Санта-Барбара на беларускай АЭС: хроніка аднаго падзення

Паведамленні пра інцыдэнты пры будаўніцтве станцыі былі і раней, але ўтойванне звестак аб тым, што адбылося гэтым разам, здаецца, не пакінула абыякавымі шмат каго.

cms_image_000018282.jpg

 

Не чапай, бо лясне!

 

Пра падзенне корпуса рэактара стала вядома 25 ліпеня, калі каардынатар кампаніі «Астравецкая атамная — гэта злачынства!» Мікалай Уласевіч напісаў пра гэта ў Facebook. У допісе паведамлялася, што інцыдэнт адбыўся яшчэ 10 ліпеня падчас выпрабавальнай устаноўкі корпуса рэактара. Вышыня падзення склала ад 2 да 4 метраў.

«Атамбудэкспарт», падраздзяленне дзяржкарпарацыі «Расатам» і генпадрадчык будаўніцтва БелАЭС, заявілі, што ніякіх пашкоджанняў корпуса не адбылося, канструкцыя знаходзіцца за межамі рэактарнага аддзялення, і тэхнічных перашкодаў для яго ўстаноўкі на штатнае месца няма.

Такія лаканічныя і «станоўчыя» навіны, як і маўчанне аб здарэнні на працягу амаль двух тыдняў, выклікалі хвалю абурэння ў байнэце. Міністэрства энергетыкі Беларусі пэўны час ніяк не каментавала «чуткі» і толькі пасля публікацый у СМІ ўсё ж пацвердзіла факт няштатнай сітуацыі.

Занепакоеным даводзілася гадаць пра стан атамнай станцыі і прыдатнасць да эксплуатацыі. Замоўца праекта РУП «Беларуская АЭС» запатрабаваў у генпадрадчыка ўсе дакументы і звесткі па інцыдэнце, але супакаення, роўна як і яснасці ў справе, гэта не прынесла. У такой сітуацыі інтэрнаўтам заставалася толькі жартаваць пра здарэнне.

 

Меркаванне экспертаў

 

Адмыслоўцы ў энергетычнай сферы і фізікі-ядзернікі ў каментарах да публікацый пра інцыдэнт былі ўпэўненыя: нават пры невялікім падзенні корпус мог быць пашкоджаны, таму патрэбны ўсебаковы аналіз яго стану і магчымая замена. Але гэта можа абярнуцца для Беларусі стратай часу і грошай.

Пытанне, што важней для беларускага боку — бяспека ці тэмпы рэалізацыі праекта, — застаецца адкрытым. Андрэй Ажароўскі, інжынер-фізік, удзельнік Беларускай антыядзернай кампаніі (Масква) звяртае ўвагу на тое, што, калі мінулым летам на будаўніцтве ЛАЭС-2 у Расіі адбылося надзвычайнае здарэнне — падзенне ўнутрырэактарнага 70-тоннага блока ахоўных труб, было вырашана не рамантаваць пашкоджанае абсталяванне, а вырабіць новае.

На думку былога дэпутата Вярхоўнага Савета 13-га склікання Марата Афанасьева, які шмат гадоў прапрацаваў у энергетычнай сферы, здарэнне адбылося праз памылку будаўнікоў. Пры перасоўванні падобных аб’ектаў мусіў быць складзены дэталёвы план і здзейсненая праверка ўсіх тросаў.

Фізік, кандыдат тэхнічных навук, адказны сакратар Камісіі Вярхоўнага Савета СССР па разглядзе прычын аварыі на Чарнобыльскай АЭС і ацэнцы дзеянняў службовых асоб у пасляаварыйны перыяд Юры Варонежцаў лічыць, што ўлады павінны спыніць будоўлю, склікаць грамадскую камісію, вывучыць усебакова інцыдэнт і толькі пасля прымаць рашэнне аб працягу будаўніцтва.

Супраць працягу будаўнічых прац выступіў і фізік-ядзернік, навуковец, акадэмік Міжнароднай акадэміі навук інфармацыйных тэхналогій, намеснік кіраўніка Беларускага сацыяльна-экалагічнага саюза «Чарнобыль», сустаршыня руху «Навукоўцы за бяз’ядзерную Беларусь» Ягор Фядзюшын.

 

«Рэактар лёгка дакрануўся да зямлі»: рэакцыя «Расатама»

 

1 жніўня стала вядома, што карпарацыя «Расатам» выказала гатоўнасць замяніць рэактар.

«Калі такое рашэнне будзе прынята, мы гатовыя яго ўлічыць, бо разумеем асаблівае значэнне грамадскай прымальнасці пры будаўніцтве першай у краіне АЭС», — сказаў першы намеснік кіраўніка «Расатама» Сяргей Лакшын.

