«Самотна на душы». Як экс-участковы з Бабруйска з сынам сталі палітвязнямі — гутарка з жонкай і маці

«У нас засталіся адны жанчыны ў сям'і. Збяромся разам на свята — можам паплакаць, але пасля бяром сябе ў рукі: нельга духам падаць», — уздыхае Алена Букас у размове з «Нашай Нівай». 10 жніўня 2020 года бабруйчанка вярнулася дадому без мужа і сына і больш іх на волі не бачыла. У канцы лістапада мужчын асудзілі па 364-м артыкуле КК (Гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў): мужа Ігара на чатыры гады калоніі строгага рэжыму, сына Алега — на два гады агульнага.

1_viber_image_2021_05_01_11_13_14_bg55b.jpg

Распыталі жанчыну, як яна жыве ў абсалютна новай для сябе рэальнасці.

«Немагчыма быць абыякавай, калі тваіх збіваюць»

Алена і Ігар Букасы пазнаёміліся ў Бабруйску. Алена згадвае, што будучы муж проста падышоў да яе на вуліцы, а ўжо праз тыдзень зрабіў прапанову.

«Гэтак жа пасля павёў сябе з нявесткай і наш сын: паклікаў замуж пасля двух тыдняў знаёмства. Яна спрабавала казаць, што дрэнна яго ведае, але ў яго быў моцны аргумент: прыклад маці з татам, якія і па сёння жывуць разам у каханні», — расказвае Алена.

Пасля вайсковай вучэльні Ігар скончыў школу міліцыі, уладкаваўся ў Бабруйску аператыўнікам, а пасля ўчастковым. Праўда, Алена адзначае, што адразу было відаць, што ў Ігара задужа добрае сэрца для такой працы.

«Ëн часам прыходзіць дадому і просіць: «Збяры паесці». Я пытаюся: «Каму?» І высвятляецца, што там нейкага добрага мужыка затрымалі, трэба яго пакарміць. Колькі муж ні працаваў там, так торбы яму і збірала».

Пасля звальнення Ігара з органаў сям’я пачала займацца грузаперавозкамі. Роўна да таго няшчаснага для сям’і дня — 10 жніўня 2020 года.

Што здарылася?

Па версіі Букасаў, увечары 10 жніўня яны вырашылі заехаць у мясцовую «Карону» па прадукты. Прыпаркавалі машыну непадалёк ад плошчы Леніна і накіраваліся ў краму. На шляху ўбачылі канфлікт: ДАІ спыніла кіроўцу, які пасігналіў у знак салідарнасці пратэстоўцам. Людзі пачалі яго абараняць, прасілі не караць, нягледзячы на адсутнасць тэхагляду. Не засталіся ў баку ад сваркі і Букасы.

На судзе пасля Ігар расказаў, што ў нейкі момант супрацоўнікі міліцыі — падаспеўшыя прадстаўнікі дэпартамента аховы МУС — загадалі: «Затрымліваем». Ігар пачаў абараняцца і даў аднаму з іх па карку. Абараняць бацьку ў сваю чаргу кінуўся сын Алег — ударыў аднаго з сілавікоў у шлем. У выніку абодва апынуліся затрыманымі. Ігар пры гэтым быў увесь у крыві — яму зламалі нос, надарвалі вуха.

«У мяне дагэтуль ляжыць тое іх акрываўленае адзенне — аддалі ў Следчым камітэце пасля экспертызы (думалі, што там кроў супрацоўнікаў органаў), спецыяльна нічога не сціраю. Нас спрабавалі ўпэўніць, што муж і сын былі п’яныя, але медэкспертыза паказала нуль праміле. Як я сама тады не кінулася ратаваць мужа і сына? Толькі дзякуючы малодшай дачцэ. Я ўжо хапанула кагосьці ў балаклаве за форму, бо немагчыма быць абыякавай, калі тваіх збіваюць. Але дачка загадала: «Стой ціха і роўна». Я толькі крычала, клікала на дапамогу».

Пацярпелы маёр Уладзімір Мяньшоў, які атрымаў па карку, не меў прэтэнзій да Букасаў і на судзе прасіў не пазбаўляць іх волі. Але змякчыць прысуд, запытаны пракурорам, гэта не дапамагло.

_5u955.jpg

«Мне пасля многія, у тым ліку пажылая маці, казалі: ну прайшлі б вы міма. Вам што, больш за ўсіх быў патрэбны той спынены кіроўца? Але мы не так выхаваныя. І калі б з намі здарылася бяда і ніхто не прыйшоў на дапамогу, то што б было? Няправільна гэта», — каментуе Алена.

«Месяц няма ад мужа і сына ніякіх вестачак»

Апошні раз Алена бачыла сына з мужам у лютым — на абскарджванні прысуда, якое нічога не дало. Кажа, што амаль усю гадзіну спаткання з кожным праплакалі. Пасля гэтага слёзы сталі пастаянным спадарожнікам жыцця жанчыны.

«Ніводнага мужчыны ў сям’і не засталося: старэйшая дачка яшчэ развялася нядаўна… Гэта ўсё адбіваецца, вядома. Прыходзіш з працы — і самотна на душы, няма да каго прытуліцца. Рыдаеш, не спіш, ідзеш па афабазол. Нявестку ўвогуле адпраўляла да псіхолага: у іх з Алегам толькі нарадзілася дачка, у дзяўчынкі — парок сэрца. Цяжка. Але крыху паплачам — і бяром сябе ў рукі. Нам тут усё адно лягчэй, чым ім. І трэба быць моцнымі. Мне здаецца, я і раней была моцнай. А гэта сітуацыя яшчэ больш мяне загартавала».

