Як гомельскія туі «адзінства» павінны былі прынесці поспех беларускаму народу

Сінонімы добраўпарадкаванню беларускіх сквераў і паркаў — бяздарнасць і наплявальніцтва. У так званы дзень народнага адзінства лукашэнкаўцы штогод адкрываюць новыя скверы ў памяць пра супрацьстаянне «польскаму ворагу». Паглядзелі, што набудавалі на прасторах Беларусі за тры гады падрыхтоўкі да «свята».

vokladka_124.jpg

Не паспеў Мінск адысці ад фэйкавага дня народзінаў, як прапагандысты паказалі новыя візуальныя здзекі над тварам сталіцы. Увесь цэнтр горада апранулі ў чырвона-зялёныя банеры і налепкі, распавядаючы пра тое, колькі намаганняў было ўкладзена ў стварэнне новага ўнікальнага дызайну. 

На Кастрычніцкай плошчы ўсталявалі канструкцыю з фотахронікай «для тых, хто памятае 1939-год па расказах сваякоў, і для тых, хто знаёмы з тымі часамі па падручніках гісторыі». Прамова лукашэнкаўцаў, вядома, не пра сумесны парад Вермахта і Чырвонай арміі ў Брэсце, а пра яго апраўданне.

«У вераснёўскія дні 1939 года нашыя продкі сустракалі чырвонаармейцаў як вызваліцеляў. Па захаваных успамінах, у тыя кранальныя хвіліны на вачах у многіх былі слёзы, а ў руках — кветкі. /…/ Беларусь не раз выпрабоўвалася на трываласць падступным ворагам. Але сіле заваёўнікаў заўсёды былі супрацьпастаўлены нашыя адзінства, мужнасць і вялікая любоў да Радзімы», — распавядаў ідэолаг Дзяніс Язерскі на мінулы дзень народнага адзінства.

 Цяпер гэтыя думкі — на цэнтральнай плошчы сталіцы. На фасадах ратушы і педагагічнага ўніверсітэта — «святочныя» пано і налепкі, на палацы спорту — расцяжка з цытатай Лукашэнкі «Адзінства для нас — галоўная ўмова захавання і жыцця нашай дзяржавы». Такія ўпрыгожванні робяць вуліцы Мінска выключна прыбранымі, лічыць прапагандысцкае выданне «Мінск-Навіны». 

Але ж Беларусь — гэта не толькі сталіца. Чаго не зробіш для любімых людзей у такую знакавую дату, каб ва ўсю моц адбіць адвечную ўстойлівасць перад падступным польскім ворагам на вуліцах населеных пунктаў. Як і ўласна ідэйны натхняльнік, які абраў для ўшанавання памяці «герояў СВА» стварэнне музеяў і разбіццё тэматычных сквераў, лукашэнкаўцы вырашылі не шукаць іншых шляхоў творчага самавыяўлення, спыніўшыся на гэтым варыянце. 

Як увогуле ўяўляе сабе сквер жыхар любой цывілізаванай краіны? Гэта грамадская прастора, планіроўка якой уключае дарожкі, лавачкі, дзіцячыя пляцоўкі, кветнікі, асобныя групы дрэў і хмызнякоў. У скверах адзінства ўсё прасцей і «па-еўрапейску» эканомна, бо галоўнае — памяць, а без лавачак ды дарослых дрэў можна і абысціся.

Прадэманструем на прыкладах раней адкрытых да дня народнага адзінства сквераў і паркаў. 

У верасні 2021 года, напачатку актывізацыі жорсткай помсты беларускаму грамадству, у Гомелі прайшла «закладка» аднаго з першых сквераў народнага адзінства. Тады, у жорсткі асенні лівень, падтрымаўшыя рэжым чальцы «Белай русі» выйшлі на няўжытак у Навабеліцкім раёне Гомеля, каб высадзіць некалькі туй і ўсталяваць знак «17.09.2021 Сквер народнага адзінства».

