Трактарны казус, аднаразовая лесвіца і прыгоды расійцаў на цудатворнай крыніцы. Мемуары «жніўня якасці»
Праклён «якасці» напаткаў яшчэ адзін падвесны мост, а праз разбурэнне лесвіцы ў Мазыры час на тое, каб дабрацца з адной вуліцы на другую, павялічыўся ў 26 разоў. Сабралі цікавыя, навіны з розных рэгіёнаў Беларусі за апошні месяц лета!
У адным з мінулых аглядаў мы распавядалі, што ўнікальны падвесны мост на рэчцы Оршыца знаходзіцца ў крытычным стане — праз адсутнасць абслугоўвання і парушэнні карыстання яго пакрыццё правалілася пасярэдзіне канструкцыі. Як паведамляе «Аршанская газета», у рэдакцыю выдання паступіла багата скаргаў ад мясцовых жыхароў, пасля чаго задача па вырашэнні праблемы была перададзена на плечы кіраўніка раёна Ігара Мароза, які ўзяў яе «пад асабісты кантроль».
26 ліпеня газета адсправаздачылася аб выкананых профільнымі службамі работах эпічна-грандыёзным відэа ў TikTok. У каментарах пад ролікам карыстальнікі заўважылі: хаця мост прыходзіць у непрыдатнасць амаль штогод праз гніенне дошак, іх зноў нічым не апрацавалі.
Нягледзячы на адносную прастату канструкцыі, для Беларусі падвесныя масты з’яўляюцца сапраўдным дзівоцтвам. Іх можна палічыць на пальцах рук — праз Нёман у горадзе Масты, праз Оршыцу ў Оршы, ды, самыя натуральныя, Нарачанскія. Гэта група з чатырох надзвычай аўтэнтычных мосцікаў на рачулцы Нарачанка пад Вілейкай.
Год «якасці» не пашкадаваў мясцовую славутасць, таму следам за аршанскім калегам у груду дошак ператварыўся мост ля вёсцы Ручыца. Акрамя турыстычнай функцыі ён адкрываў максімальна кароткі шлях да населенага пункта Красніца на супрацьлеглым беразе Нарачанкі.
Ці будуць мясцовыя ўлады ўносіць свае намаганні ў рамонт канструкцыі, з улікам таго, што мост самаробны, пакуль звестак няма.
У Мазыры, вядомым сваім пагорыстым і серпанціністым рэльефам, абрынуліся вялізная пешаходная лесвіца, што злучае вуліцу Крупскую з Нагорнай. Мінулым разам усходы размывала вадой летам 2023 года, пасля чаго іх капітальна адрамантавалі: па ўсёй бачнасці, з тэрмінам прыдатнасці ў адзін год.
«Якасным» рамонтам засталася незадаволеная нават прапагандыстка Вольга Ласута, напісаўшы гнеўны матэрыял для выдання «Мазыр News».
«Я спускалася па ёй толькі аднойчы ў сухое летняе надвор'е, пасля чаго падумала, што аднаго разу дастаткова. Лепш у абыход ці аб'езд, затое цэлая буду. /…/ Гледзячы на фота, можна зрабіць непрафесійную выснову: тут адным толькі рамонтам не абыдзешся. Час узводзіць новыя ўсходы. Але ў чым рацыя кожны год рабіць усё нанова, марнуючы пры гэтым вялікія сродкі? Няўжо так прасцей замест таго, каб зрабіць адзін раз і назаўжды?», — піша прапагандыстка.
Ласута нагадвае, што летась быў адрамантаваны латок для збору ліўневых вод у пазбяганне размыцця катлавана, заліты новы падмурак усходаў, апорныя сцены, прыступкі, выкладзена плітка, устаноўлены парэнчы. Капітальны рамонт доўжыўся каля чатырох месяцаў.
Згодна з актуальнымі данымі мапаў, цяпер найбліжэйшы пешаходны маршрут з вуліцы Нагорнай на Крупскую (праз могілкі) складзе 4,3 кіламетры супраць 200 метраў па змытых сходах. У часавым эквіваленце гэта 52 хвіліны супраць двух.
Нечакана цікавыя скаргі прыходзіць з яшчэ адной унікальнай славутасці — гідралагічнага помніка «Блакітная крыніца» на Слаўгарадшчыне. Так, інфраструктура вакол наймагутнейшай крыніцы Беларусі не вытрымлівае наплыву гасцей, скардзіцца падпісчыца Telegram-канала «Беларусь за МКАДам».
«Прыўкрасная, дзіўная "Блакітная крыніца" ў Слаўгарадскім раёне. Твар Магілёўскай вобласці...і жудасныя, непрыбраныя грамадскія прыбіральні там. Гэта ж ганьба. Туды прыязджаюць госці з суседніх гарадоў і дзяржаў. Куды глядзяць адказныя за такія грамадскія месцы?», — піша яна.
Мы спыталі ў вандроўніка, які летась наведваў Блакітную крыніцу, пра яго думкі што да прыведзенай скаргі.
«У выходны дзень на паркоўцы ля крыніцы, па адчуваннях, 80% машын былі на расійскіх нумарах, шмат чорна-аранжавых стужак. Гэта абумоўлена тым, што вадаём знаходзіцца зусім побач з мяжой. Пузатыя мужычкі з вялізнымі праваслаўнымі крыжамі спачатку мацюкаюцца ў свянцонай вадзе, а пасля пакідаюць смецце побач са свянцонай вадой. Дык як тады можна здзіўляцца таму, што мы бачым у прыбіральнях?», — распавёў Алесь (імя зменена дзеля бяспекі).
Наступная падзея не зусім звязана з годам «якасці», але ж у ёй прыгожае ўсё!
У салігорскім скверы «Сям'і, Любові і Вернасці» трактар наехаў на абарончыя пласціны фантана, тыя не вытрымалі масу, парэпалася на аскепкі і адправілі машыну ўніз пад зямлю. Для эталоннасці карціны не хапіла толькі ўключаных бруй вады, а лепей сырнага фандзю!
Самая іранічная дэталь, што аналагічнае здарэнне з удзелам трактара і прычэпа ўжо адбывалася на гэтым жа фантане зімой 2021 года — тады камунальныя службы пасыпалі плітку пяском і раптам апынуліся ў тэхнічнай частцы фантана. Такія вось традыцыйна «традыцыйныя каштоўнасці»!
Ключавая памылка гэтых здарэнняў — не неінфармаванасць кіроўцаў, а выкарыстанне цяжкой тэхнікі ў пешаходных грамадскіх прасторах.
Эстафету ад палаючых камбайнаў у мінулым месяцы прыняў і чыгуначны транспарт.
23 жніўня ў кабіне дызель-цягніка, які следаваў па маршруце Брэст — Лунінец, адбылося ўзгаранне. У той час састаў знаходзіўся на станцыі «Парахонск» каля вёскі Асніца Пінскага раёна. У МНС заявілі, што прычыны здарэння «высвятляюцца», але, вядома, ніякіх звестак інстанцыя больш не публікавала.
Пажар у лакаматыве цягніка
Нагадаем, у студзені Лукашэнка падпісаў Указ «Аб аб'яўленні 2024 года Годам якасці».
«Прыярытэтнай увагай» улады назвалі дасягненне высокай якасці жыцця, што ўключае якаснае абслугоўванне населеных пунктаў, дастатковы ўзровень даходу, здаровае харчаванне, добрую адукацыю, культурнае правядзенне вольнага часу ды іншыя пункты.