Больш за ўсё Алена перажывае, што вось ужо як месяц ад родных няма ніякіх лістоў — пасля таго як іх перавялі з Бабруйскага СІЗА ў месцы адбыцця тэрміну: Алега — у Віцебск, а Ігара — у Ваўкавыск.

«Апошні ліст ад Ігара прыйшоў тры месяцы таму. Ëн толькі паспеў паведаміць, што на новым месцы збівае драўляныя паддоны — такая праца. І што ў адзін дзень у яго падняўся ціск: 200 на 120 было. Ëн прылёг там на лаўку, і за гэта атрымаў пяць дзён штрафнога ізалятара. Пасля гэтага — ні вестачкі. Пры тым што з Бабруйска лісты ад іх даходзілі кожны тыдзень. І я ведала, што іх там паставілі на прафілактычны ўлік як схільных да экстрэмізму, у душ вадзілі ў кайданках. Што ў камерах было вільготна і холадна…. А цяпер бандэроль для мужа і тая вярнулася, напісала на адрас начальніка калоніі, каб разабраліся. Сыну адправілі заказныя лісты-віншаванні на дзень народзінаў: 30 красавіка ён адзначаў у калоніі сваё 25-годдзе. Не ведаю таксама, ці дойдзе. Калі так справа працягнецца, трэба ехаць туды самім. Бо па тэлефоне нявестку запэўнілі: усё з вашым добра».

«Людзі думаюць: калі яны з намі камунікуюць, то абавязкова і па іх нехта прыйдзе»

У сувязі з новымі абставінамі Алене прыйшлося шукаць сабе новую працу: грузаперавозкамі адна яна не магла займацца фізічна. Кажа, што ў Бабруйску гэта было зрабіць складана: многія адмаўлялі ёй, ведаючы, што сваякі жанчыны асуджаныя.

«З адукацыі я кантралёр-касір, але ў выніку змагла ўладкавацца толькі памочніцай кухара ў школе: за 300 рублёў туды ніхто не хацеў ісці, а ў мяне выбару не было. Мы і сяброў згубілі шмат пасля прысуду: са мной шмат хто не вітаецца. Сябар дзяцінства Алегу ніводнай паштоўкі не даслаў… Людзям страшна за сябе. Нібыта калі яны з намі камунікуюць, то абавязкова і па іх нехта прыйдзе, пагрукае ў дзверы».

Сама Алена кажа, што даўно страціла страх:

«У нейкі вечар, калі мужа і сына ўжо затрымалі, пад вокнамі спыніўся бус з зацемненымі вокнамі. Мне пачалі бомкаць у дамафон. Бачна было, што гэта нейкія мужчыны. Я сказала, што Алены Феліксаўны, мяне, няма дома, выключыла святло і лягла спаць, а раніцай спакойна пайшла на працу. Ну забяруць мяне — і што? Не расстраляюць жа. Я на такое наглядзелася 10 жніўня — нібыта вайна з мірнымі грамадзянамі ў нашым горадзе пачалася. Валасы тады на галаве варушыліся і слёзы на вочы наварочваліся. Пасля таго дня ў нас у сям’і ніхто не хоча ў органах служыць: тая ж старэйшая дачка вучылася на правазнаўстве, але цяпер не плануе звязвацца з гэтай тэмай».

hxlufjlkpog_mts2f.jpg

Алена расказвае, што ў 2020 годзе іх сям’я поўным складам адправілася на выбары, упершыню з 1994 года. Нават яе 85-гадовая маці прынцыпова ўзяла ў рукі кіёк і пайшла на ўчастак складваць свой бюлетэнь гармонікам.

«Раней неяк мне не было за каго галасаваць. Ды і ў прынцыпе палітыкай я не цікавілася: не ведала, што і ў мінулым у нас існавалі палітзняволеныя. А тут сын настроіў цікавіцца: навучыў карыстацца інтэрнэтам, падключыў тэлеграм, на ютубе мы глядзелі «Краіну для жыцця». Цяпер я ў абед на працы адразу лезу маніторыць навіны, пакуль калегі ядуць. Мне мае дзеўкі кажуць: «Ты ўжо з глузду з’язджаеш». А я не разумею, як можна атрымліваць 300 рублёў і проста вяртацца дадому, не цікавіцца тым, што адбываецца навокал, у тваёй краіне. Я даводжу: «Вы пражывяце на гэтыя 300 рублёў, а дзеці як вашы будуць жыць?» На што чую: «Хай яны самі пасля разбіраюцца». Такая абыякавасць бянтэжыць: пры тым што летам у Бабруйску на вуліцу выходзілі тысячы людзей. Я ганарылася землякамі. А цяпер усе зноў схаваліся па кватэрах. Не трэба было людзям у жніўні сыходзіць з вуліц, пакуль іх не пачуюць, мне падаецца. Цяпер многіх запужалі…»

У лістах да сына і мужа Алена не дазваляе сабе плакацца: запэўнівае Алега і Ігара, што перамены прыйдуць і яны хутка будуць на волі.

«Я вырашыла даваць ім веру і надзею. Кажу, маўляў, патрывайце крышачку, тут ніхто не сядзіць са складзенымі рукамі. Я і сама настройваю сябе верыць: спачатку верыла ў вясну, цяпер у лета. Мару, што хутка ўсіх несправядліва асуджаных выпусцяць на волю. Не толькі маіх. Закуплюся ў той дзень шампанскім і выйду на вуліцу святкаваць дзень перамогі, як і ўсе астатнія беларусы».

Адрасы для лістоў зняволеным:

Алегу Букасу: ПК №3, 211322, Віцебская вобласць, г. п. Віцьба

Ігару Букасу: ПК №11, 231900, г. Ваўкавыск, вул. Ракасоўскага, 118