У выпадку замены корпуса абсталявання на першым блоку АЭС будзе ўстаноўлены корпус рэактара, прызначаны для другога блока. Заканчэнне прац над ім было прызначанае на кастрычнік 2016 года.

Але цягам дня «Расатам» абверг нанясенне любой шкоды рэактару ў выніку інцыдэнту на Беларускай АЭС. Паводле слоў Сяргея Лакшына, у ноч з 9 на 10 ліпеня адна з субпадрадных арганізацый выконвала аперацыі па перасоўванні корпуса рэактара з аднаго лажамента на іншы. Корпус рэактара планавалася перасунуць на адлегласць каля дзесяці метраў, не змяняючы яго гарызантальнага становішча. Аднак пры страпоўцы субпадраднікам былі дапушчаныя адхіленні ад інструкцыі, з-за якіх адбыўся перакос грузу пры яго ўздыме.

«На вышыні каля чатырох метраў (пры даўжыні вырабу 11 метраў) паўстала няспраўнасць пад’ёмнага крана, з прычыны чаго корпус заставаўся ў падвешаным стане больш за паўгадзіны. Увесь гэты час перакос паступова павялічваўся, і ў выніку прывёў да таго, што корпус рэактара праслізнуў па стропах і павіс дыяганальна прыхіліўшыся да зямлі. На працягу ўсяго працэсу вялася няспынная відэаздымка і забяспечвалася рэгістрацыя намаганняў на круку крана. Нават у момант дотыку зямлі асноўная вага вырабу — больш за дзве траціны — утрымліваліся кранам. Таму выкарыстоўваць такія словы, як «удар аб зямлю» ці «падзенне», няслушна, гэта ўводзіць людзей у зман, бо скажае сутнасць таго, што адбылося, бо хуткасць руху корпуса не перавышала хуткасці пешахода», — сказаў ён.

Пытанне, чаму заклапочанай апошнімі падзеямі ў Астраўцы грамадскасці нельга паказаць відэа здарэння (калі яно вялося), застаецца адкрытым.

 

Еўропа нам дапаможа?

 

Вялікую занепакоенасць здарэннем выказаў урад Літвы, які ўручыў 28 ліпеня беларускаму паслу ноту ў сувязі з інцыдэнтам на будаўніцтве Беларускай АЭС і звярнуўся па дапамогу да Еўрасаюза.

Праверку інцыдэнту могуць здзейсніць і эксперты МАГАТЭ, якія працуюць над будучай місіяй па ацэнцы пляцоўкі АЭС. Але да зацікаўленасці гэтай арганізацыі ва ўсебаковым высвятленні асаблівасцяў здарэння ў многіх існуе здаровы скепсіс: «Пчолы не могуць быць супраць мёду». Сапраўды МАГАТЭ існуе да таго часу, пакуль дзейнічаюць і будуюцца новыя станцыі.

Не даводзіцца спадзявацца і на рэакцыю заходніх краін (акрамя суседкі-Літвы, чые інтарэсы АЭС закранае непасрэдна). Нягледзячы на агульны трэнд адыходу ад ядзернай энергетыкі, у некаторых краінах Еўропы працягваюцца працы над будаўніцтвам уласных станцый. Так, новыя АЭС могуць з’явіцца ў Фінляндыі і нават у Вялікабрытаніі, дзе запланавана будаўніцтва першай атамнай станцыі за 20 гадоў.

 

Чым горш, тым лепш

 

У выпадку з Астравецкай АЭС у беларускай грамадскасці фактычна няма магчымасці ўплыву на пытанні, звязаныя з яе бяспекай. Інцыдэнт на будоўлі ў Астраўцы ў чарговы раз прадэманстраваў гэта. Занятыя пры вырабе неабходных канструкцыі і механізмаў кампаніі, а таксама будаўнікі на месцах не ў стане дэманстраваць адкрытасць працэсу ўзвядзення новай АЭС.

Шмат хто з экспертаў адзначае, што непахісная воля да будаўніцтва станцыі сыходзіць з самага верху, таму спадзявацца на магчымасць паўплываць на гэтае рашэнне не даводзіцца.

Атрымліваецца, што ў беларусаў на дадзены момант ёсць толькі два варыянты паляпшэння сітуацыі: эканамічны крызіс і падобныя інцыдэнты пры яе будаўніцтве. Першае можа прывесці да спынення будоўлі, а другое — узмацніць кантроль за правядзеннем усіх будаўнічых прац.

Зрэшты, лепей беларусам наогул без інцыдэнтаў. Іх у нашай гісторыі ўжо хапіла.