«Сход зрабілі, а дзе ўлады?» Вілейчукі абураныя станам дарог

У Вілейцы мясцовыя ўлады самі прапанавалі правесці грамадскі сход з нагоды крычычнага стану дарог у горадзе, але пасля — перадумалі. Рэпартаж з месца падзеяў.

__kasmetyczny___darozny_remont_logo.jpg

18 жніўня а 17.50 жыхары Вілейкі збіраюцца на сход. Нагодай стала абвестка аб сустрэчы мясцовых жыхароў і гарадскіх уладаў, ЖКХ і выканкаму, каб абмеркаваць сітуацыю з рамонтам дарог. Нехта з мясцовых прыносіць аб’яву: сход адмяняецца па тэхнічных прычынах…
Якія могуць быць прычыны? — здзіўляецца мясцовая жыхарка. — І аб’яву толькі сёння ўдзень павесілі.
Праз 10 хвілін людзей стала значна больш, агулам каля 50 чалавек. Кожны з жыхароў абураны: ані ўладаў, ані абяцанага рамонту няма.

ab_java_pra_admenu_shodu_logo.jpg

«Са мной звязаўся мясцовы жыхар Іван Марынюк, паведаміў пра тое, што ў мікрараёне Волкаўшчына, на вуліцы Каралёва і бліжэйшых завулках, асфальт разбіты, — распавядае Максім Ціханаў, актывіст «Дзеі», — Я напісаў зварот, мясцовыя жыхары, абураныя сітуацыяй, ахвотна ставілі свае подпісы. Пасля таго, як адправілі гэты калектыўны зварот у Вілейскі выканкам, мне патэлефанавала начальнік мясцовай ЖКГ, папрасіла арганізаваць сход. Сход зрабілі, а дзе ўлады? Але мы абмяркоўваем сітуацыю з людзьмі, каб прадумаць план дзеянняў». 

«У вас хоць фрагменты асфальту, а ў нас увогуле нічога…»

З натоўпу чуваць галасы мясцовых жыхароў, кожны скардзіцца на хвалюючыя праблемы — дарогі, адсутнасць ходнікаў. Паралельна ўсплываюць і іншыя праблемы, напрыклад, адсутнасць аптэк у зоне дасяжнасці.
— Дарогі няма, толькі фрагменты асфальту, — кажа нехта.
— У вас фрагменты, а ў нас увогуле нічога, — смяецца, перабіваючы суразмоўцу, мясцовая жыхарка.

Дарогі, якія хутка ператворацца ў напрамкі

Дарогі, якія хутка ператворацца ў напрамкі

Чаму ніхто з прадстаўнікоў мясцовых уладаў не прыйшоў на сустрэчу? Пытанне так і засталося без адказу. Зрэшты, вілейчукі сышліся на адной версіі: гэта сведчанне суцэльнай абыякавасці да жыхароў гораду ды іхных праблем.
Максім Ціханаў мяркуе, што адказ просты: мясцовых кіраўнікоў ніхто не абіраў, яны — прызначэнцы, таму і справаздачыцца перад людзьмі не збіраюцца.

Фота разбітых дарог прынеслі з сабой жыхары Вілейкі

Фота разбітых дарог прынеслі з сабой жыхары Вілейкі


«Яны кожны год такі «рамонт» робяць... пяском»

Праблемы з дарогамі ў раёне цягнуцца ўжо не першы год. Пасля таго, як на пачатку 2010-х правялі ваду і газ, цягнецца перманентны «рамонт»… Плён «рамонту» можна не толькі ўбачыць, але і адчуць, праязджаючы 800 метраў пасля знаку «Вілейка» па разбітай ушчэнт дарозе.
А яны кожны год такі «рамонт» робяць. Засыпаюць калюжыны пяском, зараўняюць — і ўсё, — дадае мясцовы жыхар. — Робяць гэта кожны год, а сэнсу няма, лепей бы адзін раз асфальт паклалі.
Праехаліся па вуліцы Каралёва, завулку Чарнышэўскага. Апынулася, сапраўды вядуцца рамонтныя работы.
Нешта падобнае ўжо было пару дзён таму,  — працягвае вілейчук, — Прывезлі шмат пяску, трамбавалі. А потым… звезлі назад! Ніякі пясок не выратоўвае, дажджом разбівае ўсё.
Максім Ціханаў збіраецца давесці справу з вілейскімі дарогамі да канца:
«Калі мы атрымаем афіцыйны адказ, то будзем пісаць у вышэйшыя інстанцыі. Ініцыятыўная група «Дзеі» яшчэ накіруе зварот у Мінаблвыканкам, бо калі мясцовыя чыноўнікі ігнаруюць падобны сход — гэта адкрытая непавага да суграмадзянаў. Нам важна, каб праблемы насамрэч вырашаліся, а не каб улады для «галачкі» перад сходам раўнялі дарогу, замест таго, каб сапраўды адрамантаваць яе».

Максім Ціханаў з мясцовымі жыхарамі падчас сходу

Максім Ціханаў з мясцовымі жыхарамі падчас сходу