалі інгалятар. На захворванне нырак таксама ёсць людзі, у нас прынялі спецлекі. Напачатку не вельмі хочуць браць, але ўгаварыць можна ў прынцыпе.

      І ў старым, і ў новым будынку на Акрэсціна вельмі халодна. “Спрабавалі перадаваць коўдры і спальнікі, — кажа Наталля Мотуз. — Спальнікі не бяруць, коўдры дзе-нідзе праскоквалі. Ужо курткі ўкладаем у пакеты. Галоўнае, каб забяспечыць людзей цёплымі рэчамі. Часам нам кажуць, што можна перадаць толькі адзін швэдар. А мы пішам у спісе пералік — і швэдар, і блэйзар, і майка, і байка. Карацей, называем па-рознаму, абы толькі як мага больш рэчаў узялі. Праўда, як кажуць валанцёры, да гэтага ўжо пачалі прыдзірацца. І патрабуюць з адзення перадаваць штосьці адно.

      У Жодзіне не бяруць цёплыя рэчы. Адміністрацыя кажа, што яны непатрэбныя, бо ў ізалятары і так цёпла. Там стаяць шклопакеты, выдаюцца матрацы. “Яны не бяруць апазіцыйную прэсу. І не бяруць самвыдат. Мы не змаглі перадаць арыштаваным ніводнага правіла ўнутранага распарадку, які мусіць забяспечвацца ў такіх установах. Нам сказалі, што самараздрукаваную прадукцыю яны не бяруць, — зазначыла Кацярына.

      Таму давялося закупіцца такімі газетамі для хлопцаў, як “Прэсбол, “Кампутарная газета, “Камсамолка — тое, што больш-менш нейтральнае. “Гэта ўсё бяруць, — кажа валанцёрка. — Дзяўчатам і часопісы перадаем. І “Cosmopolitan, і “Geo, і “National Geographic, і ўсё, што заўгодна людзі прыносяць. Кніжкі перадаем таксама. Нам прывезлі вялікую партыю кніг.


               Больш, чым трэба

     

      Сяржук Семянюк, сакратар управы Партыі БНФ, распавёў пра акцыю дапамогі:

      “Шмат людзей у інтэрнэце адгукнуліся на гэту бяду і пачалі збіраць рэчы самастойна. І, натуральна, узнікла думка, што трэба неяк кааперавацца. Мы аддалі ўправу ў распараджэнне людзей, якія хочуць дапамагаць арыштаваным. Гэтай дапамогай не займаецца БНФ у чыстым выглядзе. Ёй займаюцца валанцёры ад грамадства. Тыя людзі, у якіх акрамя як прынесці нешта і перадаць зняволеным, яшчэ і хапае часу, каб дапамагчы арганізаваць перадачы.

      Самыя цёплыя рэчы — гэта было першаснае, што мы збіралі. Акрамя людзей з плошчы, якія прыйшлі на акцыю пратэсту, забіралі і выпадковых людзей. Выцягвалі з транспарта, і людзі былі абсалютна непадрыхтаваныя да халодных і нялюдскіх умоваў. Таму найперш мы рабілі ўхіл на цёплыя рэчы. І пасля на сродкі асабістай гігіены, што таксама немалаважна. Бо ў ізалятарах абсалютна няма ніякіх умоваў для нармальнай жыццядзейнасці.

      На сённяшні момант мы ўжо кажам, што гэтых рэчаў дастаткова. Тая колькасць, якую прынеслі, большая, чым неабходна. Але такія рэчы, як вада, сурвэткі, цыгарэты, тое, што хутчэй расходуецца і патрэбна шмат, мы будзем перадаваць пастаянна.

      Тыя рэчы, якія не размяркуюцца і застануцца лішнімі, пасля будуць раздавацца па дзіцячых садках, па розных установах, якія працуюць з малазабяспечанымі катэгорыямі людзей. Гэтыя рэчы будуць проста перадавацца тым, каму яны сапраўды неабходныя.

      Вядома, чакалася, што людзі будуць салідарныя і будуць дапамагаць адзін аднаму. Але па шчырасці, мы не думалі, што гэта будзе ў такіх маштабах. Што настолькі людзі адгукнуцца, што пацякуць ракой. І калі стаіць чарга, каб аддаць рэчы, гэта без усякіх словаў кажа само за сябе.


               “Галоўнае — мы разам

     

      Двое хлопцаў прынеслі ў офіс БНФ блок цыгарэт. Прапанавалі машыну, калі трэба з’ездзіць да зняволеных. “Даведаліся ў інтэрнэце, што ідзе збор сродкаў для затрыманых 19 снежня. І вырашылі, што трэба дапамагчы. Таму што і самі ў акцыі прымалі ўдзел, — сказаў Аляксандр. Пра разгон і збіццё людзей на плошчы ён выказаўся лаканічна: “Гэта дзікасць. Яго сябра, Андрэй, мяркуе: “Таго, хто туды прыйшоў, хто зараз тут дапамагае, наўрад ці ўдасца запужаць. Я лічу, што не.

      Дзяўчына прынесла для зняволеных аблаткі. “Я проста праходзіла міма касцёла і вырашыла зайсці, — сказала Элеанора. — Паставіла свечку за ўсіх тых, хто арыштаваны і нявінна асуджаны.

      Прыйшлі з перадачамі дзве сяброўкі. Студэнтка Даша, якая вучыцца ў Літве, прыехала ўжо пасля падзей 19 снежня. “Я схіляюся перад гэтымі людзьмі, — кажа яна. — Крыўдна насамрэч. Ад таго, што ніхто не мог іх абараніць. Але людзі ўсё роўна ішлі. І што іх столькі выйшла, вядома, ніхто не чакаў. А тое, што адбываецца цяпер, яшчэ нічога не значыць. Можа быць зараз цяжка, але будзе прарыў, я ведаю. Усё будзе добра.

      “У еднасці — моц, — зазначыла яе прыяцелька, школьніца Лера. — Можа не так гэта важка, хто там выйграў ці не. Галоўнае тое, што ў нас унутры. Што ты проста хочаш змяніць жыццё да лепшага. І гэта можа быць, калі беларускі народ сапраўды будзе разам.

      Валанцёры закупілі таксама сотні навагодніх паштовак, якія адпраўляюць па пошце за краты. “Я ўражаная дапамогай і падтрымкай беларусаў. Я думаю, што людзі, якія сядзяць за кратамі, гэта мусяць адчуць, — зазначыла Наталля Мотуз.

----------------------------------------------------------------------------------------------

Фота Яўгеніі Васільевай