Сяргей Дылеўскі працягне ўдзельнічаць у дзейнасці Каардынацыйнай рады
Сябра прэзідыюма Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў
Беларусі, кіраўнік страйкаму Менскага трактарнага заводу Сяргей Дылеўскі, які
вызваліўся 18 верасня пасля 25-сутачнага адміністрацыйнага арышту, мае намер
працягнуць удзел у дзейнасці рады, паведамляе Радыё Свабода.
У гутарцы з БелаПАН Дылеўскі распавёў, што кіраўніцтва МТЗ, дзе ён працуе
тэрмістам мэханічнага цэху, пасля арышту ніякіх санкцый да яго не ўжывала.
«Сям’я была вельмі радая, што мяне нарэшце вызвалілі, з працай таксама ўсё нядрэнна, — сказаў ён. — За дні, што я адсутнічаў, дакументы падалі, што я знаходзіўся пад арыштам. І ўсё, па працы да мяне пытанняў няма. Ніякіх рэпрэсій, ніякіх прэтэнзій кіраўніцтва мне не прад’яўляла. Па працоўных ўмовах для мяне нічога не змянілася, усё ў парадку».
На пытанне, ці мае намер ён і далей браць удзел у працы КР, Дылеўскі адказаў: «Так, планую займацца па прафсаюзнай лініі — дапамогай работнікам усіх сфэр дзейнасці па працоўных пытаннях».
Паводле кіраўніка страйкаму МТЗ, ён кантактуе з іншымі сябрамі прэзідыума КР
«праз трэціх асоб».
Сяргей Дылеўскі быў затрыманы 24 жніўня каля прахадной МТЗ, куды прыйшоў
падтрымаць рабочых разам з яшчэ адным сябрам прэзідыума КР Вольгай Кавальковай,
за нібыта несанкцыянаванае масавае мерапрыемства (арт. 23.34 КаАП) і непадпарадкаванне
патрабаванням міліцыі (арт. 23.4 КаАП). 25 жніўня ў судзе Заводзкага раёна
Менска Дылеўскі і Кавалькова былі асуджаныя на 10 сутак арышту.
3 верасня кіраўнік страйкаму МТЗ павінен быў выйсці на волю, аднак у той жа дзень у судзе Цэнтральнага раёну сталіцы яго прызналі вінаватым па арт. 23.34 КаАП — за ўдзел у шматтысячнай дэманстрацыі ў Менску 23 жніўня — і пакаралі 15-сутачным арыштам.
У цяперашні час з сямі сябраў прэзідыюму КР на свабодзе і ў Беларусі застаюцца толькі Сяргей Дылеўскі і нобэлеўская ляўрэатка Святлана Алексіевіч, астатнія — альбо арыштаваныя па крымінальных справах, або змушаныя былі пакінуць Беларусь.
У ліку апошніх — Вольга Кавалькова, якую вывезлі з краіны ў ноч на 5 верасня проста з ізалятара, дзе яна, як і Дылеўскі, адбывала чарговы адміністрацыйны арышт.
Каардынацыйная рада была створаная па ініцыятыве экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Святланы Ціханоўскай, якая цяпер знаходзіцца ў Літве. Першае яе пасяджэнне прайшло 19 жніўня. На наступны дзень Генпракуратура паведаміла, што па факце стварэння і дзейнасці рады распачатая справа па арт. 361 КК (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы).
Абвінавачванне ў рамках гэтай крымінальнай справы прад’яўлена сябрам прэзідыюму
КР Марыі Калеснікавай і Максіму Знака, а таксама аднаму з адвакатаў Калеснікавай
Ільлі Салею. Яны ўтрымліваюцца пад вартай.