Саламянае мастацтва касмічнай дзяржавы: настолькі блага, што нават прыўкрасна

Беларускай восенню можна бясконца глядзець на тры рэчы: заліты охравым лісцем Бярэзінскі запаведнік, журавіны ў цукры і арт-фігуры з саломы. Яны сталі сапраўдным брэндам беларускай сельскай гаспадаркі, асобным гатункам агратрэшу і нагодай для новага віду спаборніцтваў. Паглядзелі, што будуюць уздоўж дарог сёлета!

inszyja_3_.jpg

Каб дадаць у стварэнне шэдэўраў жменю матывацыі і баявога духу, у розных рэгіёнах Беларусі запусцілі міні-чэмпіянаты на лепшую саламяную фігуру. Такім чынам, напрыклад, у конкурсе па Мінскай вобласці пераможцу чакае не толькі дыплом, але і грашовая ўзнагарода ў памеры 70 базавых велічынь (2800 BYN). Другое месца — 2400 BYN, бронза — 2000 BYN адпаведна.

Пры ацэнцы кампазіцый будуць улічвацца арыгінальнасць, якасць выканання, адлюстраванне асаблівасцей і традыцый рэгіёну. Як піша рэсурс «Мінская праўда», конкурс дае вяскоўцам магчымасць раскрыць свой творчы патэнцыял і здзівіць усіх палётам фантазіі. 

Што ж, паглядзім, якое ўвасабленне палёту фантазіі сустракае беларускіх кіроўцаў у Мінскай вобласці! 

Найбольш паўтаральным персанажам сярод саламяных фігур стаў мядзведзь з расійскага мультфільма «Маша і Мядзведзь». З года ў год яго не паспявае паўтарыць толькі самы лянівы «мастак па жыце». Сустракаецца і больш прабеларуская скіраванасць: кароўкі, коні, парасяты. Падаецца, і формы да жаху простыя, і заўсёды ёсць магчымасць удакладніць, як яны выглядаюць, але нават пры такім раскладзе апачварыць жывёлак — нібыта традыцыя. 

Талент «залатых» рук дэманструе Слуцкі раён з анархічна-трывожным шэдэўрам «Хата бацькоў», а таксама камунальнае сельскагаспадарчае прадпрыемства «Сакаўшчына-Агра» з кампазіцыяй «У нашым доме свята». 

Бярэзінскі раён прадстаўляе кампазіцыя «Замак сяброўства» — нерукатворны помнік сельскагаспадарчага прадпрыемства «Першамайскі». Не ведаем, ці закладзены аўтарам нейкі сакрэтны падтэкст у дэталі работы, але мяхі з ячменем, пшаніцай ды аўсом выглядаюць даволі канцэптуальна. 

«Замак сяброўства», Бярэзінскі раён

«Замак сяброўства», Бярэзінскі раён

Яшчэ адзін прадстаўнік Бярэзіншчыны — кампазіцыя «Я люблю АграМАЗ». Вядома, тут усе павінны любіць «АграМАЗ», але ж першы водгук на Яндэкс мапах ненаўмысна выклікае пэўныя сумневы.

«Жудасныя кіраўнікі, заробкі не плацяць! Набіваюць сваю кішэню і …ваюць! Управы на іх няма, бо закінутая вёсачка!», — дзеліцца карыстальнік. 

«Я люблю АграМАЗ»

«Я люблю АграМАЗ»

Безумоўны пераможца саламянага спаборніцтва — галактычнае ўключэнне ў гонар касмічнай турысткі Марыны Васілеўскай. Хіба існуе ў свеце хаця б адна касмічная дзяржава, дзе побач з разбітым кароўнікам і ракетай з цюкоў сена красуюцца словы «Космас наш», выкананыя на жыце? Выканаўцам шэдэўра з’яўляецца «Наша Ніва», але не выданне, а сельскагаспадарчае прадпрыемства. 

«Космас наш»

«Космас наш»

Першасортным крынжам адзначылася і Клётчына: мясцовыя майстры ўзвялі вусатага мужчыну на саламяным караблі, а таксама кананізавалі пунсовыя ветразі «старэйшага брата» ў найгоршым з магчымых выкананняў. Праца «Ураджай пад кантролем» мае вельмі падазроныя падабенствы з лагатыпам савы Галоўнага ўпраўлення выведкі Украіны. Кірыла Будынаў, тваімі намаганнямі? 

Багата саламяных скульптур прысвечана «году якасці» і 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нацысцкіх захопнікаў. Усё гэта ізноў ідэальна адлюстроўвае ісціны твар лукашэнкаўцаў — банеры пра якасць на фоне разбураных гаспадарчых будынкаў. Дзяды ваявалі, унукі перамогу сенам захавалі.

Вось такі плён бяздарнасці і бязгустоўнасці прапагандысты называюць «манументальным» творам мастацтва. 

Шэдэўр, прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі

Шэдэўр, прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі

Барысаўская газета «Адзінства» распавядае, што не ўсім беларусам прыйшлася даспадобы падобная творчасць.

«Уся гэтая створаная на барысаўскіх палях прыгажосць выклікае станоўчыя эмоцыі ў тых, хто праязджае міма. Але, на жаль, не ва ўсіх. Нехта ўжо на некаторых кампазіцыях сарваў прымацаваныя банеры. Іх аднавілі, аднак асадак застаўся», — скардзяцца прапагандысты.

 Напрыканцы пакінем яшчэ некалькі шэдэўраў мастацтва з абшараў Беларусі!