Сямёнаў падатак плаціць не будзе. А што з астатнімі?
Суд Цэнтральнага раёна
Гомеля спыніў разгляд грамадзянскай справы супраць падатку на дармаедства — «ввиду неподведомственности».

Напярэдадні суда стала
вядома, што Гомельскі гарвыканкам прыняў рашэнне вызваліцьАляксандра Сямёнава
ад выплаты падатка па прычыне знаходжання ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. І нават парпанавалі яму працу вартаўніка. Акрамя
вызвалення ад падатку ў сваім іску Аляксандр патрабаваў прызнаць дэкрэт № 3
неканстутыцыйным.
Гэтым разам на суд
супраць «дармаедскага» дэкрэта прыйшло больш за 200 чалавек. Перад будынкам
суда яны патрабавалі адмены дэкрэту, адстаўкі дзеючага кіраўніка краіны, які
яго прыняў, а таксама распавядалі свае “дармаедскія” гісторыі.

Кагосьці скарацілі, кагосьці звольнілі, хтосьці не можа працаваць па стане здароўя, а групу інваліднасці не даюць… Усе яны былі аб’яднаныя тым, што па нейкіх прычынах не маюць працы і абавязаныя за сплаціць у дзяржаўную казну падатак. І ўсім ім паабяцаў аказаць дапамогу прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасці.


Андрэй Стрыжак (актывіст прафсаюза РЭП):“Менавіта дзякуючы таму, што мы дайшлі да суда, Аляксандру Сямёнаву ўлада прынесла на талерачцы прапанову працаўладкавання і яму адмянілі выплату падатку. Кожнаму, хто да нас звернецца, мы можам дапамагчы і правесці судовую справу так жа як справу Аляксандра Сямёнава. Безумоўна, няма ніякіх гарантый, але мы будзем рабіць усё, каб вызваліць ад падатку кожнага, хто прыйдзе да нас”.

Прадстаўніцы патакавай інспекцыі
Нягледзячы на абяцанні
знайсці залю, якая б змясціла ўсіх жадаючых, у гэты раз судовы працэс адбываўся
ў тым жа памяшканні, што і ў мінулы. Таму большая частка людзей засталася за
дзвярамі судовай залі і на ганку будынка. Хадайніцтвы пра фота і відэаздымку
суд не задаволіў, бо супраць гэтага выказаліся прадстаўнікі падатковай
інспекцыі, якія прадстаўлялі бок адказчыка.

Леанід Судаленка і Аляксандр Сямёнаў
Паколькі гомельскі гарвыканкам ужо вызваліў Сямёнава ад выплаты падатку, асноўны час пасяджэння суд прысвяціў разгляду пытання аб адпаведнасці дэкрэта №3 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
У абгрунтаванні сваёй пазіцыі прадстаўнікі падатковай цытавалі падатковы кодэкс, а таксама артыкул 56 канстытуцыі, у якім гаворыцца, што грамадзяне павінны ўдзельнічаць у фінансаванні дзяржаўных расходаў. Таксама яны настойвалі на тым, што дэкрэт № 3 не супярэчыць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, а таксама міжнародным прававым дакументам.

Пазіцыя заяўніка ж палягала ў тым, што дэкрэт №3 усё ж супярэчыць Канстытуцыі і парушае яе артыкул №41, у якім кожнаму беларусу гарантуецца права на свабодную працу, а таксама на магчымасць працаздольнага грамадзяніна не займацца працоўнай дзейнасцю. Прадстаўнік заяўніка прававы інспектар прафсаюза РЭП настойваў, што кожны грамадзянін, які набывае нешта ў краме, аўтаматычна становіцца падаткаплацельшчыкам.
Выслухаўшы бакі суд прыняў рашэнне спыніў справу, бо яна знаходзіцца ў кампетэнцыі Канстытуцыйнага, а не Гомельскага абласнога суда.

Прававы інспектар незалежнага прафсаюза РЭП Леанід Судаленка заўважыў, што ўлада вызваліла толькі аднаго чалавека, але за яго спінай стаяць яшчэ 420 тысяч чалавек, якія таксама вымушаныя будуць звяртацца ў суд.

