Шэсце аднадумцаў
Сёлетнія Дзяды ў Мінску былі традыцыйна не вельмі шматлюднымі. Нягледзячы на тое, што ў заяўцы падавалася колькасць удзельнікаў у пяць тысяч чалавек, наўрад ці сабралося больш за тысячу. Але галоўнае — не колькасць, а якасць.
Гэтую акцыю традыцыйна дазволіў Мінгарвыканкам. Яна прайшла па традыцыйным маршруце, апроч невялікіх карэкціровак, звязаных з рамонтам дарогі і будаўніцтвам развязкі ля Нацыянальнай бібліятэкі. Традыцыйна акцыя скончылася ў Курапатах. Але ёсць і адметнасці, уласцівыя сёлетнім Дзядам.
Найперш, гэта тое, што зараз акцыя адбылася менш палітызавана, чым заўсёды. Падаецца, гэтае шэсце набліжаецца да адвечнай ідэі Дзядоў — менавіта ўшанавання продкаў. Гучных палітычных лозунгаў, нягледзячы на прайшоўшую прэзідэнцкую кампанію, не чулася і не бачылася. Затое новай фішкай сталі партрэты расстраляных у 1937-м годзе прадстаўнікоў беларускай эліты і інтэлігенцыі, якія некаторыя ўдзельнікі неслі ў руках усю дарогу.
Напачатку здзівіла і малая колькасць драўляных крыжоў, якія неслі ўдзельнікі акцыі для таго, каб усталяваць у Курапатах. Звычайна іх не менш дзясятку, а тут было толькі тры. Чаму так адбылося, стала зразумела, калі дайшлі да ўрочышча. Тэрыторыя там ужо вельмі добра дагледжаная — не прайшлі дарэмна шматлікія “талокі ў Курапатах”. На новую змененая нават уваходная шыльда з надпісам “Тут, у лясным масіве Курапаты ,знаходзяцца астанкі ахвяр масавых рэпрэсій 1937 — 1941 гг. Памяць пра іх будзе жыць у нашых сэрцах”. Старая шыльда, дзе гэты надпіс быў выразаны па дрэве, таксама стаіць побач.
Менш было на акцыі і сімволікі палітычных партый. Прынамсі, нягледзячы на поўную вольнасць у выкарыстанні бел-чырвона-белых сцягоў, сцягоў палітычных акцый і кампаній бачна не было. Нават аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», кіраўніцтва якога было на акцыі ледзьве не ў поўным складзе, устрымаўся ад узняцця сваёй сімволікі. Шмат было на акцыі і сяброў «Маладога фронту», але іх даволі нестандартных апошнім часам расцяжак і сімволікі таксама чамусьці заўважана не было. Не думаю, канешне, што гэта была забарона арганізатараў акцыі — Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ, — але факт застаецца фактам.
Абышліся Дзяды і без скандалаў. У той час, як перад прэзідэнцкімі выбарамі апазіцыя перасварылася паміжсобку, можна было чакаць нейкіх «разборак» і высвятлення адносінаў. Не на самай акцыі, канешне, але навокал яе. Тым не менш, сёлета не гучала дэманстратыўных адмоваў ад удзелу, альбо нейкіх іншых «смажаных» заяваў. Ніхто і не спрабаваў расколваць шэсце, заклікаючы ісці на Маскоўскія могілкі альбо некуды яшчэ. Бачна, ліміт розных сварак вычарпаўся падчас ужо згаданай прэзідэнцкай кампаніі.
Асабіста для мяне стала здзіўленнем «гаджэтаванасць» грамадства. Калі раней людзі, знаёмячыся ці зноўку сустракаючыся, казалі пра нумары тэлефонаў, як знайсціся далей, то зараз пайшлі ў выкарыстанне розныя Фэйсбукі ды Твітары. «Знойдземся ў Фэйсбуку», — заўважна новая тэндэнцыя сярод удзельнікаў Дзядоў. Канешне, на акцыі было даволі багата моладзі, але па-ранейшаму асноўны яе касцяк складаюць людзі сталага веку. І чуць такое ад людзей, узрост якіх бліжэй да пенсіі, чым да стыпендыі, неяк нязвыкла.
Шмат хто вёў асабістыя рэпартажы з акцыі ў тых жа фэйсбуках і твітарах, шмат хто рабіў сэлфі, шмат фатаграфавалі ці здымалі відэа на мабільныя тэлефоны. Проста для сябе, на памяць. Тое, што немаладыя ўжо людзі засвойваюць сучасныя тэхналогіі, не можа не радаваць.
Чагосьці чакала і ўлада ад гэтых Дзядоў. Журналісты заўважылі даволі вялікую для такой традыцыйнай акцыі колькасць «схаваных міліцыянтаў». Калону раз-пораз абганялі «аўтазакі», на прылягаючых да Курапатаў тэрыторыі было багата міліцэйскіх аўтобусаў і мікрааўтобусаў з «асабовым складам». Можа быць, на фоне дастаткова радыкальных несанкцыянаваных акцыяў апошніх часоў вырашылі перастрахавацца, каб сёлетнія Дзяды не сталі паўторам 1988-га года?
Але зараз Дзяды — не тое мерапрыемства, дзе робяцца рэвалюцыі. Па папярэдніх звестках, падчас шэсця і мітынгу ніхто затрыманы не быў. Усё скончылася мірна. Я б зазначыў — традыцыйна мірна.