Самакіраванне: горы паперы і страчаныя нервы
Праз паўгода мусяць адбыцца выбары ў мясцовыя cаветы дэпутатаў. Ужо пачалося абмеркаванне магчымага ўдзелу ў ім прадстаўнікоў ад розных палітычных структур. Але ці салодкі хлеб народнага абранніка, і ці ёсць сэнс увогуле ісці ў дэпутаты? Адказ на гэта пытанне мы спрабавалі высветліць у асобаў, якія маюць практычны досвед удзелу ў органах самакіравання краіны.
Праз паўгода мусяць адбыцца выбары ў мясцовыя cаветы дэпутатаў. Ужо пачалося абмеркаванне магчымага ўдзелу ў ім прадстаўнікоў ад розных палітычных структур. Але ці салодкі хлеб народнага
абранніка, і ці ёсць сэнс увогуле ісці ў дэпутаты? Адказ на гэта пытанне мы спрабавалі высветліць у асобаў, якія маюць практычны досвед удзелу ў органах самакіравання краіны.
Бадай адным з самых вядомых дэпутатаў мясцовых саветаў з’яўляецца Алесь Зарэмбюк. У 2003 годзе ён стаў дэпутатам Мастоўскага раённага савета — дарэчы, самым маладым з агульнай
кагорты абраннікаў: тады 20-гадовы Алесь навучаўся на факультэце сацыялогіі Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Я. Купалы. Але гэта не перашкодзіла яму перамагчы свайго суперніка са значнай
перавагай — за Алеся аддалі свае галасы 74,4 працэнта выбаршчыкаў.
У мясцовых выбарах 2007 года Алесь Зарэмбюк таксама ўдзельнічаў, але прайграў свайму апаненту два галасы. Праўда, у былога дэпутата ёсць пэўныя сумневы адносна праўдзівасці агучаных вынікаў
галасавання. Паводле яго слоў, старшыня выбарчай камісіі паўгадзіны не мог абвесціць вынікаў галасавання, хаця бюлетэні былі ўжо падлічаныя, некуды хадзіў, з кімсьці раіўся.
Таму ці ісці на наступныя выбары, Алесь пакуль для сябе не вырашыў: «Калі выбарчае заканадаўства не будзе змененае, застануцца ранейшыя правілы гульні, то і ўдзельнічаць вялікага сэнсу ў
выбарах няма. Дэпутатамі стануць тыя, хто трэба. Магчыма, некага прапусцяць ці не змогуць пракантраляваць».
Разам з тым малады палітык гаворыць, што хоча ўдзельнічаць у выбарах, «бо працуе з выбаршчыкамі, хаця і не з’яўляецца дэпутатам». Сёлета, напрыклад, разам з жыхарамі
мястэчка вырашылі праблему асвятлення аднаго з мікрараёнаў Мастоў. У тым жа мікрараёне дамагліся забароны праезду грузавых аўтамабіляў, якія перавозілі хімічныя ўгнаенні. У выніку вада ў студнях па
ўтрыманню нітратаў перавышала санітарна-гігіенічныя нормы ў дзесяткі разоў. Вырашэнне такіх дробных праблем займае многа часу, аднак, адзначае Алесь, калі людзі праяўляюць сваю ініцыятыву, то аднойчы
ўсё скранаецца з мёртвай кропкі.
«Тое, што называецца ў нас мясцовым самакіраваннем, абсалютна не падобнае на сістэмы ў суседніх краінах. Паўнамоцтвы дэпутатаў моцна абмежаваныя, Беларусь не далучаная да еўрапейскай Хартыі
аб мясцовым самакіраванні. Уся ўлада на месцах дэ-факта ў выканаўчых камітэтаў», — дзеліцца назіраннямі са сваёй працы экс-дэпутат. І тлумачыць, чаму так ёсць: «Сесіі
дэпутатаў праходзяць, але яны неэфектыўныя, бо абсалютная большасць людзей прызначаныя туды — гэта старшыні калгасаў, гаспадарак. Яны цалкам залежныя ад улады сваімі працоўнымі кантрактамі.
