Лукашэнка: Спекуляцыя вакол БелАЭС — звычайная канкурэнцыя, палітызацыя і балбатня
Рэакцыю на інцыдэнт на Беларускай АЭС, што будуецца ў Астраўцы, Аляксандр Лукашэнка лічыць "звычайнай канкурэнцыяй", "палітызацыяй" і "балбатнёй". Пра гэта ён заявіў журналістам у час рабочай паездкі ў Віцебскую вобласць 4 жніўня.
Лукашэнка таксама заклікаў Літву разам з Беларуссю думаць, як эксплуатаваць будучую АЭС.
"Сустракаючыся нядаўна з паслом Літвы, які ад`язджае, я яму сказаў наступнае: "Давайце спынім гэтую цяганіну, давайце перастанем наступаць адзін на аднаго: вы будзеце на нас, а мы будзем адбівацца — па будаўніцтве атамнай станцыі, — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА. — Давайце зробім яе сумесна ў плане таго (у іх сёння дэфіцыт электрычнасці), што мы будзем па нармальных, прымальных цэнах пастаўляць вам электрычнасць. Мы забіраем сёння людзей, якія на Ігналінскай станцыі засталіся без працы, мы прыцягнем гэтых людзей для працы ў нас. Яны будуць для нас не чужыя людзі. Значыць, маса праблем, давайце будзем разам думаць, як эксплуатаваць гэтую станцыю, а не стаяць лоб у лоб і адзін на аднаго паказваць пальцам".
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, спекуляцыя вакол будаўніцтва БелАЭС — звычайная канкурэнцыя, палітызацыя і балбатня. "Вось нядаўна на Ігналінскай станцыі здарыўся пажар. Шмат хто нават не ведае пра гэта. Чаму? Мы не робім з гэтага катастрофы. Калі патрэбная дапамога — мы дапаможам. Але яны спраўляюцца самі з гэтым інцыдэнтам, які значна больш сур`ёзны, чым у нас. Мы не крычым пра гэта гвалтам", — дадаў ён.
Паводле слоў Лукашэнкі, апошнім часам у літоўскіх СМІ з`яўляюцца разумныя развагі спецыялістаў пра будаўніцтва атамнай станцыі ў Беларусі — эксперты заяўляюць, што Беларусь больш чым хто-небудзь зацікаўленая ў бяспецы АЭС.
"Калі вы заклапочаныя — знайдзіце ў сябе не палітыка, а групу прафесіяналаў у Літве, Латвіі, Польшчы і скажыце, што яны хочуць атрымліваць інфармацыю для ўсёй Літвы, Латвіі ці Польшчы. Мы будзем з імі працаваць, у нас жа сакрэтаў няма. Нават добра будзе, калі хтосьці з боку будзе больш пільна ўзірацца ў будаўніцтва атамнай станцыі ў нас у Беларусі. Мы ў гэтым вельмі зацікаўленыя", — запэўніў Лукашэнка.
Ён яшчэ раз падкрэсліў, што Беларусь і Літва павінны працаваць над тым, як зрабіць БелАЭС сумеснай станцыяй, каб яна прыносіла карысць абедвюм дзяржавам. "Мы да гэтага гатовыя, і такія прапановы я накіраваў кіраўніцтву Літвы", — паведаміў Лукашэнка.
Ён таксама заявіў, што Беларусь адмовіцца ад корпуса рэактара, які ўпаў, нават калі ён мае хоць найдрабнейшае пашкоджанне.
"Некаторыя дапісаліся, і нават расіяне (больш за ўсё расійскія сродкі масавай інфармацыі) — "зваліўся рэактар на будаўніцтве атамнай станцыі ў Беларусі". Дык ачомайцеся: там ніякага рэактара яшчэ і няма, там ёсць металічны корпус — "бочка" — таўшчынёй 20 см, у які будзе змешчаны рэактар. Мне далажылі раніцай, калі гэты інцыдэнт здарыўся. Яны [будаўнікі] перамяшчалі яго на складзе, трэніраваліся падымаць. Яго паднялі на мой рост, можа, крыху вышэй, стропы не вытрымалі, і гэтая "бочка" адным краем упала на зямлю, з якой яе паднялі".
Паводле слоў Лукашэнкі, яму паказалі кадры гэтага інцыдэнту, і ён адразу ж даручыў неадкладна разабрацца са здарэннем. "Нават калі ёсць найменшыя пашкоджанні або драпіны, мы ад гэтага корпуса павінны адмовіцца. І расіяне кажуць, што калі беларусы адмовяцца ад гэтага корпуса, то яны прывязуць іншы і ўсталююць. Вось і ўвесь інцыдэнт", — сказаў ён.
Беларусь, як пастчарнобыльская рэспубліка, перш за ўсё зацікаўленая ў тым, каб атамная станцыя была бяспечнай, падкрэсліў Лукашэнка. "Я асабіста кантралюю ход будаўніцтва гэтай станцыі, не кажучы ўжо пра нейкія інцыдэнты. Калі б там падмурак заклалі і кавалак сцяны абваліўся, напэўна, таксама было б гвалту на ўвесь свет", — дадаў кіраўнік дзяржавы.
Інцыдэнт на АЭС, якая будуецца, здарыўся 10 ліпеня, але вядома пра яго стала толькі 25 ліпеня з паведамленняў у сацсетках і СМІ. Спачатку генпадрадчык будаўніцтва — расійская група кампаній "АСЭ" — паспяшаўся абвергнуць гэтую інфармацыю, але Мінэнерга Беларусі прызнала, што на станцыі мела месца "няштатная сітуацыя".
Пасля было заяўлена, што падчас трэніровачнай пробнай ўстаноўкі корпуса рэактара 330-тонны агрэгат упаў з вышыні ад 2 да 4 метраў. 1 жніўня намеснік міністра энергетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк паведаміў, што мантаж корпуса рэактара Беларускай АЭС прыпынены да поўнага высвятлення абставін здарэння.
Інцыдэнт выклікаў шырокі грамадскі рэзананс.
Прадстаўнікі апазіцыі і актывісты Беларускай антыядзернай кампаніі заявілі аб недапушчальнасці выкарыстання корпуса рэактара пасля НЗ і запатрабавалі ад уладаў неадкладна спыніць будаўніцтва станцыі.
Літва накіравала Беларусі ноту, у якой запрасіла вынікі расследавання нядаўняга інцыдэнту на АЭС, якая будуецца. Літоўскія ўлады прапанавалі Мінску стварыць міжнародную камісію экспертаў для аналізу вынікаў дадзенага расследавання і падавання рэкамендацый, папрасілі актыўнага ўмяшання ЕС у вырашэнне пытання ядзернай бяспекі, важнага для ўсяго рэгіёну, а таксама звярнуліся да кіраўніцтва МАГАТЭ з просьбай удзельнічаць у расследаванні інцыдэнтаў, якія адбыліся на АЭС, што будуецца.
Варта зазначыць, што гэта ўжо не першае паведамленне аб НЗ на будаўнічай пляцоўцы станцыі. Інфармацыя пра два іншыя інцыдэнты з`яўлялася ў СМІ ў маі і чэрвені.
БелаПАН