«Савушкін» адмовіўся ад грошай актывістаў і атрымаў новую порцыю крытыкі
Кампанія, якая палічыла неабавязковай прысутнасць беларускай мовы ў апісанні на ўпакоўках сваіх тавараў, хацела адмаўчацца — і ніяк не рэагавала на хвалю крытыкі ў сацсетках.
Аднак пасля таго, як неабыякавыя беларусы пачалі збіраць грошы, каб дапамагчы вытворцу наняць «ліцэнзаванага перакладчыка», піяршчыкі малочнага гіганта былі вымушаныя даць адказ. Пазіцыю прадпрыемства ў каментары marketing.by патлумачыла намеснік гендырэктара па сувязях з грамадскасцю Алена Бабкіна:
— Размова пра беларускую мову на ўпакоўцы ўзнікла для нашага прадпрыемства ўпершыню. Улічваючы тое, што кампанія працуе на шырокую грамадскасць, трэба разумець — асноўная маса беларусаў размаўляе, чытае і піша не на беларускай мове, а на рускай мове. Не трэба далёка хадзіць: выйдзіце на вуліцу і паслухайце, на якой мове размаўляюць людзі. Так, на рускай. Вось і адказ на ўсе пытанні. Таму і надпісы на ўпакоўцы — на рускай мове: каб пакупнік мог прачытаць і правільна зразумець, што за прадукт ён купляе і што ўваходзіць у яго склад.
Каментуючы ініцыятыву аб зборы сродкаў, якую арганізавалі карыстальнікаў сацсетак, прадстаўнік кампаніі заявіла, што «ім гэтыя грошы не патрэбныя». Такім тлумачэннем «Савушкін прадукт» выклікаў дадатковую порцыю гнеўных каментароў.
— Нам гэтыя грошы не патрэбны... Ды не вам гэтыя грошы, а мове нашай, краіне, каб потым не заяўлялі, што выйдзі на вуліцу, глянь на сяло, па-руску размаўляюць усе, таму клалі мы на вас з вашай мовай, – напісаў у сваім Фэйсбуку адзін з арганізатараў збора сродкаў Аляксандр Лапко. — Зборам грошай беларусы паказалі, што яны гатовыя плацiць за мову! Бізнэс мусіць, як воўк кідацца на гэткія сігналы... Дык адкуль тады ўзяцца беларускай мове ў грамадстве, калі мэнэджмент малочнага гіганта публічна грэбуе ёю? Трэба стымуляваць яе выкарыстанне. Не выганяючы рускую, але ствараючы сапраўды роўныя ўмовы.
Паводле gazetaby.com