Калі ўздымуць нейкае балючае для выканаўчай улады пытанне, то могуць пасля пацярпець. Таму важна, каб людзі ішлі незалежныя. Плюс, калі на Захадзе любая тэрыторыя, якая мае самакіраванне, сама
вызначае, як ёй жыць і развівацца, то ў нас гэтага абсалютная няма. У нас уся сістэма кіравання падпарадкавана вертыкалі. Старшыні выканкамаў, якія ўплываюць на вырашэнне многіх пытанняў,
прызначаюцца кіраўніком дзяржавы, яны ніяк не залежаць ад жыхароў».
Ці гатовыя беларусы вызначаць, якім будзе іх горад, мястэчка, вёска? Сёння большасць найперш цікавіць уласнае выжыванне, здабыванне грошай на жыццё, выхаванне дзяцей. «Але калі б былі
свабодныя і справядлівыя выбары, то няхай не паўсюль, а ў 20–30 гарадах са 117 маглі б прыйсці актыўныя прадстаўнікі грамадскасці. Калі маеш уладу, то прасцей змяняць ментальнасць людзей, у
тым ліку і іх погляды», — адзначае былы дэпутат Мастоўскага райсавета.
Што такое самакіраванне ў вёсцы? Горы паперы і страчаныя нервы. Так адказвае Аляксандр Пудоўкін з вёскі Лунна. Яго двойчы абіралі дэпутатам Лунненскага сельскага Савета і адзін раз —
дэпутатам Мастоўскага раённага. За час свайго дэпутацтва спадар Аляксандр прыйшоў да высновы, што сельскія саветы не маюць ні ўлады, ні грошай. Усё вырашаецца праз звароты ў райвыканкам, там жа
размяркоўваюцца фінансы. А якому з сельскіх саветаў на што хопіць, іншая справа.
У вёсках праблемы звычайна побытавага характару: рамонт дарог, газіфікацыя, водазабеспячэнне, асвятленне, забеспячэнне насельніцтва спажывецкімі таварамі, медычнай дапамогай. За год, па словах
дэпутата, ён фіксуе 20–40 вусных зваротаў з просьбаю ў нечым дапамагчы. Гэта — апроч уласных ініцыятыў. Звычайна, вырашэнне той ці іншай праблемы займае нямала часу, але здараецца і
хуткае рэагаванне. Ад ліпеня вясковую аптэку зачынілі на рамонт — разбурылася падлога. Надышлі халады, людзей аптэкарка прымала з чорнага ўваходу, скаргі на нязручнасці абслугоўвання і
кепскія ўмовы працы ігнараваліся. Пасля звароту дэпутата ў чатыры інстанцыі (Камітэт дзяржкантролю, абласны аддзел аховы здароўя, аблвыканкам і раённую газету) справа скранулася з месца праз некалькі
дзён. Цяпер у аптэцы маштабны рамонт.
Аднак карысную працу дэпутата, па вялікім рахунку, можна назваць няўдзячнай. «Уладзе патрэбныя паслухмяныя людзі. У мяне часам пытаюцца, чаму мне няймецца, вось жа іншыя не выступаюць
асабліва, пасядзяць на сесіі — і ціхенька за дзверы. Але я лічу, што калі стаў дэпутатам, то мушу выконваць свае абавязкі», — абгрунтоўвае ўласную пазіцыю Аляксандр
Пудоўкін. Дарэчы, да 2004 года ён працаваў у мясцовым сельскім савеце, пасля яго звольнілі па скарачэнню штату.
У давяршэнне дэпутат перыядычна чуе ў свой бок, што ён бэнээфавец, мае мяхі грошай, ці наадварот, што сям’я яго — ледзь не бамжы. І гэта ў падзяку за тое, што не лянуецца чалавек
займацца справамі сваіх аднавяскоўцаў. «Ціснуць на мяне не проста, але эфект тармажэння ствараюць добра. Патрэбныя новыя людзі, якія нешта хочуць змяніць тут, у сваёй краіне, у сваёй
мясцовасці. Той склад дэпутатаў, што мы маем цяпер, — з мінулага. А наш час, калі можна вольна працаваць і не атрымліваць ад гэтага маральных пакут, яшчэ не прыйшоў», — з
сумам рэзюмуе народны абраннік.