Што казаў палітрук Клачкоў?

Нават самыя блізкія саюзнікі Мінска парушаюць савецкі дагмат трактоўкі Другой сусветнай вайны. Так, казахскія ўлады спрабуюць па-новаму паглядзець на гісторыю панфілаўцаў.



panfilovcy.jpg

Праўда, сам факт подзвігу панфілаўцаў дасюль застаецца прадметам гістарычных спрэчак. Нават у савецкай гістарыяграфіі ёсць тэзіс пра тое, што бой 28 салдат з 316-й дывізіі (камандзір Іван Панфілаў) пад Дубасекева ўвосень 1941-га — адзін з савецкіх міфаў, прыдуманых у тыя драматычныя дні для ўзняцця баявога духу. Пры гэтым сам факт цяжкіх абарончых баёў 316-й стралковай дывізіі на Валакаламскім напрамку ў лістападзе 1941-га не аспрэчваецца.

 

Так ці інакш, у савецкі час гісторыю панфілаўцаў і словы палітрука Клачкова «Вялікая Расія, а адступаць няма куды», ведалі практычна ўсе. Пасля развалу СССР, з улікам пачатку апісанай вышэй дыскусіі, пра подзвіг панфілаўцаў пачалі ка​заць не так часта, як раней. Акрамя Казахстану, дзе культ панфілаўцаў меў асаблівыя лакальныя рысы.

 

Справа ў тым, што фармавалася славутая 316-я дывізія менавіта ў Алма-Аце.Таму мемарыял Славы подзвігу панфілаўцаў у сталіцы Казахскай СССР быў, напэўна, галоўным рэспубліканскім помнікам Другой сусветнай вайны. Шанаваць панфілаўцаў працягвалі і пасля перабудовы. Спробы рэвізіі афіцыйнай трактоўкі былі, аднак дзяржава не дазваляла ніякіх адыходаў ад сімвалу веры: «28 байцоў адбілі атакі пяхоты і 50 танкаў ворага. У няроўнай барацьбе яны амаль усе загінулі, але, знішчыўшы 18 нямецкіх машын, пазіцый не пакінулі. У выніку бою гітлераўцы былі затрыманыя больш чым на 6 гадзін і не здолелі прарваць абарону дывізіі».

 

Аднак цяпер савецкі міф, які так упарта абаранялі казахскія ўлады ад рэвізіяністаў, раптам перастаў падабацца ім самім.

 

У пачатку красавіка савет ветэранаў Алма-Аты прапанаваў змяніць надпіс на мемарыяле Славы героям-панфілаўцам. На думку ветэранаў, да фразы палітрука Васіля Клачкова неабходна дадаць надпіс: «Подзвіг казахстанцаў, якія змагаліся за Радзіму, будзем памятаць вечна». Лідар ветэранаў растлумачыў, што савет ветэранаў такім чынам вырашыў увекавечыць памяць усіх жыхароў рэспублікі, якія прымалі ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне. «З Казахстана на фронт было прызвана каля 1,5 мільёна чалавек. І нідзе пра гэта не гаворыцца», — дадаў галоўны ветэран Казахстана.

 

Раней у СМІ з’явілася інфармацыя пра тое, што ўлады горада маюць намер цалкам пазбавіцца ад фразы Клачкова на помніку, а не дапоўніць яе. У прыватнасці, паведамлялася, што 16 сакавіка нейкія супрацоўнікі дэпартамента ўнутранай палітыкі Алма-Аты абтэлефанавалі ветэранскія арганізацыі горада з просьбай выбраць адзін з трох варыянтаў надпісу, якая будзе размяшчацца на мемарыяле: «Подзвіг казахстанцаў — спадчына для народа, прыклад для пакаленняў», «Вечны спакой героям-казахстанцам!» і «Подзвіг казахстанцаў, якія змагаліся за Радзіму, будзем памятаць вечна».

 

У выніку напярэдадні 9 мая ў Казахстане разгарнулася сапраўдная вайна за фразу Клачкова (дарэчы, крытыкамі афіцыйнай версіі сцвярджаецца, што аўтар фразы — не Клачкоў, а журналіст, які ў 1941 годзе напісаў артыкул пра бой пад Дубасекава).

 

У авангардзе абароны панфілаўцаў выступілі прарасійскія арганізацыі. Так, старшыня Рэспубліканскага славянскага руху «Лад» Максім Крамарэнка лічыць, што «з’яўленне ідэі аб перайменаванні мемарыяла героям-панфілаўцам — не што іншае, як імкненне разбурыць яшчэ існуючыя духоўныя сувязі паміж народамі постсавецкай прасторы. Пад лозунгамі аб неабходнасці выхавання казахстанскага патрыятызму частка казахскай палітычнай эліты спрабуе выдаліць з гісторыі Казахстана старонкі аб станоўчым вопыце знаходжання казахскага народа ў агульных з Расіяй дзяржавах, якімі былі СССР і Расійская імперыя».