 «17 верасня — гэта свята, што аб'ядноўвае нашыя душы, свята, што аб'ядноўвае нашыя сэрцы ў адзіным парыве, парыве любові да нашай выдатнай краіны. Гэтае свята дазволіць нам аб'яднаць нашыя сілы ў адным адзіным кірунку. Я спадзяюся, што вось гэтая туя, якую мы зараз высаджваем, прынясе поспех нашаму народу», — расказвала падчас адкрыцця сквера намесніца кіраўніка адміністрацыі раёна Аксана Рудзянок. 

Калі жорсткія санкцыі ды абмежаванні супраць рэжыму і беларусаў, сыход замежных брэндаў, закрыццё авіяпрасторы і прадастаўленне тэрыторыі для ўварвання ва Украіну ўваходзіла ў прынясенне поспеху нашаму народу, то, падаецца, настаў час вырваць гэтыя туі з каранямі і спаліць іх на вогнішчы. 

Дарэчы, у парыве выказаць усю павагу да свята, лукашэнкаўцы нават не здолелі роўна наляпіць літары на памятным знаку, а пасля паабяцалі, што ў скверы штогод будуць з’яўляцца новыя туі, дрэвы і лавачкі. Як не дзіўна, навін пра далейшыя крокі па добраўпарадкаванні з 2021 года мясцовыя выданні не публікавалі. Але ёсць актуальны водгук ад жыхаркі Гомеля ад 17 ліпеня гэтага года. 

«На ўваходзе алея з туй, тамака дзе і памятны знак. Усё. Пакуль што толькі туі. Ну і на фота ўласна відаць стан “сквера". Сквер гучна названа, паколькі месца недагледжанае. Зараснікі, акрамя туй нічога не пасаджана, і то толькі на самым уваходзе. Кожны год ён будзе ўдасканальвацца — так пісалі ў газетах, перадавалі па тэлеканалах навін. Але на жаль, больш нічога і не адбылося. Калі летась тут яшчэ было чыста, то сёлета ўжо ўсё, і смецця шмат (няма урнаў), і трава някошаная, і сухая валяецца месцамі і дзе-нідзе пад нагамі», — піша гамельчучка на рэсурсе Otzovik.by. 

Мінулым вераснем сквер народнага адзінства адкрылі і ў аграгарадку Ленін Жыткавіцкага раёна. Тут добраўпарадкаванне атрымалася яшчэ больш сціплым: мясцовыя ідэолагі высадзілі 118 маленечкіх парасткаў рабін, па колькасці раёнаў Беларусі. Адметна, што гэтая колькасць аніяк не ўплывае на выгляд сквера, таму для стварэння інфанагоды лукашэнкаўцам важна знайсці будзь-якую разынку ўнікальнасці і велічы. Па назіраннях лёсу падобных пасадак, большасць парасткаў паміраюць ад засухі, недахопу спажыўных рэчываў і па іншых прычынах цягам тыдняў альбо месяцаў. Тыя, што выжываюць, стануць аддаленым падабенствам сквера не цягам некалькі гадоў, а праз дзесяцігоддзі. 

Агулам, пра гэта кажуць і ініцыятары разбіцця «сквера». Дрэвы будуць нагадваць будучым пакаленням аб тым, што толькі ў адзінстве можна дасягнуць міру, узаемаразумення, дабрабыту, будаваць моцную і незалежную Беларусь, — расказалі ў мясцовым БРСМ.

 Эталонным вырашэннем пытання разбіцця сквера адзначылася вёска Моўчадзь у Баранавіцкім раёне: тут наўпрост перафарбавалі прыдарожны помнік савецкім жаўнерам і назвалі тэрыторыю вакол яго скверам народнага адзінства.

«Сквер» народнага адзінства ў вёсцы Моўчадзь

«Сквер» народнага адзінства ў вёсцы Моўчадзь

Якое свята — такая і крэатыўнасць. Якое свята — такая і якасць. Якое свята — такая і вера ў яго.