Сезон палявання на журналістаў

16 сакавіка 2010 азначана брутальнымі акцыямі мінскіх “сілавікоў" супраць незалежных журналістаў. Залпам. Па загадзя вызначаных аб’ектах.



smi_paliavannie.jpg

Прыкладна з 15.00 да 20.00 ператрус і вобыск зведалі офісы і (ці) прыватныя кватэры рэдактара інтэрнэт-рэсурса "Хартыя–97" Наталлі Радзінай, журналісткі Ірыны Халіп, лідэра грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэя Саннікава, шэф-рэдактара газеты “Народная воля" Святланы Калінкінай, намесніцы галоўнага рэдактара “Народнай волі Марыны Коктыш. Канфіскаваны сістэмныя блокі кампутараў і электронныя носьбіты інфармацыі.


Самі па сабе гэтыя акцыі — не навіна, а, можна сказаць, руцінная практыка рэжыму ў адносінах да незалежных СМІ. Мне з калегамі па газеце “Згода, зачыненай напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2006 года, давялося перажыць некалькі такіх уварванняў на офіс і прыватную кватэру, канфіскацый, судоў і прысудаў. Падобны спіс “узнагарод мае ў сваім актыве ці не кожнае незалежнае выданне. З тых лічаных, што здолелі выстаяць.


Але ёсць і новыя нюансы. Упершыню вобыскі праводзіліся нібыта ў сувязі з іншай справай і з санкцыі абласной пракуратуры. Дзеля пошуку дадатковай інфармацыі, якая можа ўтрымлівацца на кампутарах журналістаў. У дадзеным выпадку, у сувязі з так званай “паляўнічай справай, у аснове якой — канфлікт паміж сілавымі структурамі ў Гомельскай вобласці. Раней уварванні ў рэдакцыі грунтаваліся на абвінавачванні непасрэдна СМІ ў паклёпе, абразе гонару і годнасці высокіх службовых асоб.

Не навіна і выбар уладнай групоўкай асоб для атакі: па крытэру іх актыўнасці і патэнцыйна магчымых палітычных наступстваў ад іх дзейнасці. Зыходзячы, зразумела, з уласнага ўяўлення пра сітуацыю. Як заўсёды, перабольшанага з-за сваіх страхаў страты ўлады.


Кожная з журналістак, што падпала пад пераслед, — таленавітая ў сваёй прафесіі, мае высокі давер у чытачоў, вызначылася смелымі і вострымі публікацыямі. За кожнай з іх стаяць, у працяг траекторыі рэпрэсій, папулярныя і ўплывовыя выданні — сайты “Хартыя–97, “Беларускі партызан, газета “Народная воля.


Гэта аперацыя не ёсць спантанная, ці абсалютна самастойна спланаваная сілавымі структурамі, ці выключна вынікаючая з іх унутранай барацьбы — паміж КДБ і МУС. Ва ўсялякім разе, гэта не галоўны яе элемент. Санкцыю на ўсе ператрусы давала гомельская пракуратура. Але ўсе яны праводзіліся ў Мінску, сталічнымі ж міліцыянтамі, а яшчэ верагодней, у хаўрусе з прадстаўнікамі КДБ. Усе ж — у цывільным. Хто ёсць хто — не разбярэш. Калісьці ператрусам у рэдакцыі “Згода кіраваў менавіта супрацоўнік КДБ, і нават гэта не хаваў.


Акцыя вясенняга “палявання на журналістаў спакваля рыхтавалася і пакрокава ажыццяўлялася. Узгадаем хаця б затрыманні і прысуды на суткі Андрэю Пачобуту і Івану Шульгу, перашкоды журналістам у іх прафесійнай працы падчас вулічных акцый, папярэджанне БАЖ, пераслед, з прыцягненнем пад суд, фотакарэспандэнта “Нашай нівы Юлі Дарашкевіч. Урэшце — першыя вобшукі ў лютым на працоўных месцах Марыны Коктыш і Святланы Калінкінай, допыт у міліцыі 3 сакавіка Ірыны Халіп і Андрэя Саннікава.
У пацвярджэнне таму і канкрэтныя даты. Як праінфармавала на прэсавай канферэнцыі Марына Коктыш, падчас другога вобыску яна даведалася, што яшчэ 31 снежня 2009 года была распачата справа па факце публікацыі артыкулаў на тэму гомельскай “паляўнічай справы ў шэрагу СМІ. Пастанова на вобыск была падпісана 23 лютага 2010 года. Значыць, на выбар канкрэтнага моманту, на канчатковы сігнал для атакі, на падрыхтоўчыя крокі спатрэбілася яшчэ некалькі тыдняў.


З якога ж тады цеста вырасла і дзеля чаго была праведзена гэта яўна дэманстрацыйная аперацыя ператрусаў у рэдакцыях і кватэрах незалежных журналістаў, прычым без бачных пагроз існуючай уладзе знутры? Наадварот, з відавочнай пагрозай атрымаць з боку ЕС у адказ на такія рэпрэсіўныя дзеянні адмову ў новых крэдытах у сукупнасці з магчымым аднаўленнем санкцый.


Зыходная прычына відавочна абумоўлена прэзідэнцкім цыклам. Зачыстка перадвыбарчага поля ад найбольш небяспечных апанентаў. Якімі гэтым разам кіруючай групоўцы бачацца не партыі, не кандыдаты ў прэзідэнты (гэтыя сегменты аслаблены раней), а менавіта незалежныя СМІ. І адначасова гэта прызнанне, што ўлада адчула такія змены ў настроях грамадства, якія, як ёй падаецца, могуць у пэўны момант абярнуцца сацыяльным выбухам. Пад уздзеяннем праўдзівай інфармацыі. Падзеі пачатку 1990-х — страшным прывідам у падсвядомасці.


Вясновае абвастрэнне “палявання на журналістаў аб’ектыўна скіравана на паглыбленне расколу грамадства на сваіх і ворагаў. Бо гэты падзел ёсць культавая рыса аўтарытарнай улады, тым больш адбудаванай па матрыцы савецкай таталітарнай мадэлі. Гэта ўлада не здольная функцыянаваць на прынцыпах дэмакратычнага прымірэння інтарэсаў.


Што ж тычыцца крыніц рэсурсаў, то іх у таталітарных і аўтарытарных рэжымаў усяго тры. Знешняя — праз вайну ці праз атрыманне крэдытаў у абмен на палітычную залежнасць. І дзве ўнутраныя крыніцы — прыродная і сацыяльная. Калі адсутнічаюць знешні і прыродны фактары, такія рэжымы пераключаецца на сацыяльны, гэта значыць, зніжаючы да жабрацтва матэрыяльны ўзровень існавання большасці насельніцтва. Замест сацыяльнага кантракта — сацыяльны бізун.


Пагрозы сацыяльнага выбуху, якія пры гэтым узнікаюць, нейтралізуюцца праз прапаганду, сілавымі метадамі, праз самаізаляцыю краіны. Не выключаны і гандаль суверэнітэтам. А гэта ўсё вымагае максімальнай зачысткі інфармацыйнага поля ад свабоднага слова.


Аднак гісторыя сведчыць: калі ў грамадстве сабралася крытычная маса для перамен, усе гэтыя высілкі — дарэмныя.