 

Звярнулі панславісты ўвагу і на тое, што замах на словы Клачкова адбыўся паралельна з заклікам да выхаду Казахстану з Мытнага саюза. Адсюль на славянафільскіх інтэрнэт-форумах узнікла шалёная думка пра тое, што падкарэктаваць надпіс прыдумала ледзь не сама Хілары Клінтан, якая год таму заявіла пра тое, што ЗША будуць блакаваць усе інтэграцыйныя рухі ў постсавецкай прасторы.

 

Што тычыцца казахскіх апазіцыянераў, то іх меркаванні падзяліліся. Увогуле, нацыяналісты за тое, каб як мага менш узгадваць пра савецкае мінулае і вайну. На іх думку, сам феномен Назарбаева і яго аўтакратыі — гэта прадукт савецкай каланіяльнай сістэмы. Больш ліберальная апазіцыя разглядае гісторыю з помнікам як дэманстрацыю бескантрольнасці рэжыму, які не лічыцца з думкай людзей. Ходзяць чуткі пра тое, што на парк панфілаўцаў паклаў вока сам гарант. Быццам Елбасы хацеў бы бачыць тут помнік самому сабе. Змяненне надпісу на помніку — першы крок для таго, каб зняць з мемарыялу ауру сакральнасці, парушыць табу недатыкальнасці. Наступным крокам можа быць перанос помніка ў іншае месца.

 

Аднак, хутчэй за ўсё, ініцыятыва ветэранаў — чарговая стадыя «казахстанізацыі». З канца нулявых панфілаўцаў у Казахстане пачынаюць разглядаць амаль як казахскі нацыянальны легіён, які служыў у складзе Чырвонай Арміі. Вось як апісвае гісторыю дывізіі адзін з афіцыйных сайтаў: «13 ліпеня 1941-га ў Алма-Аце пачалі фармаваць 316-ю стралковую дывізію. Гэта шматнацыянальнае вайсковае злучэнне на 40 адсоткаў складалася з казахаў». Дадатковым фактарам лічыць панфілаўцаў казахамі стаў іх стыль бою. «Да бою пад Дубасекава немцы сустракалі супраціў пераважна еўрапеізаваных частак Чырвонай Арміі, але тут наткнуліся на жорсткі азіяцкі супраціў».

 

Варыянты неказахскага паходжання панфілаўцаў разглядаюцца як нацыянальная абраза. У 2010 годзе распачаўся амаль дыпламатычны скандал, калі ў Маскве ў ходзе маршу армій краін СНД, у прыватнасці, прадстаўнікоў узброеных сіл Кіргізіі, закадравы дыктарскі голас нечакана выдаў, што менавіта Кыргызстан вядомы легендарнай Панфілаўскай дывізіяй. З улікам апісанай прадгісторыі, цяперашні намер уладаў ператварыць Васіля Клачкова ў казахскага патрыёта — цалкам лагічны і паслядоўны крок. Зрабіць гэта, праўда, пакуль не ўдалося. Шырокая кампанія ў цэнтральных расійскіх СМІ прытармазіла актыўнасць Астаны. Пакуль што мемарыял і надпісы на ім засталіся ў першапачатковым выглядзе. Аднак наўрад ці на гэтым гісторыя закончыцца.

 

Як бачым, фармальная адданасць савецкай гістарычнай схаластыцы Вялікай Айчыннай вайны не перашкаджае постсавецкім нацыянальным элітам прыдумляць абсалютна арыгінальныя канцэпцыі мінулай вайны. А патрыятычная рыторыка — яшчэ адна абавязковая частка афіцыйнай ідэалогіі, уздымае ролю тутэйшых у той вайне проста да гіганцкіх памераў. Тым жа панфілаўцам (чытай казахам) прыпісваюць асноўную ролю ў зрыве фашысцкага бліцкрыгу. Пасля гэтага ўжо не выклікаюць шок пасты ў казахскіх інтэрнэт-форумах а-ля «расіяне, як і амерыканцы, хочуць цалкам прысвоіць сабе перамогу ў ВАВ, хоць увесь Савецкі народ працаваў на фронт, і паміралі ад голаду і холаду ў тыле. Увогуле, большасць заводаў, фабрык і людзей было эвакуіравана ў Казахстан, аднак у СМІ Расіі ўпарта кажуць, што ў ВАВ перамаглі рускія».