«Зялёныя» патрабуюць спыніць будаўніцтва АЭС, а корпус рэактара на металалом

У сувязі з падзеннем корпусу рэактара на Беларускай АЭС і стратай даверу да дзяржаўнай карпарацыі «Расатам» Беларуская партыя «Зялёныя» зрабіла заяву з патрабаваннем неадкладнага спынення будаўнічых работ.

Фота з сайта greenbelarus.info

Фота з сайта greenbelarus.info


У сувязі з падзеннем корпусу рэактара на Беларускай АЭС і стратай даверу да дзяржаўнай карпарацыі «Расатам» Беларуская партыя «Зялёныя» зрабіла заяву з патрабаваннем неадкладнага спынення будаўнічых работ.


На думку «Зялёных», беларускі бок наўмысна ўводзяць у зман і не выконваюць дадзеных абяцанняў па 100% якасці і бяспечнасці атамнай станцыі ўжо на пачатковых этапах яе ўзвядзення.

Спачатку інфармацыя пра надзвычайнае здарэнне на будаўніцтве Беларускай АЭС замоўчвалася, калі інфармацыя патрапіла ў інтэрнэт, карпарацыя «Расатам» адмаўляла сур’ёзнасць таго, што адбылося. Калі адмаўляць стала немагчыма, пачала блытацца ў фармулёўках і гуляць словамі: не ўпаў з вышыні чатырох метраў, а «сутыкнуўся з зямлёй і праслізнуў па стропах»; удару не было, але ж фарба сцерлася; усё ў поўным парадку, але ж можам і замяніць рэактар. Адзначым, што стаўка ў падобнай гульні словамі — жыцці і будучыня мільёнаў людзей у рэгіёне.

Калі гаворка ідзе пра надзейнасць і гарантыі бяспекі АЭС, прадстаўнікі карпарацыі на словах абяцаюць неверагодна высокія стандарты якасці і небывалы ўзровень кантролю і бяспекі. Так, апісваючы патрабаванні да якасці рэактара ВВЭР-1200, гаворыцца: «Рэактар з унутрыкорпуснымі прыладамі ў сабраным выглядзе на АЭС не перавозяць. Выраб складаецца з асобных частак, іх можна пашкодзіць пры перавозцы, а кожная, нават мікрадрапіна на корпусе атамнага гіганта — брак».

Але ж калі справа даходзіць да рэалізацыі падобных гучных абяцанняў, то высвятляецца, што «Расатам» і не збіраецца выконваць іх без дадатковых умоў.

Першы намеснік генеральнага дырэктара карпарацыі «Расатам» Аляксандр Лакшын заяўляе: «Мы абсалютна ўпэўнены, што тэхнічных перашкод для выкарыстання корпусу не існуе».

Брак дэталі значыць адназначную забарону на яе далейшае выкарыстанне. Калі сцёртая фарба ад металічных строп на корпусе рэактара не з’яўляецца мікрадрапінамі, то тады што гэта такое?

У Дэкларацыі аб Вытворчай сістэме «Расатаму» за подпісам генеральнага дырэктара Сяргея Кірыленкі ёсць пункт №3: «Убудоўвай якасць у працэс. Не прымай брак, не стварай брак, не перадавай брак».

Першы намеснік генеральнага дырэктара карпарацыі Аляксандр Лакшын дадае: «Дапускаем, што замоўца можа прыняць рашэнне не выкарыстоўваць гэты корпус, каб пагасіць хвалю чутак і ажыятаж сярод часткі насельніцтва». Фактычна, адказнасць перакладваецца на замоўцу, а дэклараваны ўзровень 100% якасці і гарантыі адсутнасці дэфектаў забываецца. Калі замоўца не супраць, то можам і паставіць, а тое, што з’яўляецца вытворчым бракам, перастае ім быць калі пакідае вытворчую пляцоўку. Атрымоўваецца, што гэта чарговая дэкларацыя, якая не вартая той паперы, на якой надрукавана.

Атрымоўваецца адно з двух: альбо інфармацыйныя матэрыялы «Расатаму» ўтрымліваюць недакладную інфармацыю, альбо не адпавядаюць рэчаіснасці словы першага намесніка старшыні карпарацыі. Але ж у абодвух выпадках крыніцай гэтых недакладнасцяў ці, іншымі словамі, хлусні — з’яўляецца сам «Расатам».

Усё вышэй узгаданае сведчыць пра наўмысны характар спроб схаваць ад беларускага боку інфармацыю аб стане рэактару і працэсе будаўніцтва.

Пасля таго, што здарылася, і далей давяраць словам і абяцанням карпарацыі «Расатам» было б злачыннай нядбайнасцю.

Прамым наступствам утойвання інфармацыі і спроб увесці ў зман — з'яўляецца страта даверу да расійскай дзяржаўнай карпарацыі «Расатам».

Беларуская партыя «Зялёныя» лічыць немагчымым далейшае выкананне ўзятых на сябе абавязкаў карпарацыяй, бо яе наўмысныя дзеянні беззваротна падарвалі давер да яе як да партнёра.

Будаўніцтва Беларускай АЭС мусіць быць неадкладна і без усялякіх дадатковых умоў спынена. АЭС танней не дабудаваць сёння, чым ліквідаваць катастрафічныя наступствы заўтра.

Корпус бракаванага рэактару неабходна здаць на металалом. Па коштах БелДругМет за 330 тон несартыраванага лому чорнага металу магчыма атрымаць амаль што 40.000 дэнамінаваных рублёў.


greenbelarus.info