Марш абураных, або Хто рэальны ўтрыманец

Пакуль прадстаўнікі ўлады ўпарта працягваюць заяўляць пра тое, што за ўсё трэба плаціць, варта разабрацца ў тым, хто сапраўдны дармаед і чым так раззлаваныя тыя, каго дзяржава аднесла да катэгорыі сацыяльных утрыманцаў.

homel_marsh_nedarmaedau_4041_logo_1.jpg

Каб пазбегнуць непаразумення, прыгадаем, каго прынята называць утрыманцам. Утрыманец — асоба, якая знаходзіцца на працяглым ці сталым матэрыяльным або грашовым забеспячэнні з боку іншых асоб.

З агульнага вызначэння становіцца зразумела, што беларускім грамадзянам, прызнаным утрыманцамі, ставіцца ў віну тое, што яны знаходзяцца на матэрыяльным забеспячэнні ў дзяржавы.

Беларуская падатковая сістэма пабудавана такім чынам, што любы грамадзянін, які аплачвае пакупкі, аўтаматычна частку сродкаў адрасуе дзяржаўнаму бюджэту. Такім чынам, усе грамадзяне, незалежна ад таго, працуюць яны ці не, у той ці іншай меры ўдзельнічаюць у фарміраванні беларускага бюджэту. Сама сітуацыя, калі атрымальнік сродкаў называе частку плацельшчыкаў утрыманцамі па прычыне ўяўнай яму недастатковасці фінансавання, здаецца абсурднай.

У той жа час кожны беларус зможа прывесці прыклады, калі менавіта дзяржава не спраўляецца з пакрыццём выдаткаў і просіць матэрыяльнай падтрымкі з боку сваіх грамадзян. Прыгадаем самыя распаўсюджаныя сітуацыі.

homel_marsh_nedarmaedau_4015_logo_1.jpg

Абавязковая праца

Ключавым момантам аднясення грамадзян да катэгорыі сацыяльных утрыманцаў з'яўляецца мінімальна неабходны перыяд працаўладкавання. Пры гэтым сама дзяржава пастаянна выкарыстоўвае бясплатную працу сваіх грамадзян. У першую чаргу, гаворка пра суботнікі, калі работнікі прадпрыемстваў выходзяць на працу, не атрымліваючы за гэта ні капейкі. Сюды ж можна аднесці ўдзел ва ўрачыстых мерапрыемствах, які з'яўляецца добраахвотна-прымусовым, але зусім не аплачваецца.

Але яшчэ больш паказальным з'яўляецца прыклад беларускіх беспрацоўных, якія для знаходжання ў афіцыйным статусе беспрацоўнага павінны працаваць у сярэднім па два дні на месяц. Па форме гэта вельмі падобна на грамадскія работы, якія ва ўсім свеце прынята разглядаць як пакаранне для тых, хто правініўся.

У гэтай сувязі справядліва ўзнікае пытанне: "Калі дзяржава лічыць, што непрацуючыя грамадзяне павінны мець нейкі афіцыйны статус, то чаму яна стварае зневажальныя ўмовы для зарэгістраваных беспрацоўных?»

homel_marsh_nedarmaedau_4251_logo_1.jpg

Пошук працы

Беларускія цэнтры занятасці не ў стане працаўладкаваць усіх беспрацоўных грамадзян у адпаведнасці з іх кваліфікацыяй.

Калі б усе 440 тысяч меркаваных утрыманцаў сталі на ўлік у службе занятасці, то гэта выклікала б калапс усёй сістэмы. А значыць, знаходжанне гэтых грамадзян у самастойным пошуку працы эканоміць значныя бюджэтныя сродкі.

У выніку ж дзяржава, пазбавіўшыся ад неабходнасці пошуку працы для вялізнай часткі непрацаздольных грамадзян, выстаўляе ім рахунак за нязробленую ўласную працу.

Служба ў арміі

Беларусь нават ва ўмовах складанай геапалітычнай абстаноўкі не можа дазволіць сабе ўтрымліваць паўнавартасную прафесійную армію. Маладыя людзі, якія праходзяць тэрміновую службу, церпяць розныя пазбаўленні за сімвалічную плату. Ваеннаабавязаных перыядычна адрываюць ад сям'і і працы, для таго, каб яны замест кантрактнікаў падтрымлівалі баяздольнасць беларускай арміі.

Відавочна, што любы беспрацоўны, які адслужыў тэрміновую службу, мае права сказаць у адрас дзяржавы: «Калі я бясплатна служыў, вы называлі гэта абавязкам, а калі я страціў працу, вы назвалі мяне ўтрыманцам».

homel_marsh_nedarmaedau_4185_logo_1.jpg

Дабрачыннасць

У Беларусі, як і ў любой іншай краіне свету, развітая дабрачыннасць. Беларуская сістэма аховы здароўя не прадугледжвае фінансаванне дарагога лячэння. Людзям, якія трапілі ў бяду, дабрачыннымі ўнёскамі дапамагаюць неабыякавыя суграмадзяне.

