Кіеў аддасць газаправоды Газпрому?
Украіна атрымае статус назіральніка ў Мытным саюзе, а яе газавую сістэму будзе кантраляваць Газпром, піша «Коммерсант».
Паводле выдання, такія высновы можна зрабіць пасьля сустрэчы прэзідэнтаў Януковіча і Пуціна ў Сочы. Няма ніводнай афіцыйнай і дакладнай інфармацыі пра тое, аб чым цягам 5 гадзін размаўлялі кіраўнікі краін. Як сцьвярджае «Коммерсант», хутчэй за ўсё Масква пагадзілася на тое, каб Украіна была назіральнікам у Мытным саюзе. Улады ў Кіеве пераконваюць, што гэта не стане перашкодаю для еўрапейскай інтэграцыі.
Віктар Януковіч, сцвярджае расійская газета, пагодзіцца ўтварыць газавы кансорцыум на ўмовах Масквы. Яго ключавым удзельнікам мае быць Газпром. На практыцы ён будзе кантраляваць галоўныя транзітныя газаправоды, а Ўсходнееўрапейская паліўна-энэргетычная кампанія, якая звязана з сям’ёй Віктара Януковіча, пяройме лакальныя газаправоды. Узамен Украіна атрымае таннейшы газ.
Калі апісаны сцэнар стане рэальнасьцю, то гэта можа гэта пагражаць падпісанню дамовы паміж Украінаю і ЕС, дзе гарантуецца свабодны доступ да ўкраінскіх газаправодаў усім удзельнікам рынку.
Аднак, паводле інфармацыйнага агенцтва РОСБАЛТ, гутаркі пра магчымасць допуску каго-небудзь да кіравання газатранспартнай сістэмай Украіны заўчасныя. Пра гэта заявіў міністр энергетыкі і вугальнай прамысловасці Эдуард Ставіцкі.
На думку Сяргея Марцалева, былога кіраўніка выбарчага штаба Мікалая Статкевіча, калі Кіеў сапраўды «здаўся», Юлія Цімашэнка можа выйсці на свабоду, а другую галіну «Ямала» па тэрыторыі Беларусі могуць і не пачаць будаваць.