Тыя, у каго ёсць дзеці, рэгулярна ўдзельнічаюць у зборы сродкаў на ўтрыманне дзіцячых садоў і школ, таму што на гэта не хапае бюджэтнага фінансавання. У такіх выпадках ніхто не цікавіцца памерам даходаў донара і паходжаннем гэтых сродкаў.

Відавочна, што цяпер частка бацькоў будзе мець права заявіць: «Мяне дзяржава прызнала ўтрыманцам, прымусіла аплаціць збор, таму хай за гэтыя грошы і ажыццяўляе неабходны рамонт».

Пенсія

Адначасова з палітыкай стрымання сацыяльнага ўтрыманства дзяржава запусціла пенсійную рэформу. У выніку па беларусах, якія маюць праблемы з працаўладкаваннем, быў нанесены двайны ўдар. З аднаго боку, іх пазбавілі магчымасці атрымання пенсіі па ўзросце, у выпадку, калі яны не адпрацуюць мінімальны 20-гадовы страхавы стаж. А з другога боку — іх яшчэ і абавязалі плаціць збор за час працоўнага прастою.

Акрамя таго дзяржава павысіла пенсійны ўзрост, тым самым яшчэ больш абясцэніўшы пенсійныя адлічэнні грамадзян. Прычынай быў названы недахоп фінансавання. Аднак незразумела, чаму недахоп фінансавання павінны аплачваць яшчэ і тыя, хто ў сувязі з праведзенымі рэформамі пенсію па ўзросце не атрымае зусім. Цалкам відавочна, што прыняты Дэкрэт №3 у корані супярэчыць рэформе пенсійнай сістэмы.

marsz_nedarmaedau__33__logo_1.jpg

Аклад

Аналіз вакансій, якія размяшчаюцца беларускімі цэнтрамі занятасці, паказвае, што большасць з іх прапануе мінімальна дапушчальны ўзровень аплаты працы. Разам з тым, многія часовыя работы грамадзян, напрыклад, у будаўніцтве або лесанарыхтоўцы, прыносяць значна большы даход дзяржаве ў выглядзе падаткаў, чым праца супрацоўніка на неэфектыўным прадпрыемстве на працягу ўсяго каляндарнага года.

У краіне вялікая колькасць дзяржаўных прадпрыемстваў, якія не толькі не могуць забяспечыць работнікам годны ўзровень аплаты працы, але яшчэ і атрымліваюць субсідыі з дзяржаўнага бюджэту.

Калі дзяржава мае права называць сезонных работнікаў утрыманцамі, то тады трэба прызнаць, што дзяржаўныя прадпрыемствы і іх кіраўнікі, якія не ў стане забяспечыць нармальны аклад сваім работнікам, таксама для іх з'яўляюцца ўтрыманцамі.

Выхаванне дзяцей

Дзеці да 18 гадоў, як вядома, з'яўляюцца ўтрыманцамі сваіх бацькоў. І ў гэтым крыецца сур'ёзная неспадзяванка. Пакуль грамадзянін працуе, падатковыя органы прызнаюць у іх наяўнасць дзяцей на ўтрыманні. А калі грамадзянін губляе працу, утрыманцам прызнаецца ён сам. За што павінен пералічваць дзяржаве частку тых грашовых сродкаў, якія маглі быць выдаткаваныя на дзяцей. Гэта значыць, па сутнасці, дзяржава забірае грошы ў дзяцей, якія знаходзяцца на ўтрыманні, і аддае іх на нейкія іншыя патрэбы.

Час сумленна прызнаць: дзяржава, якая забірае грошы ў дзяцей на іншыя патрэбы, не мае права называцца сацыяльна арыентаванай.

homel_marsh_nedarmaedau_4163_logo_1.jpg


***

Як бачым, пошук утрыманцаў у беларускім грамадстве прыводзіць да зусім процілеглых высноў адносна таго, хто з'яўляецца рэальным утрыманцам.
Усталёўваючы збор на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў, размеркавальнікі бюджэту паказваюць на недастатковасць фінансавання з боку асобных грамадзян. Аднак для таго, каб высветліць, хто, каму і колькі павінен, спачатку неабходна выставіць узаемныя патрабаванні.

Здаровы сэнс падказвае, што дзяржава як атрымальнік сродкаў павінна прад'явіць плацельшчыку рахунак за аказаныя паслугі. Пры гэтым у плацельшчыка павінна быць права адмовіцца ад аплаты не патрэбных яму паслуг.

Пакуль жа дзяржава не створыць празрыстую бюджэтную сістэму, менавіта чыноўнікі будуць успрымацца як утрыманцы на шыі ў народа.